- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
У ваенным інфармацыйным агенцтве "Ваяр" праходзяць комплексныя заняткі з камандным складам органаў ваеннага кіравання Узброеных Сіл і транспартных войскаў па рабоце з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.
У праграме — выступленні спікераў, абмен меркаваннямі і практычная праца. Мерапрыемства адкрыў начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Белы. Ён расказаў аб ролі СМІ ў сістэме забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы ва ўмовах ваенна-палітычнай абстаноўкі, якая зараз складваецца:
— Мэта нашага сённяшняга занятку — навучыць службовых асоб Узброеных Сіл тэорыі і практыцы ўплыву на грамадскую думку з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, давесці тэхналогіі і фарміраванне адэкватнага разумення грамадзянамі краіны мер, якія прымаюцца кіраўніцтвам краіны для забеспячэння ваеннай бяспекі. Для вас, як кіраўнікоў органаў ваеннага кіравання, камандзіраў злучэнняў, воінскіх часцей, разуменне сутнасці працэсаў у медыяасяроддзі мае крытычна важнае значэнне.
Інфармацыйная дзейнасць сёння — гэта паўнавартасны, самастойны кірунак узброенай барацьбы. І яна вядзецца бесперапынна. Пры гэтым лінія фронту праходзіць праз розумы нашых грамадзян, праз свядомасць кожнага ваеннаслужачага Узброеных Сіл.
Таму сёння для забеспячэння ваеннай бяспекі ўжо недастаткова мець падрыхтаванае, добра ўзброенае войска. Трэба мець суверэнітэт у інфармацыйнай сферы, мець адпаведныя прафесійна падрыхтаваныя сілы і сродкі.
Пры ўмелым выкарыстанні наяўных сіл і сродкаў на інфармацыйным фронце можна даць адпор, перайграць любога праціўніка. Супраць нашай краіны сёння таксама развязана самая сапраўдная інфармацыйная вайна. Пры гэтым праціўнік не саромеецца выкарыстоўваць любыя метады для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі
Кожны з вас — паўнавартасны суб'ект інфармацыйнай дзейнасці. Вы падаяце тую інфармацыю, якая актуальная і цікавая нашаму насельніцтву. Вы ўдзельнічаеце не толькі ў фарміраванні грамадскай думкі: будзьце гатовы да інфармацыйнага ўздзеяння, у тым ліку і дэструктыўнага.
Перад вамі стаяць адказныя і складаныя задачы з улікам таго аб'ектыўнага становішча, якое складаецца. Лепш ваяваць на інфармацыйным фронце, чым у акопах. Толькі дзякуючы правільна арганізаванаму працэсу ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі, якаснаму правядзенню мерапрыемстваў і інфармацыйнай дзейнасці магчыма не толькі эфектыўна супрацьстаяць пагрозам у інфармацыйнай сферы, але і забяспечыць мір і бяспеку на беларускай зямлі.
Генерал-маёр Уладзімір Белы адзначыў, што сучасныя канфлікты дэманструюць узрастаючую ролю штучнага інтэлекту: яго актыўна выкарыстоўваюць для вядзення інфармацыйнай вайны, псіхалагічнага ўздзеяння на праціўніка і стварэння віруснага кантэнту.
***
На занятках з камандным складам органаў ваеннага кіравання Узброеных Сіл і транспартных войскаў па рабоце са СМІ выступаюць запрошаныя спікеры.
Дацэнт кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ Ігар Каралёў прэзентаваў тэму "Рэальнасць vs дыпфейкі". Ён распавёў пра асаблівасці чалавечага ўспрымання ў эпоху генератыўнага ШІ і адзначыў, што распазнаваць згенераваны кантэнт становіцца ўсё больш складана. Аднак у барацьбе з дыпфейкамі важную ролю могуць адыграць у тым ліку заканадаўчыя меры.
Прафесар кафедры ідэалагічнай работы і сацыяльных навук Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Кацярына Воранава, якая ўжо больш за 20 гадоў займаецца навучаннем афіцэраў рабоце са СМІ, расказала пра асаблівасці сучаснай інфармацыйнай прасторы, прынцыпы кіравання ёю і прыняцця граматных рашэнняў у інфармацыйным полі.
Напрыканцы ўдзельнікаў чакае практычны трэнінг, падчас якога кожны будзе падтрымліваць станоўчы імідж свайго воінскага калектыву.
Старэйшы лейтэнант Яўген Лапушка, «Ваяр», фота Паліны Дзегцяровай