- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Намеснік Міністра абароны па ўзбраенні - начальнік узбраення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей Сіманенка падвёў вынікі работы інжынерна-тэхнічнага складу Узброеных Сіл па рашэнні задач тэхнічнага забеспячэння ў мінулым навучальным годзе.
Генерал-маёр Сяргей Сіманенка:
- Мінулы навучальны год быў вельмі насычаным для інжынерна-тэхнічнага складу Узброеных Сіл. Галоўным мерапрыемствам стала для нас ССУ «Захад-2021». А ўсяго было забяспечана правядзенне больш за трыццаць мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, праверак баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск.
У мінулым навучальным годзе на ўзбраенне было прынята больш за трыццаць пяць наменклатур узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Сярод іх - радыёстанцыя Р-186Д «Цмок», 7,62-мм карабін VSK-100, 7,62-мм аўтамат АКМС-МБ. Яны паспяхова паступаюць у сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. У рамках узаемадзеяння з Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Рэспублікі Беларусь працягваецца праца па пастаўцы ў войскі сучасных узораў ВВСТ айчыннай вытворчасці. Гэта, перш за ўсё, лінейка сучасных радыёстанцый, распрацаваная ААТ «Агат - сістэмы ўпраўлення», сучасныя радыёлакацыйныя станцыі і машыны ўпраўлення агнём артылерыі.
У мінулым навучальным годзе прадпрыемствамі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь у інтарэсах Узброеных Сіл капітальна адрамантаваны і адноўлены больш за шэсцьдзесят адзінак ВВСТ. Вайсковымі рамонтнымі органамі адрамантавана больш за чатыры з паловай тысяч ВВСТ. Працягнута праца па рамонце ў арсеналах і базах зенітных кіруемых ракет розных наменклатур. Якасць работ пацверджана іх практычнымі пускамі на палігоне Ашулук Расійскай Федэрацыі. Мы працягваем работы па стварэнні новых рухомых сродкаў рамонту і дыягностыкі. У бліжэйшы час на ўзбраенне будуць прыняты сучасныя майстэрні тэхнічнага абслугоўвання і рамонту, распрацаваныя 288-й базай рэзерву аўтамабільнай тэхнікі. У новым навучальным годзе яны будуць паступаць у войскі на забеспячэнне.
У мінулым навучальным годзе мы ўдзельнічалі ў конкурсе «Майстры аўтабранятанкавай тэхнікі» у рамках армейскі міжнародных гульняў. Мы занялі ганаровае другое месца, саступіўшы толькі камандзе узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Мерапрыемствы, праведзеныя сумесна з нашымі расійскімі калегамі, пацвердзілі дасягнутую раней аператыўную і тактычную сумяшчальнасць сістэм тэхнічнага забеспячэння Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Я задаволены вынікам, якога мы дасягнулі.
У цэлым, комплекс мерапрыемстваў па падтрыманні спраўнасці ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі Узброеных Сіл дазволіў забяспечыць іх гарантаваную баявую і мабілізацыйную гатоўнасць.
Падпалкоўнік Дзмітрый Лабашоў, «Ваяр», фота Аляксандра Стадуба