Працягваецца падрыхтоўка да параду

Працягваецца падрыхтоўка да параду

Працягваецца падрыхтоўка да параду войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У ваенным парадзе прымуць удзел больш за 3700 ваеннаслужачых і каля 240 адзінак баявой тэхнікі, у складзе 20 пешых і 20 парадных разлікаў сучаснай ваеннай тэхнікі.

Традыцыйна парад войскаў адкрыюць сувораўцы. За імі перад трыбунамі пранясуць Сцяг Перамогі і штандары 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, якія прымалі ўдзел у Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён".

Упершыню па сталічным праспекце Машэрава пройдзе калона "партызан" у адпаведнай экіпіроўцы з унікальнымі рарытэтнымі ўзорамі стралковай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод удзельнікаў парада: выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча; курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь; ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ; ваеннаслужачыя 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады; 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады; 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння; 86-й і 85-й брыгад сувязі; 56, 60, 74 асобных палкоў сувязі; зводнай роты ганаровай варты, а таксама зводны аркестр Узброеных Сіл.

Таксама плануецца ўдзел у парадзе ваеннаслужачых Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.

Права ўдзельнічаць у парадзе ў гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ваеенаслужачыя заслужылі ратнай працай, высокімі паказчыкамі ў баявой падрыхтоўцы, паспяховым выкананнем вучэбных задач.

Фінальнай часткай ваеннага параду стануць пляц-канцэрт зводнай роты Ганаровай варты і выступленне зводнага ваеннага аркестра.

Больш за сто чалавек зводнай роты Ганаровай варты прадэманструюць новыя элементы і перастраенні.

Гісторыя зводнай роты Ганаровай варты Беларусі пачалася ў 2004 годзе. У яе склад уваходзяць штатныя падраздзяленні ганаровай варты Узброеных Сіл, органаў пагранічнай службы, а таксама ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Рота ганаровай варты на працягу шэрагу апошніх гадоў неаднаразова прымала ўдзел у паказальных выступленнях падчас святочных мерапрыемстваў у Расіі, Венесуэле, Польшчы і Катары, дэманструючы высокае майстэрства, годна прадстаўляючы міжнароднай грамадскасці Рэспубліку Беларусь і яе Узброеныя Сілы.