- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
Пад такім дэвізам прайшла ў Андрэеўскім дзіцячым доме пад Оршай дабрачынная акцыя удзельнікаў армейскі міжнародных гульняў – 2020, якія нядаўна вярнуліся ў Беларусь.
У якасці падарунка ваеннаслужачыя прывезлі інтэрактыўную панэль, якую рабяты будуць выкарыстоўваць у навучанні. Таксама прыемным сюрпрызам для кіраўніцтва дзіцячага дома і дзяцей стаў візіт Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёра Віктара Хрэніна, які знаходзіўся ў рабочай паездцы ў раёне Віцебскага гарнізона.
Дарэчы, ужо больш за 12 гадоў ваеннае ведамства вядзе шэфства над Андрэеўскім дзіцячым домам. Сацыяльна-педагагічная ўстанова была адкрыта ў 1944 годзе. У 1961-м пабудаваны новы будынак і створана Андрэеўская школа-інтэрнат. У 2010 годзе яна была рэарганізавана ў дзіцячы дом. Сёння ў ім пражываюць дзеці ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў.
У тым ліку дзякуючы Міністэрству абароны ў дзяцей з'явілася магчымасць жыць ва ўкамплектаваных і абсталяваных бытавой тэхнікай кватэрах сямейнага тыпу, уцеплены фасад будынка, адрамантаваны і абсталяваны спартыўны, трэнажорная і актавая залы, сталовая, камп'ютэрны клас і спальні, працуе інтэрактыўны цір.
У распараджэнні рабят таксама з'явіўся ўласны фізіятэрапеўтычны кабінет. Спецыяльныя прыборы дапамагаюць дзецям умацоўваць здароўе - пачынаючы ад прафілактыкі ў сезон прастуд, заканчваючы тэрапіяй і аромапрацэдурамі.
Штогод ваеннаслужачыя арганізоўваюць для выхаванцаў Андрэеўскага дзіцячага дома паездкі ў Мінск. Дзеці наведваюць Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», Драматычны тэатр беларускай арміі, Беларускі дзяржаўны цырк.
Безумоўна, у дзіцячым доме былі рады ваеннаслужачым. У ходзе візіту Міністр абароны азнаёміўся з бытам дзяцей, зазірнуў у навучальныя класы і спартзалы, абмеркаваў з кіраўніцтвам дзіцячага дома патрэбы і надзённыя праблемы ўстановы, пагутарыў з рабятамі.
- Да вас у госці прыехалі нашы ваеннаслужачыя, якія ўдзельнічалі ў вайсковых міжнародных гульнях, - сказаў генерал-маёр Віктар Хрэнін. - Яны вырашылі так адзначыць сваю перамогу. Дзякуй, што запрасілі нас у госці. Спадзяюся, што нашы падарункі дапамогуць вам у вучобе, падымуць настрой і прымусяць імкнуцца да запаветных мэтаў і жаданняў.
У сваю чаргу рабяты таксама падрыхтавалі невялікую творчую святочную праграму для гасцей.
Маёр Аляксандр Ганчароў, «Ваяр», фота Аляксандра Стадуба