Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь

Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін далажыў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнка аб мерапрыемствах баявой падрыхтоўкі ва Узброеных Сілах, абстаноўцы, якая складваецца вакол краіны, а таксама аб дапамозе аграрыям з боку ваеннаслужачых у перыяд уборачнай кампаніі.

Што тычыцца падрыхтоўкі асабовага складу, яна праводзіцца ў планавым парадку з улікам аналізу і высноў, зробленых па выніках комплекснай праверкі, праведзенай на пачатку года.

Паводле слоў Міністра абароны, значная частка даклада была прысвечана ваенна-палітычнай абстаноўцы, якая складваецца вакол Беларусі. Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін ахарактарызаваў яе як стабільную:

«Сочачы за дзейнасцю ўзброеных сіл краін НАТА, мы не бачым вялікай актыўнасці. У сумежных краінах праходзіць мінімальная колькасць вучэнняў – усяго адно, мінімальная колькасць палётаў. Таму мы і лічым, што яна (абстаноўка вакол Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) стабільная, і нейкай пагрозы, напружання, падрыхтоўкі да раптоўнага нападзення мы не бачым».

Што датычыцца паўднёвых рубяжоў Беларусі, то кіраўнік абароннага ведамства канстатаваў, што з боку ўкраінскіх фарміраванняў няма прыкмет падрыхтоўкі да агрэсіўных дзеянняў:

« На сённяшні дзень мы не бачым, што ад украінскіх фарміраванняў, якія забяспечваюць прыкрыццё сваёй граніцы, ідзе падрыхтоўка да нейкіх агрэсіўных актыўных дзеянняў. Нягледзячы на тое, што ў інфармацыйным полі гучыць рознае, для іх напружанне на нашай граніцы не патрэбна».

Міністр абароны абверг інфармацыйныя ўкіды аб будаўніцтве Беларуссю ўмацаваных раёнаў на мяжы з Украінай:

«Мы, вядома, гэта чуем і глядзім на гэта з усмешкай. Тыя заявы, што мы рыхтуем нейкія абарончыя раёны... Мы выдатна разумеем, што гэта робіцца толькі з адной мэтай: стварыць напружанасць у нашым грамадстве, ды і ва ўкраінскім таксама, убіваючы клін і робячы з нас лютых ворагаў. Гэта ніяк не адпавядае рэчаіснасці».

Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін нагадаў, што раней кіраўнік дзяржавы даручыў абсталяваць умацаваныя раёны ўздоўж дзяржаўных межаў Беларусі:

«Гэта даручэнне выканана. Пяць умацаваных раёнаў уздоўж заходняй і паўночнай межаў абсталяваны, вядзецца іх актыўнае ўдасканаленне. На паўднёвай мяжы нават у планах няма стварэння якіх-небудзь умацаваных раёнаў або абарончых рубяжоў».

Кіраўнік абароннага ведамства таксама адзначыў, што ў Беларусі дзейнічае дзяржаўная праграма па добраўпарадкаванні і развіцці Палесся:

«Там цяпер актыўна вядзецца рэканструкцыя і рамонт мастоў, добраўпарадкоўваюцца дарогі, абсталююцца новыя зоны адпачынку для грамадзян. Усё гэта ўспрымаецца так, нібыта вядзецца нейкая падрыхтоўка. Гэта не адпавядае рэчаіснасці, і людзям трэба проста не звяртаць увагі на такія чуткі».

Яшчэ адна тэма даклада датычылася ўборачнай кампаніі. Ваеннаслужачыя ў гэтым пытанні традыцыйна аказваюць падтрымку аграрыям.

Міністр абароны далажыў Прэзідэнту прапанову аб далучэнні да выканання гэтай задачы ваенных камісараў у рэгіёнах:

«Я далажыў, як будзе выконвацца даручэнне кіраўніка дзяржавы. Да гэтай работы цяпер будуць далучаны ваенныя камісары, якія ў найбліжэйшы час правядуць сумесныя нарады з кіраўнікамі мясцовых органаў улады і вызначаць парадак далейшых дзеянняў.

Далей, як сказаў Прэзідэнт, не з кабінетаў, а ў палі — яны выедуць у сельскагаспадарчыя арганізацыі, наладзяць з імі ўзаемадзеянне і будуць працаваць, аказваючы дапамогу і падтрымку».

Прэзідэнту падрабязна дакладзена, у якіх рэгіёнах ваеннаслужачыя выконваюць адпаведныя задачы, колькі выдзелена тэхнікі і механізатараў:

«Мы, людзі ў пагонах, у бітве за ўраджай ні ў якім разе не застаёмся ўбаку. Я падрабязна далажыў кіраўніку дзяржавы, дзе ваеннаслужачыя выконваюць задачы, колькі і якой тэхнікі мы выдзелілі, якіх паказчыкаў дасягнулі і ў якіх аб'ёмах».

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін пасля даклада Прэзідэнту Беларусі — Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі — правёў у рэжыме відэаканферэнцсувязі нараду з ваеннымі камісарамі абласных ваенных камісарыятаў і ваеннага камісарыята горада Мінска.

Размова шла аб рэалізацыі даручэння Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, дадзенага на селектарнай нарадзе, адносна накіравання тых, хто не жадае добрасумленна працаваць у перыяд уборачнай кампаніі, у армейскія рады для павышэння ўзроўню індывідуальнай падрыхтоўкі па ваенна-ўліковай спецыяльнасці. Да выканання пастаўленай задачы далучаны ваенныя камісары ў рэгіёнах.

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін:

«Паважаныя таварышы афіцэры, я сабраў вас для таго, каб паставіць задачу адносна парадку выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы, якое ўчора было даведзена на селектарнай нарадзе. Сёння я далажыў Прэзідэнту задуму, а цяпер мы з вамі абмяркуем дэталі выканання гэтага даручэння».

Фота БЕЛТА і Арцёма Берасценя.