- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
У Палацы Незалежнасці прайшла цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод і пагон вышэйшага афіцэрскага складу.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны генерал-лейтэнанта Міністру абароны Рэспублікі Беларусь Віктару Хрэніну. Ордэн «За службу Радзіме» III ступені атрымаў начальнік Дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны генерал-маёр Юрый Шаплаўскі. Намесніку начальніка тылу Узброеных Сіл па будаўніцтву і раскватараванню войск Міністэрства абароны палкоўніку Сяргею Шышову было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».
Цырымоніяй з глыбокім сэнсам і фактам грамадскага прызнання заслуг назваў Кіраўнік дзяржавы мерапрыемства, якое прайшло. Віншуючы лепшых навукоўцаў, ваенных, работнікаў сельскай гаспадаркі і сферы абслугоўвання, кіраўнікоў ветэранскіх арганізацый, трэнераў і спартсменаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны не проста паспяховыя людзі, а будаўнікі, якія ствараюць сучаснасць і будучыню краіны, будучыню новых пакаленняў беларусаў. Сапраўдны патрыятызм, упэўнены беларускі лідэр, - гэта не словы, а справы, якія павышаюць якасць жыцця беларусаў і ўмацоўваюць нашу дзяржаву:
- Перакананы, што разам мы здолеем пераадолець цяжкасці, таму што мы народ і нас пераважная большасць. Мы ведаем, што рабіць, і зробім усё магчымае, каб абараніць і захаваць нашу Айчыну, заўтрашні дзень, дзяцей і ўнукаў.
Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, выступаючы са словам у адказ, падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за высокую ацэнку работы ўзнагароджаных і тых калектываў, якія яны ўзначальваюць.
- Мы разумеем тую найвышэйшую ступень адказнасці, якая ляжыць на нас. Асабліва ў гэты час - ва ўмовах пагрозаў суверэнітэту нашай дзяржавы і бяспекі нашага народа, - заявіў кіраўнік ваеннага ведамства.
Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін запэўніў, што беларускія салдаты і афіцэры, унукі і праўнукі салдат Перамогі, якія адстаялі нашу будучыню ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прыкладуць усе свае сілы, каб забяспечыць нацыянальную бяспеку:
- Мы абаронім усё, што створана нашым мудрым беларускім народам, забяспечым мір на нашай зямлі і росквіт у нашым агульным доме - Рэспубліцы Беларусь.