Аснова будучых перамог - дзіцячы спорт

Аснова будучых перамог - дзіцячы спорт

У Спартыўным камітэце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя стралковага спорту». Акрамя спартсменаў, трэнераў і спартыўных функцыянераў у ёй удзельнічалі: Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Лукашэнка, старшыня Апякунскага савета БФСС, Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Міхаіл Пузікаў, міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук.

Была заслухана справаздача галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па кулявой стральбе Ігара Басінскага на XXXII летніх Алімпійскіх гульнях у Токіо. Пасля абмеркавання вынікаў выступлення праца трэнераў нацыянальнай каманды і спартыўных функцыянераў была прызнаная здавальняючай большасцю галасоў.

Былі заслуханы таксама справаздачы старшыні БФСС Юрыя Архіпенка, рэвізійнай камісіі і аб фінансавай дзейнасці федэрацыі. Абмяркоўваліся праблемы развіцця стралковага спорту і шляхі іх рашэння. Асноўным звяном, якое дапаможа беларускім спартсменам дабіцца новых поспехаў, у тым ліку і на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе, усе назвалі дзіцячы спорт.

Канферэнцыя завяршылася выбарамі кіраўнікоў федэрацыі і рэвізійнай камісіі. Новым старшынёй Беларускай федэрацыі стралковага спорту абраны генерал-маёр запасу Сяргей Дудко.

Уладзімір Шурхавецкі, «Ваяр», фота Уладзіміра Блінова