Войскі радыёэлектроннай барацьбы
Гісторыя

Узнікненне і развіццё радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) непарыўна звязана з гісторыяй развіцця радыёэлектронных сродкаў (РЭС) і ўкаранення іх у сферу ўзброенай барацьбы.

Радыёэлектронная барацьба лічыцца адносна маладым напрамкам у ваеннай справе. Разам з тым ідэя і першыя выпадкі вядзення радыёразведкі і стварэння радыёперашкод адносіцца яшчэ да часу пачатку ўжывання радыё ў ваеннай справе.

Першыя спробы прымянення перашкод для парушэння радыёсувязі мелі месца ў ходзе Руска-японскай вайны. 15 красавіка 1904 года японскія крэйсеры падвергнулі артылерыйскаму абстрэлу ўнутраны рэйд і горад Порт-Артур. Артылерыйскую стральбу карэкціравалі па радыё японскія караблі, якія стаялі насупраць уваходу ў гавань. З дапамогай карабельнай радыёстанцыі браняносца «Победа» і берагавой радыёстанцыі «Золотые Горы» абаронцы Порт-Артура паспяхова падаўлял і перашкодамі перадачу радыёграм караблёў-карэкціроўшчыкаў.

У выніку згодна з данясеннем камандуючага флотам контр-адмірала князя П. Ухтомскага, з выпушчаных непрыяцелем больш за 60 снарадаў пападанняў у цэлі не было.

Больш інтэнсіўна радыёразведка і радыёперашкоды пачалі прымяняцца ў ходзе Першай сусветнай вайны. Радыёперашкоды ствараліся для парушэння радыёсувязі паміж штабамі армій, карпусоў і некаторых дывізій, а таксама паміж ваеннымі караблямі. Перашкоды радыёсувязі ўжываліся ў ходзе баявых дзеянняў ваенна-марскіх сіл і сухапутных войскаў эпізадычна, так як ваюючыя бакі аддавалі перавагу перахвату радыёперадач, а не іх зрыву. Для стварэння перашкод выкарыстоўваліся звычайныя сродкі радыёсувязі, а ў германскай арміі – спецыяльныя станцыі радыёперашкод.

У ходзе Другой сусветнай вайны, акрамя сродкаў радыёсувязі, пачалі шырока прымяняцца радыёлакацыйныя станцыі і радыёнавігацыйныя прыборы. У сувязі з гэтым у радах армій пачынаюць распрацоўваць станцыі перашкод і ствараюць воінскія часці для барацьбы з радыёэлектроннымі сродкамі праціўніка.

Да гэтага ж часу адносіцца стварэнне органаў і часцей радыёэлектроннай барацьбы Чырвонай Арміі. На падставе дакладной запіскі Наркама ўнутраных спраў СССР 16 снежня 1942 г. была прынята пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны «Аб арганізацыі ў Чырвонай Арміі спецыяльнай службы па забіўцы нямецкіх радыёстанцый, якія дзейнічаюць на поле бою». У адпаведнасці з названай пастановай былі сфарміраваны першыя часці радыёперашкод: 130, 131 і 132 асобныя радыёдывізіёны спецыяльнага прызначэння. Яшчэ адзін дывізіён (226- гi) быў створаны ў сакавіку 1944 года. Дывізіёны мелі колькасць 195 чалавек, з іх 32 афіцэра. На іх узбраенні знаходзiлiся на ўлiку ад 8 да 10 аўтамабільных радыёстанцыі тыпу РАФ-КХ і РСБ-Ф, спецыяльна абсталяваных прыстаўкамі для стварэння перашкод; 18-20 разведвальных радыёпрыёмнікаў тыпу «Віраж» і «Чайка» і чатыры радыёпеленгатары тыпу 53-ПК-3 і «Штопар ». У 130, 131, 132 радыёдывізіёнах спецыяльнага прызначэння знаходзiлiся таксама магутныя чыгуначныя станцыі радыёперашкод тыпу «Пчела». У далейшым гэтыя часці прымалі ўдзел ва ўсіх аперацыях Вялікай Айчыннай вайны. Імі была сарвана перадача больш за 24 тысячы радыёграм у аператыўным і аператыўна-тактычным звёнах упраўлення праціўніка.

Дзеянні гэтых радыёдывізіёнаў былі асабліва эфектыўнымі пры блакіраванні акружаных груповак праціўніка. Так, пры разгроме акружанай групоўкі ў Кёнігсбергу, 131-ы асобны радыёдывізіён спецыяльнага прызначэння падавіў практычна ўсе радыёсувязі групоўкі праціўніка з вярхоўным галоўнакамандаваннем і з Земландскай групоўкай, што, па заяве камандуючага акружанай групоўкай, з'яўлялася адной з прычын капітуляцыі нямецка-фашысцкіх войскаў.

Вялікую ролю радыёдывізіёны спецыяльнага прызначэння сыгралі ў найбуйнейшай наступальнай аперацыі Другой сусветнай вайны – аперацыі «Баграціён».

У пачатку аперацыі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту акружылі і праз чатыры дні разграмілі 5 нямецкіх дывізій на захадзе Віцебска. Адначасова войскі 1-га Беларускага фронту да 29 чэрвеня ліквідавалі асноўныя сілы (6 дывізій) 9-й арміі праціўніка пасля акружэння ў раёне Бабруйска. Затым, развіваючы наступленне, савецкія войскі вызвалілі Мінск, акружылі і да 12 ліпеня разграмілі буйную групоўку праціўніка, якая складалася са злучэнняў 4 і 9 армій. Да канца аперацыі савецкія войскі, разграміўшы галоўныя сілы групы армій «Цэнтр», вызвалілі Беларусь, частку Літвы і Латвіі, уступілі на тэрыторыю Польшчы і падышлі да Усходняй Прусіі.

131-й ардн спецназ, які паступіў 1 ліпеня 1944 года ў склад войскаў 3 Беларускага фронту, з раёнаў Б. Сабалі (12 км на поўдзень ад Рудні) з 8 па 27 чэрвеня і вёскі Гразіна (25 км на паўночны захад ад Оршы) з 28 чэрвеня па 1 ліпеня парушаў радыёсувязь 3-яй танкавай арміі і 4-й арміі, а таксама радыёсувязь узаемадзеяння паміж імі. Радыёперашкоды, якія ствараў дывізіён у 70 радыёсетках і радыёнапрамках, сарвалі перадачу каля 3700 радыёграм, або звыш 90% усіх радыёперадач праціўніка. У іх ліку быў сарваны прыём 30 вельмі важных аператыўных радыёграм групоўкі войскаў, акружанай на ўсход ад Мінска, і 90 радыёграм штабоў войскаў, якія дзейнічалі на каўнаскім кірунку. У працэсе перадачы 3700 радыёграм ва ўмовах радыёперашкод нямецкія радысты 11 000 раз паўтаралі асобныя групы і 4700 раз увесь тэкст радыёграм, 1600 раз пераходзілі на іншыя частоты, 400 разоў мянялі частоты ў працэсе радыёабмена, каля 400 разоў гублялі радыёсувязь і запытвалі настройку, 600 разоў спынялі радыёперадачы і аднаўлялі ў іншы час, 250 разоў спрабавалі перадаваць радыёграмы ў перапынках паміж перашкодамі, 50 разоў павялічвалі магутнасць радыёперадатчыкаў і прымалі іншыя меры абароны ад радыёперашкод.

У гэты ж час упершыню ўзнiкла пытанне аб арганізацыі ўзаемадзеяння па радыёэлектроннай барацьбе паміж часцямі і падраздзяленнямі спецыяльных войскаў. З мэтай паляпшэння ўзаемадзеяння і скарачэння часу на перадачу дадзеных аб выкрытых радыёсувязях прыёмныя радыёцэнтры 131 ардн і 474 ардн асобага прызначэння з 8 чэрвеня 1944 года дзейнічалі сумесна, размяшчаліся ў агульных пазіцыйных раёнах, а часам у адных памяшканнях.

У гэтай жа аперацыі досыць паспяхова прымяняўся такі спосаб радыёпадаўлення, як перадача дэзынфармацыйных паведамленняў. Былы начальнік штаба 131 ардн спецыяльнага прызначэння палкоўнік Іваноў А.Н., успамінаючы аб ходзе ліквідацыі акружаных разрозненых груповак праціўніка на ўсход ад Мінска, паведаміў, што радысты дывізіёна, выкарыстоўваючы трафейную радыёстанцыю, увайшлі ў радыёсувязь з галоўнай радыёстанцыяй адной з акружаных дывізій, якая беспаспяхова на працягу двух гадзін спрабавала ўсталяваць радыёсувязь з радыёстанцыяй штаба корпуса, і прынялі на сябе некалькі радыёграм, якія прызначаліся штабу нямецкага армейскага корпуса. Радыст дывізіёна настолькі дакладна імітаваў почырк работы радыста корпуснай радыёстанцыі праціўніка, што запалонены пасля радыст дывізіённай радыёстанцыі на допыце выказаў поўную ўпэўненасць, што дакладна па назначэнню перадаў дзве звыштэрміновыя радыёграмы, і быў перакананы ў адваротным толькі пасля дэманстрацыі нашым радыстам характару радыёабмена, які прайшоў.

130 ардн спецыяльнага прызначэння 1 Беларускага фронту пачынаючы з 24 чэрвеня парушаў радыёсувязь злучэнняў 9 арміі ў раёне Бабруйска, затым радыёсувязь злучэнняў 4 арміі, якія адыходзілі пад ударамі войскаў фронту. Асаблівая ўвага надавалася парушэнню радыёсувязі злучэнняў 9 арміі, якія, як стала вядома з перахопленых радыёграм, рыхтаваліся да прарыву з акружэння на паўночны захад, каб злучыцца з войскамі 4 арміі. У выніку магутных удараў авіяцыі і сухапутных войскаў да 28 чэрвеня бабруйская групоўка была цалкам ліквідавана.

У далейшым 130 дывізіён ва ўзаемадзеянні са 131 дывізіёнам парушаў радыёсувязь штабоў злучэнняў 105-тысячнай групоўкі праціўніка, акружанай на ўсход ад Мінска. У ходзе разгрому Мінскай групоўкі дывізіён парушаў сувязь злучэнняў 12, 27 і 35 вайсковых, 39 і 41 танкавых карпусоў 4 і 9 армій праціўніка, якія спрабавалі прарвацца на паўднёвы захад.

За поспехі ў вырашэнні баявых задач 130 і 131 радыёдывізіёны былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, а 132 – ордэнам Багдана Хмяльніцкага.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны часці радыёэлектроннай барацьбы былі расфарміраваны. Ізноў спецыяльныя часці РЭБ у сухапутных войсках былі створаны ў 50-х гадах. Пры гэтым ствараліся часці двух тыпаў: у складзе войскаў сувязі – батальёны для падаўлення наземнай радыё-і радыёрэлейнай сувязі праціўніка, а ў складзе войскаў СПА – батальёны для падаўлення бартавых авіяцыйных радыёэлектронных сродкаў разведкі, прыцэльвання, навігацыі і сувязі.

Да канца 90-х гадоў у склад Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь уваходзілі тры воінскія часці РЭБ: 10 асобны цэнтр РЭБ, 228 асобны цэнтр РЭБ, 387 вузел КТК. Але вялікая роля інфармацыйных сістэм у кіраванні войскамі і зброяй дыктавала павелічэнне ўздзеяння на каналы сувязі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы ва ўсіх звёнах упраўлення войскамі і зброяй. У перыяд з 2007 па 2009 год сфарміраваны тры новыя вайсковыя часці радыёэлектроннай барацьбы – 48 аб РЭБ-Н, 15 аб РЭБ-С і 16 аб РЭБ-С. У 2012 годзе шляхам зліцця 15 і 16 асобных батальёнаў радыёэлектроннай барацьбы аператыўна-тактычных камандаванняў сфарміраваны 16 асобны полк радыёэлектроннай барацьбы (з самалётнымі сродкамі) Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны.

Зараз сістэма радыёэлектроннай барацьбы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адпавядае гэтым патрабаванням па радыёэлектроннаму падаўленню радыёэлектронных сродкаў сістэм разведкі і ўпраўлення войскамі і зброяй.

Працягваецца аснашчэнне новай тэхнікай РЭБ, ажыццяўляецца ўкараненне новых форм і спосабаў прымяненне сіл і сродкаў РЭБ, ствараюцца новыя падраздзяленнi ў адпаведнасці з пагрозамі нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у ваеннай сферы. Асабовы склад воінскіх часцей РЭБ працягвае слаўныя традыцыі ў падтрыманні высокай баявой гатоўнасці і воінскай дысцыпліны, закладзеныя франтавікамі ў пачатковы перыяд развіцця сістэмы РЭБ.