- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
У Вілейцы ў гонар 80-годдзя Дня танкістаў і воінаў-вызваліцеляў горада Вілейкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка, на пастаменце якога ўстаноўлены танк Т-72А. У мерапрыемстве прыняў удзел Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін.
Перадача Міністэрствам абароны населеным пунктам танкаў-экспанатаў — не першая падобная акцыя ваеннага ведамства ў беларускіх гарадах.
Раней танкі Т-72 устанаўлівалі ў Стаўбцах (2025), Навагрудку (2021) і Чавускім раёне (2024).
Усяго на пастаментах па краіне ўстаноўлена больш за 70 адзінак бранятанкавай тэхнікі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны вілейская зямля была шчодра паліта крывёю савецкіх воінаў. Летам 1944 года ў ходзе маштабнай стратэгічнай аперацыі «Баграціён» за Вілейку разгарнуліся жорсткія баі.
Вырашальную ролю ў разгроме ворага адыгралі танкавыя падраздзяленні 3-га Беларускага фронту. Не лічачыся са стратамі, воіны знакамітай 35-й гвардзейскай танкавай брыгады ўступілі ў жорсткія баі за горад. 2 ліпеня 1944 года горад быў вызвалены.
Т-72А не ўдзельнічаў у баях саракавых гадоў, але машына стала непасрэдным спадкаемцам баявой славы легендарных «трыццацьчацвёрак», якія грамілі ворага на беларускай зямлі.
Устаноўка танка для кожнага вілейчаніна — гэта даніна глыбокай павагі героям, якія летам 1944 года вярнулі гораду мірнае жыццё і чыстае неба.
***
Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін:
— Паважаныя таварышы!
Сённяшняе мерапрыемства праходзіць напярэдадні аднаго з найбольш шанаваных святаў воінскай славы — Дня танкістаў.
Ваеннае ведамства Беларусі сумесна з мясцовымі органамі ўлады працягвае добрую традыцыю адкрываць памятныя месцы з узорамі ваеннай тэхнікі.
Помнікі і мемарыялы воінскай славы сімвалізуюць як гістарычныя вехі нашай краіны, яе мінулае, так і моц сучаснай Беларусі.
Яны ўвасабляюць воінскую доблесць і славу, пераемнасць баявых традыцый паміж цяперашнім і мінулымі пакаленнямі абаронцаў Айчыны.
Вілейская зямля багатая на такія традыцыі.
У перыяд Першай сусветнай вайны — 111 гадоў таму, менавіта ў верасні 1915 года — рускія войскі вызвалілі Вілейку ад кайзераўскіх захопнікаў.
Праз 29 гадоў — 2 ліпеня 1944 года — войскі 3-га Беларускага фронту зноў вызвалялі Вілейку, на той момант абласны цэнтр, але ўжо ад войск вермахта.
Характэрна, што горад быў вызвалены менавіта танкавым злучэннем — 35-й гвардзейскай танкавай брыгадай пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза генерала Азі Асланава.
У памяць пра гэта, пра ўсіх, хто тут змагаўся з захопнікамі, устаноўлена гэтая баявая машына.
Знаходзячыся тут, у Вілейцы, нельга не ўзгадаць і пра іншыя падзеі, якія адыгралі значную ролю ў лёсе нашага народа.
Недалёка адсюль праходзіла тая «лінія», якая падзяляла беларускі народ і якую Чырвоная Армія «сцерла» ў 1939 годзе.
Гэта гістарычнае здзяйсненне дало магчымасць аб’яднацца беларусам у адзіную сям’ю.
Зусім хутка, 17 верасня, у нашай краіне адзначаецца адно з самых важных святаў — Дзень народнага адзінства, вытокамі якога сталі тыя лёсавызначальныя падзеі, што аб’ядналі беларусаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны наш народ прадэманстраваў гэтае адзінства, аказаўшы лютае супраціўленне акупантам, а затым разам з іншымі народамі Савецкага Саюза разграміў фашызм.
Няхай гэты манумент стане напамінам пра гераічны подзвіг пакалення пераможцаў і сімвалам гатоўнасці сённяшняга пакалення абараніць сваю Айчыну — Рэспубліку Беларусь.
Будзем жа і надалей разам берагчы святую для ўсіх нас памяць пра вялікі подзвіг пакалення пераможцаў, гераізм і стойкасць воінаў-танкістаў, праяўленыя ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!
Час не ўладны над гэтым подзвігам, і ў нашай краіне ён ніколі не будзе забыты. Мы гэтага не дапусцім. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды!
У гэты светлы дзень дазвольце пажадаць усім моцнага здароўя, дабрабыту і, самае галоўнае, дзеля чаго мы сёння тут сабраліся, — мірнага неба над галавой.
Вечная памяць загінулым героям!
***
У размове з журналістамі кіраўнік ваеннага ведамства адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці і перадачы яе падрастаючаму пакаленню:
«Традыцыя ўстаноўкі ўзораў тэхнікі ў розных гарадах і раёнах нашай краіны зарадзілася не адзін год і нават не адно дзесяцігоддзе таму. За апошнія гады такія экспанаты пад адкрытым небам ужо з’явіліся ў Навагрудку, Стоўбцах, Полацку, Лідзе, Бешанковіцкім і Чавускім раёнах.
Сёння чарга Вілейкі. Гэты горад абраны невыпадкова: у гады Вялікай Айчыннай вайны яго вызваляла менавіта танкавая брыгада, якую ўзначальваў Герой Савецкага Саюза Азі Асланаў. У гэтым і заключаецца сімвалізм размяшчэння танка менавіта тут.
Устаноўка такіх узораў тэхнікі — гэта яшчэ і клопат пра наша падрастаючае пакаленне. Бо якое дзіця, убачыўшы танк, не захоча падысці да яго, памацаць і задаць пытанне: «А чаму ён тут стаіць?»
Тут ужо роля дарослых, вядома ж, — адказаць на гэтыя пытанні: «Чаму? Што тут адбывалася?» Гэта даніна памяці гісторыі. Растлумачыць, чаму ў многіх гарадах вакол нашай краіны, асабліва на Захадзе, цяпер зносяцца помнікі, а мы іх усталёўваем, захоўваем традыцыю. І будзем працягваць яе і надалей».
Асаблівую ўвагу генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін надаў гістарычнаму значэнню аб’яднання беларускага народа і важнасці захавання адзінства сёння:
«Дзень танкістаў праходзіць напярэдадні яшчэ аднаго вельмі значнага для нас свята — Дня народнага адзінства. Менавіта тут, недалёка ад Вілейкі, праходзіла тая лінія, якая падзяляла нашы народы, але ў 1939 годзе Чырвоная Армія яе сцерла, і наш народ змог аб’яднацца ў адну сям’ю. Гэта мы павінны памятаць, ведаць, гэтым даражыць.
Сёння мы жывём сваім розумам і самі вырашаем, як нам жыць. Мы не прадаём сваю гісторыю, мы развіваем сваю эканоміку, сеем хлеб. Мы не ўвязваемся ў гонку ўзбраенняў, але рыхтуем свае Узброеныя Сілы, грунтуючыся на прынцыпе ўсенароднага адзінства. І гэта ключавое сёння — тое, што павінна быць у нашай краіне і з’яўляцца найважнейшым стрымліваючым фактарам: адзінства ўсяго народа і гатоўнасць жыць у сваёй краіне, а калі трэба — стаць на яе абарону».
Старшы лейтэнант Яўген Лапушка, «Ваяр», фота Паліны Дзягцяровай