Прэзідэнт Беларусі азнаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі

Прэзідэнт Беларусі азнаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі

Прэзідэнт Беларусі — Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі.

На агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі Кіраўніку дзяржавы далажылі аб прызначэнні, складзе, баявых магчымасцях, перспектывах і напрамках развіцця войск сувязі Беларусі з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў, а таксама аб стане сістэмы кіравання Узброеных Сіл і ходзе аператыўна-спецыяльнага вучэння войск сувязі.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са сродкамі і комплексамі сувязі, якія стаяць на ўзбраенні войск, а таксама з перспектыўнымі сродкамі сувязі, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Прэзідэнту таксама прадэманстравалі, як сродкі сувязі і аўтаматызацыі выкарыстоўваюцца на практыцы пры кіраванні элементамі баявога парадку батальёна са складу сіл неадкладнага рэагавання.

***

Развіццё сістэмы сувязі ва Узброеных Сілах з'яўляецца актуальным і базавым пытаннем у забеспячэнні ваеннай бяспекі краіны. Пра гэта Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас нарады з ваеннымі на агульнавайсковым палігоне «Абуз-Лясноўскі».

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб прызначэнні, складзе, баявых магчымасцях, перспектывах і напрамках развіцця войск сувязі Беларусі з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў, а таксама аб стане сістэмы кіравання Узброеных Сіл і ходзе аператыўна-спецыяльнага вучэння войск сувязі.

«Сёння аператыўны абмен данымі, абароненасць каналаў і хуткасць прыняцця рашэнняў непасрэдна вызначаюць стратэгічную перавагу на полі бою, гарантуюць дакладнасць выканання баявых задач і бяспеку ўсяго асабовага складу.

Ва ўмовах, калі ўвесь свет імкліва развівае інфармацыйныя тэхналогіі, сродкі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і падаўлення, адставанне ў гэтым пытанні падобна да смерці. Менавіта таму вялікую ўвагу ў развіцці нашых Узброеных Сіл і ў цэлым ваеннай арганізацыі дзяржавы мы надаём і будзем надаваць мадэрнізацыі сістэмы сувязі».

Прэзідэнт адзначыў, што адным з дзейсных элементаў з'яўляецца правядзенне мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, у рамках якіх праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войск сувязі Узброеных Сіл.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мы павінны заўсёды быць гатовыя да своечасовай і адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца. А вопыт сучасных узброеных канфліктаў паказвае, што найважнейшая роля пры вядзенні ваенных дзеянняў адводзіцца кіраванню войскамі.

«Знешнепалітычны парадак дня ведаеце. Агрэсіўную рыторыку ў адрас Беларусі бачыце і назіраеце. Разведка вядзецца дастаткова адкрыта, амаль нахабна: перыядычна фіксуем рознага роду правакацыі, парушэнні паветранай прасторы. Але не гэта галоўнае. Галоўнае заключаецца ў тым, што нашы суседзі трацяць мільярды на ўзбраенне сваёй арміі».

Беларускі лідар заявіў, што Беларусь ні на каго не збіраецца нападаць, але абавязана забяспечыць сваю бяспеку.

«Некаторыя нас тут спрабуюць папракнуць, што нібыта заўтра мы на кагосьці збіраемся нападаць. Яшчэ раз паўтараю: мы ні на каго не збіраемся нападаць, мы прагматыкі. Мы разумеем, што калі мы на кагосьці (дапусцім, з нашых суседзяў) учынім напад, гэта смерці падобна. Выйграць канфлікт з нашымі «монстрамі», дзяржавамі, размешчанымі па перыметры, мы не можам. Навошта тады пачынаць вайну, калі абсалютна шчыра?

Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, наша насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаны».

***

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі сродкамі і комплексамі сувязі, якія стаяць на ўзбраенні войск, а таксама перспектыўнымі сродкамі сувязі, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Кіраўніку дзяржавы далажылі, што Узброеныя Сілы маюць комплекс неабходных сродкаў сувязі, якія дазваляюць кіраваць войскамі ў сучасных умовах. Гэта, у тым ліку, розныя станцыі спадарожнікавай, трапасфернай сувязі, радыёрэлейныя станцыі, мабільныя тэлекамунікацыйныя комплексы, камандна-штабныя машыны.

Размова ішла аб далейшых планах па аснашчэнні войск сродкамі сувязі з улікам вопыту сучасных канфліктаў — як за кошт пастаўкі новых узораў, так і мадэрнізацыі ўжо наяўных.

Гаворачы аб значэнні сістэм сувязі ў войсках, Галоўнакамандуючы адзначыў:

«Страляем і перамяшчаемся ўжо нядрэнна. Але для таго, каб страляць і перамяшчацца, патрэбныя пэўныя каманды, якія ў выпадку канфлікту будуць перадавацца праз сродкі сувязі. Таму мы хочам паглядзець, акрамя кулямётаў, аўтаматаў, пісталетаў, ракет, танкаў і іншых браніраваных машын, як будзем кіраваць гэтым комплексам. Для гэтага патрэбная сістэма сувязі, каб у цэлым дзяржавай кіравалі ў выпадку канфлікту, і сродкі гэтай сувязі. Гэта каб было зразумела тым, хто нас пачуе, для чаго мы ўсё гэта задумалі».

Як далажыў на нарадзе начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік Міністра абароны генерал-маёр Павел Муравейка, у перыяд з 7 па 11 верасня праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войск сувязі Узброеных Сіл. Мэта вучэння — адпрацоўка варыянтаў забеспячэння ўстойлівага кіравання ваеннай арганізацыяй дзяржавы з выкарыстаннем новых прыёмаў і спосабаў арганізацыі сувязі, зыходзячы з вопыту сучасных канфліктаў.

«Малайцы, што гэта спланавалі. Праверку не толькі непасрэдна баявых падраздзяленняў, а менавіта сістэм сувязі. Таму што гэта — галоўнае. Кіраванне ў любым канфлікце і нават у мірны час павінна быць забяспечана», — падкрэсліў беларускі лідар.

***

Беларусь навучылася вырабляць самыя сучасныя сродкі сувязі для ваенных. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, што тычыцца войск сувязі, тут якраз трэба ўмець ваяваць не колькасцю, а ўменнем.

«Такія сродкі сувязі, якія ў нас сёння ёсць, дазваляюць нам мець меншую колькасць людзей, калі казаць пра колькасць. Але справа нават не ў колькасці. Справа ў навыках і сродках гэтай сувязі. Тое, што мы сёння ўбачылі, — гэта самае перадавое, тое, што трэба».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму ён паставіў задачу, каб у Беларусі ў гэтай сферы ўсё было сваё, аж да касмічнай сувязі.

Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі пацвердзіў планы працягнуць праверкі гатоўнасці ў войсках.

«Я ўжо казаў па-народнаму: армію трэба страсянуць, прыйшоў час. Усю армію. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі».

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што ў цяперашні час па яго даручэнні правяраюць артылерыйскую брыгаду, а да гэтага правяраліся танкавыя і мотастралковыя падраздзяленні.

«Робім усё, як будзе на вайне», — сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што пры правядзенні такіх праверак выкарыстоўваецца вопыт сучасных ваенных канфліктаў. «Рыхтуемся да вайны, каб яе не было», — падкрэсліў беларускі лідар.

***

Начальнік сувязі Узброеных Сіл — начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Павел Прасол:

— Галоўнакамандуючаму былі прадэманстраваны сучасныя ўзоры тэхнікі сувязі, якая выпускаецца на прадпрыемствах Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Узоры сродкаў сувязі, якія вырабляюцца сіламі асабовага складу войск сувязі Узброеных Сіл і паспяхова эксплуатуюцца ва Узброеных Сілах.

Калі падводзіць вынік аператыўна-спецыяльнага вучэння войск сувязі, можна сказаць, што на сённяшні дзень мы ў стане забяспечыць усе паслугі сувязі для таго, каб нашы камандзіры розных узроўняў ажыццяўлялі кіраванне падпарадкаванымі падраздзяленнямі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і нават за яе межамі.

Старшы лейтэнант Яўген Лапушка, «Ваяр», фота аўтара і з сайта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь