- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя на тэму арганізацыі і правядзення святочных мерапрыемстваў у краіне і горадзе Мінску, прымеркаваных да Дня Перамогі. Асаблівая ўвага на мерапрыемстве была ўдзелена сацыяльнай абароне ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
На пытанні журналістаў адказаў начальнік аддзела ўпраўлення інфармацыі палкоўнік Аляксандр Кісель. Традыцыйна самы актыўны ўдзел у святкаванні Дня Вялікай Перамогі прымаюць ваеннаслужачыя Узброеных Сіл.
Палкоўнік Аляксандр Кісель:
— Міністрам абароны прынята рашэнне толькі ў Мінску разгарнуць 11 ваенна-тэматычных пляцовак. Гэта паркі Перамогі, імя Паўлава, імя Горкага, імя Уга Чавеса, Курасоўшчына, Лошыцкі парк, сквер імя Мулявіна, пляцоўкі каля Чыжоўка-Арэны, Першага нацыянальнага гандлёвага дома, Яблыневы сквер і стадыён у ваенным гарадку мікрараёна Уручча. Яшчэ адна, дванаццатая пляцоўка, будзе разгорнута каля Кургана Славы.
На ваенна-тэматычных пляцоўках будуць прадстаўлены сучасныя ўзоры ўзбраення, ваенная і спецыяльная тэхніка. Госці мерапрыемства змогуць азнаёміцца з новымі зенітнымі ракетнымі комплексамі, бранетранспарцёрамі, рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, ракетнымі комплексамі — усе найноўшыя ўзоры ўзбраення, якія ёсць на ўзбраенні беларускай арміі, будуць прадстаўлены на тэматычных пляцоўках, разгорнутых абаронцамі Айчыны.
Акрамя таго, будуць прадстаўлены ўзоры формы адзення, экіпіроўкі. Таксама будзе арганізавана работа выставак і прафарыентацыйных пляцовак, фотазон, работа выстаўкі музейных экспанатаў. Ваенныя кінолагі і іх чацвераногія сябры падрыхтавалі сваю ўнікальную праграму.
Таксама выступяць ваенныя артысты, аркестры і творчыя калектывы. Больш падрабязная інфармацыя пра дакладны час працы, што канкрэтна будзе размяшчацца на той ці іншай пляцоўцы, будзе прадстаўлена на сайце Міністэрства абароны, дзе кожны зможа азнаёміцца з падрабязнай праграмай.
На пляцоўках традыцыйна мы пачастуем усіх жадаючых смачнай і сытнай салдацкай кашай. Варта адзначыць, што на ваенна-тэматычныя пляцоўкі прыходзяць цэлымі сямейнымі дынастыямі. Калісьці прыходзіў паглядзець на тэхніку маленькім хлопчыкам, а ўжо летась прыйшоў на свята будучы сувораўцам.
У гэты дзень наша галоўная задача не толькі захаваць памяць і традыцыі, якія нам перадало гераічнае старэйшае пакаленне, але і прывіць гэтыя традыцыі самым юным і маленькім беларусам.
Напярэдадні аднаго з галоўных святаў у нашай краіне хачу адзначыць, што Узброеныя Сілы ў святочныя дні будуць выконваць сваю галоўную задачу — забеспячэнне мірнага неба Беларусі — весці баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне, узмацняць участкі дзяржаўнай граніцы, выконваць іншыя вучэбна-баявыя задачы.
Таксама ў гэтыя дні Міністэрства абароны і асабовы склад Узброеных Сіл ва ўсіх гарнізонах краіны віншуюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Улічваючы іх паважны ўзрост, стан здароўя, мы арганізавалі адраснае віншаванне: створаны спецыяльныя «брыгады», у якія ўваходзяць ваеннаслужачыя, артысты, творчыя калектывы. У дварах, дзе жывуць ветэраны, яны выконваюць любімыя музычныя кампазіцыі, віншуюць іх з надыходзячым Днём Перамогі. Такім чынам, праходзіць віншаванне нашых заслужаных ветэранаў і герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Таму мы запрашаем усіх адсвяткаваць свята разам. Прыходзьце на нашы мерапрыемствы. Вас чакаюць добры настрой, эксклюзіўная праграма. А самыя актыўныя ўдзельнікі атрымаюць каштоўныя падарункі ад ваеннага ведамства. Прыходзьце, давайце святкаваць свята разам!
Старшы лейтэнант Яўген Лапушка, фота Уладзіміра Блінова