У страі - новая тэхніка (вiдэа)

У страі - новая тэхніка (вiдэа)

У 619-й базе захоўвання, рамонту, мадэрнізацыі і ўтылізацыі сродкаў сувязі ўручылі тэхніку, якая прайшла мадэрнізацыю ў гэтай воінскай часці ў падраздзяленні сувязі злучэнняў і воінскіх часцей нашых Узброеных Сіл.

Ва ўрачыстай абстаноўцы начальнік сувязі Узброеных Сіл - начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Мішчанка ўручыў фармуляры і пашпарты на тэхніку сувязі прадстаўнікам воінскай часці.

Сярод узораў радыёстанцыі Р-844МБ, камбінаваныя радыёстанцыі Р-142НМБ, апаратная П-537УМБ, апаратная тэлефоннай засакрэчанай сувязі П-244ТЛ.

Гэтыя ўзоры ўбачылі свет дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву прадстаўнікоў упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл са спецыялістамі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь. Лепшыя розумы Дзяржкамваенпрама ўклалі ў тэхніку душу.

Выкарыстанне мадэрнізаванай тэхнікі павысіць магчымасці падраздзяленняў сувязі пры выкананні задач па прызначэнні.

Ваеннаслужачыя і грамадзянскі персанал базы сваёй паўсядзённай працай садзейнічаюць умацаванню абараназдольнасці краіны, добрасумленным стаўленнем да выканання службовага абавязку з творчай ініцыятывай уносяць вялікі ўклад у справу падтрымання тэхнікі і апаратуры сувязі ў пастаяннай баявой гатоўнасці, а таксама пастаянна ўдасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства.

Акрамя таго, значны і фінансавы ўклад воінскай часці. Гэта абумоўлена здачай каштоўных металаў у дзяржаўны фонд, а таксама рэалізацыяй вызваленай маёмасці.

Калектыў базы не раз справай даказваў значнасць сваёй працы, уносіў важкі ўклад у падтрыманне баявой гатоўнасці і ўдасканаленне сістэмы сувязі. Прыкладам таму можа паслужыць і ўдзел асабовага складу вайсковай часці ва ўсіх вучэннях, у тым ліку ў сумесных вучэннях узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, дзе неаднаразова даводзілася аператыўна і правільна рэагаваць на існуючую абстаноўку, прымаючы правільнае рашэнне для выканання пастаўленай задачы.

Сімвалічна, што сучасную тэхніку ўручылі ў дзень, калі база набыла сваё гістарычнае найменне.

Гістарычны шлях развіцця 619-й базы захоўвання, рамонту, мадэрнізацыі і ўтылізацыі сродкаў сувязі пачаўся з фарміравання акруговага склада сувязі асобай Беларускай ваеннай акругі пад №619 у 1938 годзе на падставе загада Беларускай ваеннай акругі ад 11 студзеня 1938 года №015, на чыгуначнай станцыі Крычаў -II Магілёўскай вобласці.

Маёр Алег Някала, «Ваяр», фота аўтара