- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
9 мая прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі.
У цырымоніі прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Выступаючы перад грамадзянамі, кіраўнік дзяржавы адзначыў:
- Мы зноў, як і раней, сустракаем пераможны май, які ў далёкім 45-м мінулага стагоддзя прынёс свабоду беларусам і ўсім брацкім народам нашай неабсяжнай краіны - Савецкага Саюза. Чым далей сыходзяць у гісторыю гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш велічны і грандыёзны ўстае перад намі ахвярны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў - тых, хто выратаваў чалавецтва ад заняволення і знішчэння.
Прэзідэнт падкрэсліў: сёння мы павінны адкрыта гаварыць, што беларусы ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню ў сваёй гісторыі сутыкнуліся з масавым і планамерным знішчэннем мірнага насельніцтва. Гэта на руках фашыстаў, паліцаяў і іншых калабарантаў кроў тысяч і тысяч нявінных ахвяр: жанчын, старых і дзяцей.
- Свет павінен ведаць і памятаць пра трагедыю беларускага народа. Гэтую тэму мы будзем узнімаць на самы высокі міжнародны ўзровень, - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Вялікая Перамога - адна з самых грандыёзных падзей у гісторыі беларускага народа, а подзвіг нашых воінаў - сімвал мужнасці, патрыятызму і чалавечнасці. Прыклад згуртаванасці, дружбы і брацтва людзей розных перакананняў і веры. Невычэрпная крыніца магутнай стваральнай духоўнай энергіі, якая так неабходная нам сёння - у Год нашага адзінства. Прэзідэнт падкрэсліў: каб захаваць Беларусь, яе суверэнітэт і незалежнасць, беларусам трэба самае простае - быць побач, згуртавацца.
Прэзідэнт таксама звярнуўся да тых, «хто насцярожыўся ў сувязі з апошнімі падзеямі»:
- Нават не думайце і не хвалюйцеся за будучыню сваіх дзяцей, унукаў і за сваю будучыню. Мы зробім усё, каб над нашай зямлёй ззяла такое сонца, як сёння, і было блакітнае неба. Мы зробім усё, каб маладыя мамы і таты са сваімі дзеткамі ў любы час сутак маглі выйсці на вуліцу і прайсціся па сваёй зямлі, як гэта было заўсёды. Так будзе, я вам абяцаю. Я клянуся, што так будзе!
Улас. інф., фота БЕЛТА