Пасяджэнне Савета міністраў абароны дзяржаў — членаў АДКБ

Пасяджэнне Савета міністраў абароны дзяржаў — членаў АДКБ

У Маскве прайшло пасяджэнне Савета міністраў абароны краін — удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Удзельнікі пасяджэння Савета міністраў абароны дзяржаў — членаў АДКБ усклалі кветкі да манумента «Маці пераможцаў» у ваенна-патрыятычным парку «Патрыёт».

****

У ходзе абмену меркаваннямі па пытанні выклікаў і пагроз ваеннай бяспецы ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі Арганізацыі Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін выступіў з дакладам.

Кіраўнік абароннага ведамства адзначыў, што з моманту леташняга сумеснага пасяджэння абстаноўка ў зоне адказнасці Арганізацыі не палепшылася. А ў сувязі з сітуацыяй у Іране ўзніклі новыя рызыкі бяспекі ў Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне.

Таксама генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін выказаў занепакоенасць магчымым узнікненнем гуманітарнага крызісу і міграцыйных патокаў, здольных перанесці экстрэмісцкія ідэалогіі і тэрарыстычныя арганізацыі на тэрыторыю краін АДКБ з-за прыгранічнага канфлікту паміж Афганістанам і Пакістанам.

Акцэнтуючы ўвагу на развіцці ваенна-палітычнай абстаноўкі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, Міністр абароны адзначыў, што яна характарызуецца вельмі небяспечным узмацненнем негатыўных тэндэнцый і поўнай адсутнасцю зацікаўленасці ў краін калектыўнага Захаду ў пабудове шматпалярнага свету, заснаванага на прынцыпах уліку інтарэсаў іншых дзяржаў і непадзельнасці бяспекі:

«Рэспубліка Беларусь неаднаразова інфармавала саюзнікаў па АДКБ аб маштабным перааснашчэнні еўрапейскіх армій, нарошчванні магчымасцей па перакідцы кааліцыйных войск на ўсходнюю граніцу НАТА, падтрымання перадавой ваеннай прысутнасці ў Польшчы і краінах Балтыі.

Сёння толькі на тэрыторыі вышэйназваных дзяржаў размешчана каля 21 тыс. ваеннаслужачых, задзейнічаных у аперацыях узброеных сіл ЗША і аб’яднаных узброеных сіл НАТА па ўзмацненні «ўсходняга фланга» альянсу.

На фоне заявы Прэзідэнта ЗША Д. Трампа аб скарачэнні кантынгенту ў Германіі Польшча вядзе перагаворы з Пентагонам аб пашырэнні амерыканскай ваеннай прысутнасці на сваёй тэрыторыі. Аналагічную зацікаўленасць абазначыла кіраўніцтва Латвіі і Літвы.

У рамках шматлікіх мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, якія праводзяцца, войскі дзяржаў Паўночнаатлантычнага альянсу працягваюць адпрацоўваць увесь спектр пытанняў: ад перакідкі на ўсходні фланг да непасрэднага вядзення наступальных аперацый створанымі групоўкамі супраць Расіі і Беларусі.

Штогадовыя сукупныя ваенныя расходы дзяржаў — членаў НАТА дасягнулі рэкорднай сумы, якая складае больш за 1,6 трыльёна долараў, і працягваюць павялічвацца. Заходнімі палітычнымі элітамі і звязанымі з імі абароннымі карпарацыямі менавіта вайна разглядаецца як залог унутранай кансалідацыі і ўстойлівага прыбытку. Гэта значыць, што яны не адмовяцца ад гэтай формы вырашэння міждзяржаўных супярэчнасцей.

Невыпадкова пасыл аб неабходнасці ўжо ў бліжэйшай перспектыве быць у гатоўнасці да ваеннага канфлікту з нашым саюзнікам па АДКБ, Расійскай Федэрацыяй, лёг у аснову дактрынальных дакументаў у сферы бяспекі, абароны і знешняй палітыкі, прынятых у ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Францыі і шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў.

Такім чынам, ацэньваючы абстаноўку, якая склалася ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, канстатуем, што верагоднасць развязвання ваеннага канфлікту ў адносінах да Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, якія ўваходзяць у АДКБ, як і магчымасць яго наступнай трансфармацыі з рэгіянальнага ў глабальны, надзвычай высокая.

Гэты і іншыя выклікі, што стаяць перад нашай Арганізацыяй, патрабуюць безумоўнай кансалідацыі, высокай хуткасці прыняцця рашэнняў, здольнасці дзейнічаць як адзіны арганізм.

Складана ўявіць, якой была б сітуацыя ў сферы бяспекі на прасторы Арганізацыі, калі б нашы краіны не захавалі цеснае супрацоўніцтва і не развівалі яго ў адпаведнасці з абстаноўкай, якая змяняецца».

Міністр абароны заклікаў да актыўнага прадстаўніцтва ўсіх дзяржаў-удзельніц на мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі Калектыўных сіл АДКБ і адзначыў неабходнасць узмацнення работы з трэцімі краінамі і іншымі арганізацыямі, якія падзяляюць прынцыпы і падыходы АДКБ у галіне забеспячэння міжнароднай бяспекі.

«Мы здольныя не толькі забяспечыць належны адказ на сучасныя выклікі і пагрозы, але і стаць рухаючай сілай працэсу фарміравання новай архітэктуры міжнароднай бяспекі, запыт на якую наспеў у Еўразіі», — выказаў упэўненасць Міністр абароны.

Таксама генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін запрасіў прадстаўнікоў дзяржаў Арганізацыі прыняць удзел у VIII Міжнароднай ваенна-навуковай канферэнцыі, якая пройдзе 19–20 лістапада ў Мінску.

Фота Паўла Гузіча