Цырымонія перадачы часціцы Вечнага агню

Цырымонія перадачы часціцы Вечнага агню

Сёння ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» адбылася цырымонія перадачы часціцы Вечнага агню крэпасці ў Галоўны храм Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.

У мерапрыемстве прыняў удзел памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Леанід Касінскі, намеснік камандуючага Ракетных войск стратэгічнага прызначэння Расійскай Федэрацыі па ваенна-палітычнай рабоце генерал-маёр Андрэй Корабаў, а таксама ветэраны і запрошаныя госці.

— Сёння важна казаць маладому пакаленню праўду аб трагічных і гераічных падзеях, якія адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — расказаў Леанід Віктаравіч. — Важна, каб не толькі ваеннаслужачыя, але і любы жыхар планеты ведаў тую праўду, якую сёння спрабуюць адмяніць. Сёння, калі ў некаторых краінах на заканадаўчым узроўні віна за развязванне вайны ўскладаецца на Савецкі Звяз, гэта значыць на заканадаўчым узроўні фальсіфікуецца гістарычная памяць. Мы не можам глядзець на гэта спакойна. Таму кожная акцыя, кожнае слова праўды пра тую вайну — гэта наша маленькая перамога.

Вечны агонь даставяць у Расію для правядзення мемарыяльнай акцыі «Свечка памяці».

У 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня наведвальнікі Галоўнага храма запаляць 1418 памятных свечак ад часціцы Вечнага агню — менавіта столькі дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна.

Уладзімір Шурхавецкі, «Ваяр» фота Уладзіміра Блінова