У асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь свой выбар робяць і беларускія ваенныя

У асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь свой выбар робяць і беларускія ваенныя

Усяго на тэрыторыі воінскіх часцей Узброеных Сіл створана 17 участкаў для галасавання, на 8 з іх нароўні з ваеннымі галасуе грамадзянскае насельніцтва.

Многія выбаршчыкі прыйшлі аддаць свой голас у першыя хвіліны адкрыцця участкаў.

Выбар кожнага прадвызначыць далейшае развіццё краіны, яе стабільнасць, мір і спакой.

Ваеннаслужачый роты каравульнай службы Ілля Вайцюшкевіч:

«Гэта мой першы ўдзел у выбарах і адразу ж у самых важных — выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі важная палітычная падзея ў краіне гэтага года, ды не толькі года, пяці гадоў.

За свой выбар кожны нясе адказнасць, бо ад кожнага голасу залежыць будучыня нашай краіны. Я Радзіму люблю, заўсёды гатовы яе абараняць, адстойваць яе інтарэсы і берагчы існуючае ў нас мірнае неба над галавой».

Ваеннаслужачый роты ганаровай варты Уладзімір Зелянькоў:

«Самае галоўнае — захаваць мір і спакой, асабліва з улікам усяго таго, што адбываецца вакол краіны. Для нас, ваеннаслужачых, гэта самае галоўнае, таму і галасуем. Думаю, што сёння святочны дзень не толькі ў часці, але і ва ўсёй краіне.

Для мяне гэта адказнае мерапрыемства, бо я галасую ўпершыню. Адчуваю вялікую адказнасць і трохі хвалююся. Я таксама бязмерна ганаруся з гэтай нагоды».

***

У клубе «Ракетчык» Ваеннай акадэміі Беларусі расчынілі свае дзверы адразу два выбарчыя ўчасткі.

Галасуюць тут будучыя афіцэры і грамадзянскае насельніцтва бліжэйшых дамоў.

Першым пунктам у святкаванні свайго паўналецця ў курсанта агульнавайсковага факультэта Аляксея Мірскага — прагаласаваць:

«Сёння ў мяне двайное свята: галасую ўпершыню і ў дзень свайго нараджэння. Эмоцыі перапаўняюць. Я думаю, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь абавязаны прыйсці на выбары. Менавіта ў гэты дзень вырашаецца будучыня краіны, яе далейшае развіццё і перспектывы. Мы, беларусы, адна вялікая сям’я, і толькі разам мы можам вырашаць наш далейшы лёс.

Свой голас я аддаў за квітнеючую, прыгожую, поўную поспехаў і перамог Беларусь. Краіну, якая годна займае сваё месца ў свеце.

Я, як будучы афіцэр, зрабіў выбар за мір і стабільнасць. Хачу, каб так было заўсёды».

Курсант факультэта ракетных войск і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення Дзмітрый Кандратовіч:

«Сёння лёсавызначальны дзень для краіны — выбары Прэзідэнта. Я проста не мог праігнараваць гэтае мерапрыемства — гэта мой грамадзянскі абавязак.

Я галасаваў за развіццё і стабільнасць Рэспублікі Беларусь. Мне падабаецца жыць у Беларусі: мірнай, прыгожай, каханай. Наогул, мір — наша вышэйшая каштоўнасць.

Лідарам нашай краіны я бачу моцнага чалавека, разважлівага, умелага дыпламата. Асоба, за якой пойдзе наш народ, пры якой будзе не страшна планаваць на будучыню».

Сёння выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты з 8.00 да 20.00.

Фота Уладзіміра Блінова і Яўгена Лапушкі