- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
У Цэнтральным Доме афіцэраў праходзіць штогадовы брыфінг начальніка Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочніка Міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёра Валерыя Равенкі.
Мэта брыфінгу — інфармаванне прадстаўнікоў узброеных сіл замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, аб актуальных пытаннях ваеннай палітыкі, будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл.
На мерапрыемстве разгледзяць асаблівасці аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, тэхнічнага перааснашчэння войск, развіцця сістэмы ваеннай адукацыі, міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва.
Важным момантам стане асвятленне поглядаў кіраўніцтва беларускага абароннага ведамства на развіццё ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце і Еўрапейскім рэгіёне.
***
Галоўнае з заяў начальніка Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёра Валерыя Равенкі на брыфінгу:
Ваенна-палітычная абстаноўка
Генерал-маёр Валерый Равенка заявіў, што адкрытасць у ваеннай сферы, прадастаўленне дакладнай інфармацыі аб Узброеных Сілах, гатоўнасць да дыялогу па ваеннай лініі — гэта не слабасць, а механізм зніжэння напружанасці.
— Гэта праява адказнасці не толькі перад сваім народам, але і перад народамі іншых краін, перш за ўсё суседніх. Там, дзе ёсць адкрытасць і дыялог, сіла сапраўды становіцца фактарам стабільнасці, а не рызыкі.
Генерал-маёр Валерый Равенка адзначыў, што бягучыя ваенна-палітычныя працэсы, іх імклівае развіццё і непрадказальнасць не дазваляюць ніводнай дзяржаве адчуваць сябе неўразлівай і абароненай:
— Працягваецца знішчэнне сістэмы міжнароднай бяспекі. Фактычна разбураны рэжымы ядзернага стрымлівання, нераспаўсюджвання сістэм узбраення і транспарэнтнасці ваеннай дзейнасці. Дзеючыя міждзяржаўныя інстытуты больш не выконваюць сваю стабілізуючую функцыю і не забяспечваюць работу эфектыўных дыялогавых пляцовак па праблемах бяспекі. Глабальная напружанасць расце і, больш за тое, набывае некантраляваны характар.
Сусветная палітыка вызначаецца бязлітаснай канкурэнцыяй асобных дзяржаў і іх саюзнікаў, якія змагаюцца не столькі за тэрыторыі, колькі за магчымасць кіравання энергетычнымі, фінансавымі і лагістычнымі патокамі, за кантроль над перадавымі тэхналогіямі і над свядомасцю цэлых народаў.
Сучасная вайна набывае сапраўды шматсферны і гібрыдны характар, што робіць яе яшчэ больш небяспечнай. Генерал-маёр Валерый Равенка адзначыў, што Еўрапейскі рэгіён ператварыўся ў адзін з асноўных тэатраў стратэгічнага суперніцтва. Еўропа страціла статус тэрыторыі з нізкай верагоднасцю буйнамаштабнай вайны, а на яго фарміраванне і падтрыманне спатрэбіліся дзесяцігоддзі.
Вынікі і ўрокі Другой сусветнай вайны, на жаль, аказаліся хутка забытымі. Паралельна ідуць наступныя працэсы: ваенна-палітычная палярызацыя Еўропы; татальная мілітарызацыя; разбурэнне механізмаў стратэгічнай стабільнасці і кантролю над узбраеннямі.
Трансфармацыю з абарончага саюза ў інструмент ціску і застрашвання працягвае ажыццяўляць НАТА. Пры гэтым і Еўрапейскі саюз усё больш актыўна выступае за ўмацаванне свайго статусу як ваенна-палітычнага актора.
— Растуць ваенныя бюджэты і выпуск прадукцыі ваеннага прызначэння. Фарміруюцца стратэгічныя запасы, — дабавіў генерал-майор Валерый Равенка. — Адбываецца перагляд заканадаўства, якое тычыцца ваеннай службы і мабілізацыі. Еўропа фактычна ўступіла ў фазу стварэння эканомікі ваеннага часу, няхай і не ў яе класічным разуменні.
У нашым рэгіёне зноў узрастае роля ядзернага стрымлівання, а таксама высокадакладнай неядзернай зброі сярэдняй далёкасці. Усё гэта азначае пераход ад мірнага суіснавання да канцэпцыі працяглага супрацьстаяння.
Валерый Аляксандравіч падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў нармалізацыі сітуацыі ў сферы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, у аднаўленні парадку адзінага для ўсіх. Парадку, які ўлічвае інтарэсы народаў, які спрыяе росту дабрабыту і забяспечвае мірнае суіснаванне.
Будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл у 2021–2025 гг.
План будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2021–2025 гады прадугледжваў прыярытэтнае развіццё сістэм кіравання, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, супрацьпаветранай абароны, воінскіх часцей і падраздзяленняў ракетных войск і артылерыі.
Ва Узброеных Сілах адбылося павелічэнне колькасці баявога кампанента, павысілася гатоўнасць і здольнасць выконваць задачы па прызначэнні складам мірнага часу ў любых умовах абстаноўкі.
У сілах спецыяльных аперацый Узброеных Сіл пачата фарміраванне яшчэ аднаго дэсантнага злучэння.
Працягваецца інтэнсіўнае нарошчванне беспілотнай авіяцыі Узброеных Сіл, развіццё яе разведвальнага і ўдарнага кампанентаў.
Павялічана колькасць падраздзяленняў беспілотнай авіяцыі не толькі ў воінскіх часцях спецыяльнага прызначэння, але і ў кожнай механізаванай і дэсантнай брыгадзе, дзе сфарміраваны падраздзяленні ўдарных беспілотных авіяцыйных комплексаў.
Вялікае значэнне надаецца перааснашчэнню і пераўзбраенню Узброеных Сіл, мадэрнізацыі і капітальнаму рамонту ўзораў узбраення і ваеннай тэхнікі.
За мінулы навучальны год праведзена закупка і пастаўка ў войскі больш за 75 тысяч адзінак розных узбраенняў, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, ваенна-тэхнічнай маёмасці шырокага спектра прызначэння: шматмэтавых самалётаў Су-30СМ2, верталётаў Мі-35М, ЗРК «Тор-М2», радыёлакацыйных комплексаў і іншых. У 2025 годзе працягнецца работа па тэхнічнай мадэрнізацыі, закупцы і пастаўцы ў войскі новых узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.
Неад’емным кампанентам паспяховага выканання задач і развіцця ўзброеных сіл любой дзяржавы з’яўляецца падрыхтоўка высокапрафесійных афіцэрскіх кадраў. У сувязі з гэтым працягваецца ўдасканаленне вывучкі ваенных спецыялістаў. Акрамя таго, магчымасці беларускай сістэмы ваеннай адукацыі даступныя і для замежных ваеннаслужачых.
Аб перспектывах міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва:
— Ва ўмовах бягучай глабальнай і рэгіянальнай турбулентнасці будаўніцтва і развіццё ўзброеных сіл любой дзяржавы немагчыма разглядаць у адрыве ад ваеннага супрацоўніцтва. Змяненне характару ўзброенай барацьбы, узаемная залежнасць у ваенных тэхналогіях аб’ектыўна фарміруюць новае асяроддзе бяспекі, у якім большасць краін не здольныя вырашаць задачы абароны, выкарыстоўваючы выключна ўласныя рэсурсы і магчымасці.
Генерал-маёр Валерый Равенка абазначыў прыярытэтныя на гэты момант напрамакі міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва:
- падтрыманне стратэгічнага ўзроўню супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй;
- шматбаковае ваеннае супрацоўніцтва ў рамках АДКБ, СНД і ШАС, супрацоўніцтва з іх дзяржавамі-ўдзельніцамі на двухбаковай аснове;
- развіццё стратэгічнага партнёрства з Кітайскай Народнай Рэспублікай;
- ваеннае супрацоўніцтва з краінамі Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі;
- аднаўленне канструктыўнага ўзаемадзеяння па ваеннай лініі з краінамі Еўрапейскага рэгіёну і з ЗША.
Валерый Аляксандравіч адзначыў, што ў 2026 годзе на тэрыторыі нашай дзяржавы спланавана правядзенне шэрага штогадовых вучэнняў: камандна-штабное вучэнне з Міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва — 2026», спецыяльнае вучэнне з сумесным фарміраваннем РХБ абароны і медыцынскага забеспячэння АДКБ «Бар’ер-2026». Акрамя таго, прадугледжаны ўдзел беларускіх ваеннаслужачых у вучэннях на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі: камандна-штабное вучэнне з КСАР АДКБ «Узаемадзеянне-2026»; спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі разведкі «Пошук-2026»; спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Калектыўных сіл АДКБ «Эшалон-2026».
Адзначана, што Расійская Федэрацыя заканамерна займае асаблівае месца ў міжнародным ваенным супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь. На гэты напрамак на працягу многіх гадоў прыпадае каля 40% ад агульнай колькасці мерапрыемстваў супрацоўніцтва. Акрамя таго, Расія з’яўляецца асноўным партнёрам у пастаўках прадукцыі ваеннага прызначэння, у рамонце і мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія знаходзяцца на ўзбраенні ў беларускіх Узброеных Сілах.
Гаворачы аб міжнароднай бяспецы, генерал-маёр Валерый Равенка падкрэсліў, што наша дзяржава зацікаўлена ў стварэнні эфектыўных сістэм глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, якія дазвалялі б папярэджваць само ўзнікненне міждзяржаўных супярэчнасцей:
— Палітыка-дыпламатычныя рашэнні могуць быць знойдзеныя для ўсіх праблем. Сучасная гісторыя неаднаразова даказвала, што там, дзе ёсць узаемапаважлівыя зносіны і супрацоўніцтва, рызыка эскалацыі напружанасці мінімальная. Свет стаў цясней, чым калі-небудзь.
Нацыянальная бяспека любой дзяржавы звязана з міжнароднай, а міжнародная бяспека — гэта наша агульная калектыўная адказнасць. Забяспечыць бяспеку сёння — гэта не проста гарантаваць адсутнасць вайны, гэта закласці фундамент устойлівага развіцця, пэўны стандарт жыцця людзей: магчымасць працаваць, вучыцца і будаваць планы на будучыню.
Вікторыя Вайцяшонак, «Ваяр», фота Уладзіміра Блінова