У новы год - з новай тэхнікай

У новы год - з новай тэхнікай

Сёння ў 56-м асобным палку сувязі прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы новых узораў тэхнікі ў воінскія часці ВПС і войск СПА. На ўзбраенне падраздзяленняў паступілі аўтаматызаваныя комплексы разведкі, кіравання і сувязі «Пустэльга» айчыннай вытворчасці. Гэты комплекс прызначаны для ўключэння афіцэра баявога кіравання авіяцыяй у адзіную аўтаматызаваную сістэму кіравання ВПС і войск СПА, паляпшэння якасці і павышэння далёкасці сувязі з экіпажамі паветраных суднаў і перадачы даных аб каардынатах паветраных і наземных цэлей на борт паветраных суднаў.

- Эфектыўнасць любой сістэмы кіравання залежыць ад укаранення працэсаў аўтаматызацыі, адзначыў начальнік сувязі Узброеных Сіл - начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Алег Мішчанка. - І паступленне на ўзбраенне дадзеных узораў тэхнікі дазволіць значна павысіць эфектыўнасць сістэмы кіравання ВПС і войскамі СПА. Да пастаўкі ў войскі комплексы прайшлі сур'ёзныя выпрабаванні на розных вучэннях, у тым ліку ў ходзе ССУ «Захад-2021». Дадзеныя ўзоры добра зарэкамендавалі сябе, і спадзяюся, што ў самай хуткай будучыні мы аснасцім імі ўсе падраздзяленні.

Падпалкоўнік Георгій Патапаў, «Ваяр», фота Уладзіміра Блінова