- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Выступаючы перад ваеннаслужачымі 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады і яе гасцямі, якія наведалі праслаўленае злучэнне з нагоды Дня дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка адзначыў:
«Сілы спецыяльных аперацый рухаюцца толькі наперад. У нас вялікія зрухі ў падрыхтоўцы і перааснашчэнні пад сучасныя ўмовы. Мы поўнасцю змянілі баявую падрыхтоўку асабістага складу з улікам сучасных патрабаванняў. Асноўныя элементы сёння былі паказаны на выступленнях.
Беларуска-кітайская антытэрарыстычная трэніроўка «Атакуючы сокал» дала нам пэўны штуршок наперад, таму што мы вывучылі парадак працы Народна-вызваленчай арміі Кітая. Шмат станоўчых рэчаў, якія трэба ўводзіць у праграму падрыхтоўкі, чым мы цяпер і займаемся. Сумесныя вучэнні, якія прайшлі на тэрыторыі Казахстана, таксама паказалі станоўчыя моманты. Іх мы ўзялі сабе на заметку.
Другая палова гэтага паўгоддзя будзе не менш насычанай. Запланавана шмат вучэнняў, і мы ўжо з канца жніўня пачынаем выхад на двухбаковае вучэнне.
У нас няма праблем з прыбыццём маладых рабят, якія самі жадаюць служыць. За апошнія тры гады мы вельмі актыўна папрацавалі з паказальнымі выступленнямі, з правядзеннем урокаў мужнасці ў Гомельскай вобласці і на поўдні Брэстчыны. На поўдні няма ніводнай школы, якую б мы не наведалі.
Гэта падштурхоўвае маладых людзей ісці ва Узброеныя Сілы. Таму цяпер пытанне з камплектаваннем сіл спецыяльных аперацый знятае з парадку дня.
Вядома, мы адкрытыя ўсім жадаючым. Галоўнае, каб яны падыходзілі па здароўі, былі гатовыя ўнутрана, таму што служба ў нас усё ж такі складаная».
Фота Алега Някала