Кароткая гістарычная даведка

Афіцыйнай датай стварэння войск радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны лічыцца 13 лістапада 1918 году, калі загадам Рэвалюцыйнага Ваеннага Савета рэспублікі № 220 былі ўтвораны першыя органы і падраздзяленні хімічнай абароны ў дзеючай Чырвонай Арміі. Хімічныя войскі, якiя пазней былi перайменаваны ў войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, з годнасцю і гонарам выконвалі задачы, якія стаялi перад імі, у гады Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. За ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў гады Вялікай Айчыннай вайны баявымі ордэнамі было ўзнагароджана 20 асобных часцей фугасных агнямётаў, 12 асобных батальёнаў і 10 асобных рот ранцавых агнямётаў, а 40 агнямётных часцей атрымалі ганаровыя найменні. Урадавых узнагарод былі ўдастоены звыш 70% афіцэраў і генералаў, больш за палову радавога і сяржанцкага саставу хімічных войск. Дваццацi двум найбольш адважным воінам прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.

Каля дзесяці гадоў у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск ваявалі воiны-хімікі на зямлі Афганістана, дзе эфектыўнымі аказаліся такія задачы хімічнага забеспячэння, як прымяненне агнямётна-запальных сродкаў і аэразоляў. Многія прадстаўнікі хімічных войск – удзельнікі вайны ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.

У ходзе ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, улічваючы прафесійную падрыхтоўку і тэхнічную аснашчанасць хімічных войск, на іх былі ўскладзены найбольш адказныя, небяспечныя і цяжкія работы. Вялікі ўклад хімічных войск у справу ліквідацыі наступстваў аварыі высока ацэнены ўрадам. За мужнасць і самаадданую працу многія генералы, афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты і салдаты ўдастоены высокіх урадавых узнагарод.

Аддзел хімічных войск утвораны 1 чэрвеня 1992 года на базе расфармiраванага ўпраўлення Беларускай ваеннай акругі і ўключаны ў склад Галоўнага штаба Узброеных Сіл.

21 снежня 2001 года ў сувязі са стварэннем Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь аддзел хімічных войск Галоўнага штаба Узброеных Сіл быў перафармiраваны і ўключаны ў яго склад як упраўленне РХБ абароны і экалогіі Генеральнага штаба Узброеных Сіл. Перайменаванне стала аб'ектыўнай неабходнасцю, выкліканай зменай як аб'ёму выкананых задач, так і колькасным і якасным складам войскаў.