- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
6 і 7 снежня рэспубліканскую грамадска-культурную акцыю сустрэне Орша.
Праграма мерапрыемства насычаная — выстаўкі, сустрэчы, майстар-класы. Кульмінацыяй традыцыйна стане канцэрт «Час выбраў нас» з удзелам зорак беларускай эстрады.
Ваеннаслужачыя таксама падрыхтавалі для жыхароў Оршы захапляючую праграму: выстаўка форменнага адзення, ваеннай тэхнікі і ўзбраення, прафарыентацыйныя пляцоўкі з удзелам курсантаў, канцэрт у выкананні аркестра Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, салдацкая каша і гарачы чай.
Працаваць пляцоўкі будуць 7 снежня з 10:00 да 19:00 каля спартыўнага комплексу «Алімпіец» ДСУ «Хакейны клуб «Лакаматыў-Орша» (вул.Леніна, 79).
У Палацы культуры горада Барань Аршанскага раёна пройдзе майстар-клас і канцэрт аркестра Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пачатак запланаваны на 12:00.
На пляцоўцы каля Лядовай арэны размесціцца выстаўка ваеннай тэхнікі. Тут будзе прадстаўлена рэактыўная сістэма залпавага агню «Бялград», браніраваны транспартны сродак «Кайман», мінамёт «НОНА-М1», РСЗА «Ураган», РСЗА «Град», гаўбіца «Мста-Б», мінамётны комплекс «Сані» і мабільны зенітны артылерыйскі комплекс «Зеніт», лёгкабраніраваны аўтамабіль «Цмок», камбінаваная радыёстанцыя Р-186 «Багатыр-2». Працаваць пляцоўкі будуць з 10:00 да 19:00.
У 15:00 на пляцоўцы каля спартыўнага комплексу «Алімпіец» пачнецца яшчэ адно відовішчнае мерапрыемства ад ваенных. Упершыню ў рамках «Марафону адзінства» ў Оршы пройдзе пляц-канцэрт аркестра Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
***
Памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід Касінскі расказаў пра значнасць «Марафону адзінства» і адзначыў уклад Узброеных Сіл у правядзенне гэтага маштабнага мерапрыемства:
— «Марафон адзінства» — гэта ўжо больш, чым акцыя. Гэта па-сапраўднаму маштабная грамадска-культурная з’ява ў гісторыі сучаснай Беларусі, якая аб’ядноўвае ўсе рэгіёны нашай Радзімы.
Вядома, Узброеныя Сілы не маглі не стаць часткай гэтай з’явы. Нягледзячы на ўсе тыя задачы, якія цяпер выконваюць нашы ваеннаслужачыя, у тым ліку задачы па ўзмацненні дзяржаўнай граніцы на паўднёвых рубяжах краіны, мы плануем прыняць удзел у марафоне ў розных гарадах і рэгіёнах краіны.
Асаблівую ўвагу генерал-маёр Леанід Касінскі ўдзяліў гістарычнаму аспекту:
— Менавіта ў Оршы 14 ліпеня 1941 года дала першы залп батарэя рэактыўных мінамётаў, якой камандаваў капітан Флёраў. Моцны ўдар па захопленым фашыстамі чыгуначным вузле ў Оршы быў нанесены адначасова 112 рэактыўнымі снарадамі. «Кацюшы» знішчылі варожыя эшалоны і пераправу праз раку Аршыца. Артылерысты сарвалі прасоўванне варожых войск і тэхнікі ўглыб краіны.
Орша — горад, які захоўвае ўспаміны пра першыя залпы легендарных «Кацюш». Невыпадкова адно з праслаўленых артылерыйскіх злучэнняў — 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада — носіць ганаровае найменне «Аршанская».
Таму ў рамках «Марафону адзінства» ў Оршы мы хочам у тым ліку прадэманстраваць беларусам прыгажосць і моц беларускай артылерыі.
Гараджане і госці змогуць убачыць узоры артылерыйскага ўзбраення, наведаць прафарыентацыйныя пляцоўкі, пляц-канцэрт аркестра Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, выстаўку стралковага ўзбраення, формы адзення, мабільную экспазіцыю музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Мы заўсёды выкарыстоўваем магчымасць пазнаёміць жыхароў рэгіёнаў з абліччам сучаснай беларускай арміі, прывезці і паказаць людзям свае адукацыйныя праекты, якія накіраваны на захаванне гістарычнай праўды, правесці прафарыентацыйную работу.
Пляцоўка і аўдыторыя, якую ахоплівае «Марафон адзінства», — ідэальна падыходзіць для гэтых мэтаў, і мы рады, што можам быць часткай гэтага руху.
Фота з тэлеграм-канала Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь