У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перададзена чарговая капсула з пасланнем ветэранаў

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перададзена чарговая капсула з пасланнем ветэранаў

Капсулу з пасланнем будучаму пакаленню перадаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фяшчанка. У 17 гадоў Фёдар Сяргеевіч добраахвотнікам пайшоў на фронт. Служыў у артылерыі, удзельнічаў у аперацыі «Баграціён», вызваляў Беларусь і дайшоў да Берліна, дзе сустрэў Перамогу.

Капсулы перададзены Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі ў рамках ваенна-патрыятычнай акцыі «Лісты нашчадкам. 100-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца!». Пасланні ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, адрасаваныя будучаму пакаленню, будуць агучаны ў год 100-годдзя Вялікай Перамогі.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны капітан у адстаўцы Фёдар Фяшчанка:

— Я ўдзельнічаў у складанні паслання будучым пакаленням. У ім — словы патрыятычнага характару і пажаданні пакаленню, якое ідзе нам на змену: «Беражыце гонар замаладу, вызначыцеся са сваім прызваннем і мэтанакіравана, упэўнена ідзіце па абраным шляху. Працуйце, шануйце памяць пра сваю сям'ю, удасканальвайцеся».

Калі працавалі над пасланнем, ніякіх рознагалоссяў не было. Унутры капсулы — пасланне патрыятычнага і жыццёвага характару. Хацелася б, каб яму прытрымліваліся, каб людзі праслаўлялі сваю краіну. Што значыць быць патрыётам? Я лічу так: гэта гатоўнасць не толькі любіць, але і абараняць сваю Радзіму. Калі ты хочаш здзейсніць подзвіг, не думай пра гэта. Думай больш пра тое, як ты павінен працаваць, для чаго ты працуеш і для чаго жывеш.

Старшы афіцэр упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Сяргей Шохаў:

— Мэта акцыі — убачыць жывую сувязь паміж нашымі пакаленнямі. Сімвалічна, што сёння тут прысутнічаў ветэран Фёдар Сяргеевіч, а таксама шмат маладых хлопцаў і дзяўчат. Я ўпэўнены, што яны надоўга запомняць гэтае мерапрыемства. І, як ужо было сказана, яны абавязкова прыйдуць сюды на стагоддзе Вялікай Перамогі і будуць ганарыцца тым, што сталі сведкамі перадачы капсулы. Сваёй мэтай мы таксама ставім захаванне памяці пра нашых ветэранаў, пра подзвіг пакалення пераможцаў. На жаль, жывых сведкаў той страшнай вайны становіцца ўсё менш. Адыходзіць пакаленне ветэранаў. Мы не маем права забыць іх подзвіг, таму ваеннае ведамства праводзіць патрыятычныя акцыі і мерапрыемствы ва ўсіх абласцях і раённых цэнтрах. Мы надаём гэтаму асаблівую ўвагу.

Ініцыятарам гэтай акцыі выступіла Міністэрства абароны. Спачатку тры капсулы ад расійскага боку і тры капсулы ад беларускага боку на парытэтнай аснове былі перададзены ў Брэсце. Затым яшчэ чатыры капсулы ад удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны былі перададзены ў абласныя цэнтры краіны. Завершыцца гэтае мерапрыемства ў Мінскай вобласці на Кургане Славы. Такім чынам, акцыя «Лісты нашчадкам. 100-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца!» будзе праведзена ва ўсіх абласных цэнтрах і ў горадзе Мінску.

Мы сёння чулі словы ветэрана. Яны прасякнуты любоўю да Радзімы і патрыятызмам. У капсулах знаходзяцца пасланні ад ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з усёй Беларусі. Ёсць таксама капсулы з пасланнямі ад расійскага боку. Тэксты пасланняў будуць агучаны 9 мая 2045 года ў тых месцах, дзе былі закладзены капсулы.

Мы праводзім розныя мерапрыемствы і палічылі, што такая форма звароту да будучых пакаленняў — напісанне жывымі сведкамі вайны ўласнаручных пасланняў або пасланняў з дапамогай сваіх родных — будзе найбольш дарэчнай. Свае словы, сваю боль, радасць, гонар за краіну і за Перамогу ветэраны перадалі нам у гэтых пасланнях. Гэта будзе для нас добрым наказам — як трэба жыць, абараняць і любіць нашу Радзіму.

Старшы лейтэнант Анастасія Банет, «Ваяр», фота Уладзіміра Блінава.