У Барысаве ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

У Барысаве ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

У Барысаве адбыўся мітынг, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

У рамках мерапрыемстваў дэлегацыя ваеннага ведамства на чале з Міністрам абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнантам Віктарам Хрэніным усклала кветкі і вянкі да абеліска «Ахвярам фашызму».

У цырымоніі прынялі ўдзел памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах - начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Леанід Касінскі, камандаванне і асабовы склад войск Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання і 72-га гвардзейскага Аб'яднанага навучальнага цэнтра, выхаванцы сувораўскага ваеннага вучылішча, прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, навучэнцы мясцовых устаноў адукацыі.

***

«Мы можам зрабіць толькі адну выснову – зрабіць усё, каб гэта не паўтарылася на нашай зямлі»: Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін падчас мітынгу, прысвечанага Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа:

«82 гады таму жыццё для нашых дзядоў і прадзедаў падзялілася на «да» і «пасля». На нашыя землі прыйшла самая страшная вайна. І ў гэты дзень наш святы абавязак шанаваць памяць тых, хто стаў на абарону Радзімы ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У нашай краіне памяць аб героях увасабляецца ва ўсіх тых помніках і мемарыяльных комплексах, якія ўзведзены па ўсёй краіне. І ў гэтым месцы знаходзіцца абеліск «Ахвярам фашызму», які нагадвае нам пра тыя цяжкія часы, якія выпалі на долю простага народа. На тэрыторыі Барысава было шэсць канцэнтрацыйных лагераў, дзе былі па-зверску закатаваны і забіты больш за дзесяць тысяч чалавек.

Мы можам зрабіць толькі адну выснову - зрабіць усё, каб гэта не паўтарылася на нашай зямлі. І мы гэтага не дапусцім, таму што ў нас ёсць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэта той падмурак, які з'яўляецца гонарам нашага народа. У нас ёсць Узброеныя Сілы, якія гатовы таксама самааддана ўстаць на абарону нашай Радзімы, як гэта рабілі нашы продкі, наша пакаленне пераможцаў».

Ян Гарбанюк, «Ваяр», фота аўтара