Прызыўная кампанія ў Рэспубліцы Беларусь прадоўжана да 1 студзеня 2021 года

Прызыўная кампанія ў Рэспубліцы Беларусь прадоўжана да 1 студзеня 2021 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 снежня падпісаў указ № 469, якім карэктуецца ўказ № 297 ад 3 жніўня 2020 года «Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве». Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Згодна з дакументам, тэрміны прызыўной кампаніі і адпраўкі грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, да месцаў праходжання службы прадоўжаны да 1 студзеня 2021 года. Гэта дазволіць з улікам неспрыяльнай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі забяспечыць Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні асабовым складам з ліку новага папаўнення ў межах колькасці, усталяванай раней указам № 297.

Актуальны каментарый

Андрэй Мурашоў, кансультант аддзела прызыву Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл:

- Тэрміны прызыўной кампаніі і адпраўкі грамадзян прадоўжаны да 1 студзеня ў сувязі з эпідэмічным становішчам. Не ўсе прызыўнікі паспелі прайсці медыцынскі агляд: многія лячэбныя ўстановы былі перапрафіляваны для барацьбы з COVID-19, у сувязі з гэтым - абследавання, кансультацыі лекараў-спецыялістаў для грамадзян адкладаліся і пераносіліся. Гэты працэс неабходна завяршыць. Ёсць і пэўная колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі прыняты рашэнні прызыўных камісій аб закліку, аднак яны захварэлі і падалі ў ваенныя камісарыяты лісткі непрацаздольнасьці, некаторыя знаходзіліся на самаізаляцыі - вядома, адпраўка ў войскі для гэтых грамадзян адклалася.

За гэтыя два тыдні мы плануем завяршыць прызыўныя мерапрыемствы і накіраваць ў войскі грамадзян, для якіх гэты працэс па тых ці іншых прычынах зацягнуўся. Агульная колькасць грамадзян, якія будуць прызваны на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, устаноўлена раней указам № 297, яна не змянілася.

Усе мерапрыемствы прызыву і адпраўкі будуць праходзіць планава. Прыбыўшы ў войскі, ваеннаслужачыя новага папаўнення прымуць Ваенную прысягу. Тэрмін службы для іх будзе вылічацца, як і для ўсіх, з дня адпраўкі ў войскі.

Улас. інф.