Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін наведаў абноўлены ваенны гарадок у Лядзішчах

Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін наведаў абноўлены ваенны гарадок у Лядзішчах

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін наведаў абноўлены ваенны гарадок у Лядзішчах.

Ва Узброеных Сілах стартаваў новы навучальны год, які аб’яўлены Годам воінскага майстэрства.

Пачаўся ён з прыемнай падзеі — наведвання абноўленага ваеннага гарадка, дзе размяшчаецца група артылерыі 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.

Кіраўнік ваеннага ведамства адзначыў, што, нягледзячы на тое, што воінскае майстэрства фарміруецца на палігонах, стварэнне камфортных умоў службы, вучобы і адпачынку ваеннаслужачых застаецца важнай задачай для Узброеных Сіл:

—Усім нам знаёма армейская мудрасць: «Поле — акадэмія салдата». Так, менавіта там, на палігонах і ў навучальных цэнтрах куецца воінскае майстэрства, ажыццяўляецца падрыхтоўка высакакласных спецыялістаў, гартуецца характар.

Але нельга забываць і пра тое, што ў арміі павінны быць створаны максімальна камфортныя ўмовы для нясення службы, вучобы, адпачынку і вольнага часу ваеннаслужачых. Гэта таксама, несумненна, садзейнічае дасягненню высокіх вынікаў у баявой падрыхтоўцы.

Менавіта таму паляпшэнне ўмоў службы ваеннаслужачых заўсёды было і застанецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці Міністэрства абароны.

У ваенным гарадку, які ўводзіцца ў строй, створаны аптымальныя ўмовы для пражывання і побыту, нясення службы, захоўвання ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама абсталяваны аб’екты вучэбна-матэрыяльнай базы.

Інфраструктура гарадка пабудавана так, каб забяспечвалася галоўнае — падтрыманне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, а значыць, у канчатковым выніку — умацоўвалася абараназдольнасць дзяржавы.

Падчас размовы з журналістамі, Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін расказаў аб падрыхтоўцы да навучальнага года, які стартаваў сёння ў арміі:

— Мы сёння бачым, і гэта самае галоўнае, што нашы людзі цалкам падтрымліваюць выбраны нашым Прэзідэнтам курс будаўніцтва краіны, і гэта для нас з’яўляецца дадатковым стымулам для таго, каб займацца баявой падрыхтоўкай з разуменнем, што ў нас ёсць, што абараняць, і, на жаль, ёсць ад каго абараняць.

Таму невыпадкова новы навучальны год выбраны і названы Годам воінскага майстэрства. Менавіта ад майстэрства асабовага складу будзе залежаць шмат у чым поспех прымянення новых і мадэрнізаваных узораў узбраення.

Перад тым як пачаць новы навучальны год, мы правялі вялікі комплекс мерапрыемстваў падрыхтоўчага перыяду. За гэты перыяд мы звольнілі ваеннаслужачых, якія адслужылі воіскую службу, прызвалі новых хлопцаў на службу, правялі з імі ваенную прысягу, курс маладога байца і паставілі іх у строй. Перавялі тэхніку на зімовы рэжым эксплуатацыі, прывялі ў парадак і мадэрнізавалі, удасканалілі аб’екты вучэбнай матэрыяльнай базы. Стварылі ўсе ўмовы для таго, каб з сённяшняга дня ўсе ваеннаслужачыя актыўна ўключыліся ў баявую падрыхтоўку.

Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін расказаў аб удасканаленні інфраструктуры беларускай арміі:

— Мы кіруемся прынцыпам разумнай дастатковасці і ствараем аптымальныя ўмовы для побыту нашых ваеннаслужачых для таго, каб яны былі сканцэнтраваны на асноўным — атрыманні ваенна-ўліковай спецыяльнасці і былі ў гатоўнасці да выканання задач па прызначэнні.

Работа па ўдасканаленні ваенных гарадкоў пастаянна праводзіцца ва Узброеных Сілах — гэта патрабаванне нашага Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, — каб умовы побыту былі аптымальнымі і адпавядалі перш за ўсё воінскаму статуту.

У гэтым гарадку, ды і ў большасці гарадкоў, якія ёсць у нашых Узброеных Сілах, а іх больш за 150, ужо створаны такія ўмовы, дзе нашы ваеннаслужачыя сапраўды могуць быць цалкам пагружаныя толькі ў баявую падрыхтоўку. Мы ўжо даўно адышлі ад праславутых нарадаў па кухні, мінімізавалі нясенне службы ў каравулах — усё накіравана на выкананне задач па прызначэнні.

***

У цяперашні момант ва Узброеных Сілах ідзе будаўніцтва, рамонт, мадэрнізацыя на парадку 400 аб’ектах. На больш чым 250 — планавыя работы ўжо завершаны.

Сяржант кантрактнай службы Павел Сурынаў, «Ваяр», фота аўтара