- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Крамлі.
Уладзімір Пуцін падчас размовы ў фармаце «адзін на адзін» павіншаваў беларускага калегу з перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Беларусі і заўважыў, што краінай для першага візіту стала Расія.
«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вельмі рады Вас бачыць. Вельмі прыемна, што Вы свой першы візіт пасля перавыбрання ў якасці Прэзідэнта Беларусі вырашылі нанесці менавіта ў Расію», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў аб народнай падтрымцы ў Беларусі курсу на супрацоўніцтва з Расіяй, што ў тым ліку прадэманстравалі і вынікі мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
***
Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін па выніках перагавораў у Маскве падпісалі сумесную заяву.
У дакуменце адзначаецца, што перагаворы прайшлі ў атмасферы дружбы, узаемаразумення і даверу, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі спектр актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня і перспектыўныя напрамкі далейшага развіцця маштабнага беларуска-расійскага супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пацвердзілі саюзніцкі характар адносін паміж Беларуссю і Расіяй і нязменнасць курсу на пашырэнне стратэгічнага партнёрства ва ўсіх сферах.
Прэзідэнты заклікалі да далейшага развіцця міжпарламенцкіх і міжпартыйных сувязяў, павышэння ролі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Лідары дзвюх краін падтрымліваюць пашырэнне міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва.
У дакуменце таксама гаворыцца пра важнасць пашырэння гуманітарных сувязяў і супрацоўніцтва, асаблівае значэнне сумесных намаганняў па патрыятычным выхаванні моладзі, а таксама па барацьбе з гераізацыяй нацызму і фальсіфікацыяй гісторыі.
Лідары краін пацвердзілі нацэленасць на паступальнае інтэграцыйнае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, умацаванне яго эканамічнага і тэхналагічнага патэнцыялу, фарміраванне агульных прастор у сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай, абароннай, міграцыйнай, інфармацыйнай і іншых сферах, выраўноўванне правоў і свабод грамадзян і ўмоў дзейнасці гаспадарчых суб’ектаў дзвюх краін.
«Бакі працягнуць нарошчваць сумесныя намаганні па эфектыўным рэагаванні на сучасныя выклікі і пагрозы ў мэтах умацавання бяспекі Беларусі і Расіі ў рамках агульнай абароннай прасторы Саюзнай дзяржавы», - гаворыцца ў заяве.
***
Адбыўся абмен граматамі аб ратыфікацыі Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, які пасля гэтага ўступіў у сілу.
У сумеснай заяве Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін адзначылі, што новыя ваенна-палітычныя рэаліі ствараюць неабходнасць фарміравання ўстойлівай сістэмы еўразійскай бяспекі, і ў тым ліку заклікалі іншыя краіны падтрымаць ініцыятыву аб распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. У знешняй палітыцы Беларусь і Расія маюць намер садзейнічаць далейшаму фарміраванню шматпалярнай сістэмы міжнародных адносін, заснаванай на ўзаемнай павазе інтарэсаў і калектыўным вырашэнні міжнародных праблем.
У дакуменце таксама ўдзелена ўвага супрацоўніцтву ў рамках інтэграцыйных структур, гаворыцца пра намаганні па паглыбленні інтэграцыйных сувязяў і ўзаемадзеяння ў СНД і Еўразійскім эканамічным саюзе. Расія падзяляе і падтрымлівае прыярытэты старшынства Беларусі ў органах ЕАЭС у гэтым годзе.
Кіраўнікі дзяржаў прызнаюць вядучую ролю АДКБ у забеспячэнні рэгіянальнай стабільнасці і падкрэсліваюць нацэленасць на далейшае ўдасканаленне сістэмы калектыўнай бяспекі, у тым ліку ў рамках будучага старшынства Расіі ў АДКБ у 2026 годзе.
Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва Беларусь і Расія разглядаюць як аснову для фарміравання архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі ў Еўразіі. Краіны маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў рамках ШАС у сферах палітыкі, эканомікі і гуманітарных сувязяў.
Кіраўнікі дзяржаў, вітаючы атрыманне Беларуссю ў 2024 годзе статусу дзяржавы – партнёра БРІКС, дамовіліся праводзіць рэгулярны абмен думкамі па пытаннях супрацоўніцтва ў рамках аб’яднання і выбудоўваць сістэмнае ўзаемадзеянне з ім Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнты Беларусі і Расіі захоўваюць прыхільнасць ідэі гарманізацыі інтэграцыйных працэсаў у ходзе ініцыятывы Вялікага Еўразійскага партнёрства, уключаючы лібералізацыю гандлёвых адносін, сумеснае развіццё транспартна-лагістычнай інфраструктуры і іншых сфер эканамічнага супрацоўніцтва.
Бакі маюць намер умацоўваць каардынацыю ў органах і структурах ААН, працягнуць супрацоўніцтва ў мэтах умацавання міжнароднага рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі.
Беларусь і Расія таксама пацвердзілі агульнасць падыходаў да забеспячэння бяспекі інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы і ўмацавання яе тэхналагічнага суверэнітэту ў мэтах развіцця. Бакі зробяць неабходныя захады ў мэтах хутчэйшага пачатку працы медыякампаніі Саюзнай дзяржавы.
У сумеснай заяве таксама асуджаецца санкцыйная палітыка ў розных яе формах. Падкрэсліваецца, што аднабаковыя прымусовыя меры, якія прымаюцца ў абыход рэзалюцый Савета Бяспекі ААН, з’яўляюцца незаконнымі.
***
Гаворачы аб будучых мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для беларусаў вялікі гонар прыняць удзел 9 мая ў юбілейным Парадзе Перамогі на Краснай плошчы.
«Мы памятаем і шануем гераічны подзвіг савецкага народа, нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Галоўнае сёння – быць годнымі іх памяці, не дапусціць рэабілітацыі нацызму і перапісвання гісторыі», – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Фота з афіцыйнага інтэрнэт-партала Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь