Ваеннаслужачыя Узброеных Сіл прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку

Ваеннаслужачыя Узброеных Сіл прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку

Каля 50 тысяч ваеннаслужачых Узброеных Сіл разам з сем’ямі прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку.

Ваенныя добраўпарадкуюць і аблагорадзяць больш за 500 аб’ектаў, якія маюць асаблівае гістарычнае значэнне, — мемарыялы і помнікі, брацкія пахаванні воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, месцы баявой славы.

Фінансавыя сродкі, заробленыя ва Узброеных Сілах падчас суботніка, будуць накіраваны на стварэнне пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, які будуецца.

***

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін прыбыў у вёску Кайкава, дзе разам з сувораўцамі і афіцэрамі Узброеных Сіл удзельнічае ў рэспубліканскім суботніку і добраўпарадкаванні манумента, узведзенага ў гонар баявога шляху партызанскай брыгады імя Калініна.

Геаграфія добраўпарадкавання памятных месцаў, прысвечаных подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пашыраецца — годам раней ваеннаслужачыя і выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча на чале з Міністрам абароны ўпарадкоўвалі брацкую магілу ў аграгарадку Прылукі, а ў 2024-м — месца базавання штаба легендарнай партызанскай брыгады «Штурмавая».

У гэтым годзе — манумент у памяць аб баявых дзеяннях партызан партызанскай брыгады імя Калініна ў вёсцы Кайкава.

***

Міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін і ўдзельнікі суботніка ўсклалі кветкі да манумента і ўшанавалі памяць партызан, а таксама герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

У завяршэнне кіраўнік ваеннага ведамства падзякаваў ваеннаслужачым за працу і цёпла пагутарыў з сувораўцамі.

Было і наказ сувораўцам — ад сувораўца, які стаў Міністрам абароны:

— Які курс у вас?

— Першы.

— Ну і як уражанні?

— Усё выдатна!

— Да канца пойдзем? А потым?

— Афіцэрамі станем.

— А ці хопіць вытрымкі?

— Так точна!

— Дзякуй вам, хлопцы, што выбралі гэтую прафесію. Самае галоўнае — дайсці да канца. Марыш стаць генералам — значыць, так яно і будзе. Але для гэтага трэба добра вучыцца. Потым, калі настане час прыходзіць на службу, — працаваць з людзьмі, з падначаленымі — гэта таксама вельмі няпроста. Тэхніку трэба ведаць, якая ў нас зараз на ўзбраенні. Гэта ўсё на вашых плячах, вы наша будучыня. Паверце, час праляціць вельмі хутка. Потым будзеце ўспамінаць мае словы праз гадоў 30-35. Калі, можа, генераламі ўжо станеце. Але і дзяцінства таксама павінна быць. Усё павінна быць у свой час. Так што беражыце сябе і вучыцеся!

***

Памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах – начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Леанід Касінскі:

«Праводзіць суботнікі — гэта традыцыя, якая ў беларусаў у крыві. Сёння практычна 50 тысяч ваеннаслужачых працуюць на розных аб’ектах.

У нас у краіне больш за 8 тысяч розных воінскіх пахаванняў і помнікаў, прысвечаных воінскай славе. Кожны год і не толькі ў суботнік, мы наводзім на іх парадак, тым самым аддаючы абавязак памяці пакаленню пераможцаў.

Наша група сёння знаходзіцца ў населеным пункце Кайкава, дзе ў 70-х гадах быў пабудаваны мемарыял, прысвечаны легендарнай партызанскай брыгадзе імя Калініна.

Гэта было даволі буйнае партызанскае злучэнне. Людзі з навакольных вёсак сыходзілі ў партызаны цэлымі сем’ямі. Вялікая гісторыя звязана з гэтым месцам.

І ў пасляваенныя гады практычна кожны год у значныя даты, у Дзень Перамогі, тут збіраліся партызаны, успаміналі тыя ліхія і гераічныя гады.

На жаль, жыццё такое, што з часам прыходзіць сюды ўжо няма каму. І прыходзім мы, ваенныя людзі для таго, каб сваёй працай на гэтых святых для кожнага беларуса месцах навесці парадак і захаваць памяць пра тых, хто гераічна біўся на нашай зямлі».

Генерал-маёр Леанід Касінскі выказаў упэўненасць, што гэтую традыцыю працягне падрастаючае пакаленне.

«Гэтая традыцыя працягнецца. Сёння тут разам з намі працуюць сувораўцы. Я ўпэўнены, што сярод іх, — будучыя знакавыя ваенныя кіраўнікі. І, можа быць, гадоў праз 20-30, ужо ў званні, дапусцім, Міністра абароны, яны прыедуць сюды, каб аддаць даніну памяці нашым продкам — тым, хто ваяваў, тым, хто абараняў нашу краіну.

Гэты патрыятызм пачынаецца сёння, калі хлопцы ўсведамляюць тое, што яны захоўваюць гісторыю, захоўваюць гістарычную памяць».

***

Разам з выхаванцамі МСВВ ў рэспубліканскім суботніку прымае ўдзел намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Навуменка, выпускнік Мінскага СВВ 1988 года. Ён разам з сувораўцамі 3-й роты высаджвае туі на алеі каля бюста генералісімуса Аляксандра Суворава.

— Мой выбар месца працы на рэспубліканскім суботніку ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы просты і зразумелы, — гаворыць генерал-маёр Аляксандр Навуменка. — Па-першае, я вучыўся тут, тут прайшлі мае юнацкія гады, вучылішча выхавала мяне і адкрыла дарогу ў далейшую афіцэрскую службу нашай Радзіме. Па-другое, я быў начальнікам гэтага вучылішча, з задавальненнем узгадваю тыя часы, калі тут працаваў, навучаў і выхоўваў сувораўцаў. І, вядома, бачу, колькі намаганняў прыкладае начальнік вучылішча генерал-маёр Дзмітрый Кучук па ўдасканаленні вучэбна-матэрыяльнай базы, стварэнні выдатных умоў для выхаванцаў. У гэты цудоўны вясновы дзень мне было прыемна далучыцца да сувораўцаў і ўнесці хоць маленькую кроплю ў прыгажосць нашага вучылішча.

***

У Слуцкім раёне працуюць больш за сто ваеннаслужачых тылу і ўзбраення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам Міністра абароны па тылу – начальнікам тылу Узброеных Сіл генерал-маёрам Андрэем Бурдыка. Ваеннаслужачыя дапамаглі ў добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі, а таксама высадзілі больш за 200 дрэў: ліпу, ясень, клён, вяз.

Больш матэрыялаў пра ўдзел ваеннаслужачыя у рэспубліканскім суботніку чытайце тут.

Фота Арцёма Берасценя, Анастасіі Гакоцінай, з архіва МСВВ