Прэзідэнт наведаў вытворчасць айчыннай стралковай зброі

Прэзідэнт наведаў вытворчасць айчыннай стралковай зброі

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведаў вытворчае падраздзяленне ААТ «Кідма тэк», якое спецыялізуецца на распрацоўцы, вытворчасці і рэалізацыі высокатэхналагічнай прадукцыі ваеннага і грамадзянскага прызначэння.

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін таксама прысутнічаў на прадпрыемстве: Узброеныя Сілы — галоўны заказчык вырабаў айчыннага ваенна-прамысловага комплексу.

Кожны прадстаўлены Прэзідэнту ўзор прайшоў выпрабаванні і праверку ваеннаслужачымі.

Стралковая зброя вельмі важная для арміі, нават пры наяўнасці беспілотнікаў або балістычных ракет, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

«На полі бою лёс вырашаюць людзі, салдаты. А для салдат гэта трэба. Без гэтай зброі мы нічога не зробім», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таму было прынята рашэнне стварыць у краіне ўласную вытворчасць.

«Мы зрабілі гэта самі. Без гэтага няма ніякай вайны, ніякай абароны, — падкрэсліў беларускі лідар. — Для таго каб ваяваць, патрэбна стралковая зброя. Таму гэта вельмі важна. Гэта аснова любой арміі».

Кіраўніку дзяржавы падчас наведвання ААТ «Кідма тэк» прадставілі ўласную цалкам лакалізаваную серыйную вытворчасць стралковай зброі і першы беларускі ўзор — аўтамат ВСК-100Б.

ААТ «Кідма тэк» — навукова-вытворчая арганізацыя ў сістэме Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, якая спецыялізуецца на распрацоўцы, вытворчасці і рэалізацыі высокатэхналагічнай прадукцыі ваеннага і грамадзянскага прызначэння, уключаючы стралковую зброю, сродкі аптычнага назірання, бронекамізэлькі, робататэхніку.

Работы па стварэнні ў Беларусі стралковай зброі і боепрыпасаў да яе былі пачаты ў 2018 годзе. Першым узорам стаў аўтамат серыі ВСК-100 пад патрон 7,62×39, прыняты на ўзбраенне ў пачатку 2021 года. Яго вытворчасць пачалася ў студзені 2020 года з буйнавузлавой зборкі.

У цяперашні час ААТ «Кідма тэк» распрацавала 5 мадэляў і 6 мадыфікацый баявой стралковай зброі, з якіх 4 мадэлі прыняты на ўзбраенне.

У канцы 2023 года ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Беларусі прыступілі да стварэння ўласнай цалкам лакалізаванай серыйнай вытворчасці стралковай зброі. Праведзена маштабная работа па праектаванні і рэканструкцыі наяўных будынкаў і збудаванняў з заменай і пракладкай новых інжынерных камунікацый для размяшчэння неабходнага абсталявання, набыты тэхналогіі, спецыялісты прайшлі навучанне.

Стварэнне цалкам лакалізаванай версіі аўтамата ВСК-100Б калібру 7,62 мм знаходзіцца на завяршальным этапе.

Аўтамат ВСК-100Б уяўляе сабой перспектыўны ўзор зброі, выраблены па АК-падобнай сістэме, з магчымасцю ўстаноўкі аптычных прыцэльных і электронна-аптычных прыбораў і дадатковага абсталявання (двуног, глушыцеляў, падствольнага гранатамёта, штыка-нажа і г. д.), са складаным тэлескапічным прыкладам, рукаяткай з убудаваным месцам для захоўвання і складаецца са 141 дэталі.

За кошт узмоцненага ствала і ствольнай скрынкі павялічана жывучасць ствала, павышаны дакладнасць і кучнасць стральбы з аўтамата ВСК-100Б у параўнанні з аналагічнымі ўзорамі стралковай зброі. Акрамя таго, дадатковы абвес дазваляе прымяняць аўтамат у тым ліку ў якасці лёгкага кулямёта і снайперскай вінтоўкі.

Акрамя аўтамата ВСК-100Б плануецца вытворчасць і іншай наменклатуры стралковай зброі: высокадакладнай вінтоўкі з падоўжна-слізгальным затворам тыпу «Стылет», пісталета-кулямёта ПП-919, кулямёта тыпу ПКМ.

У выніку вытворчасць стралковай зброі ў Беларусі створана практычна з нуля. Рэалізацыя пазначаных праектаў дазволіць у сярэднетэрміновай перспектыве дасягнуць поўнай тэхналагічнай незалежнасці ў гэтым сегменце.

Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус распавёў аб узаемадзеянні вытворцаў з Узброенымі Сіламі:

«Вы ведаеце, нават калі нам складана працаваць — гэта добра, што нам складана. У гэтым і заключаецца роля ваеннай прыёмкі Узброеных Сіл: указваць на ўсе тыя невялікія, нават нязначныя недахопы ў любым выглядзе ўзбраення — няважна, стралковая гэта зброя або нейкі іншы від вырабу».

Дзмітрый Пантус распавёў аб прыняцці айчыннай стралковай зброі на ўзбраенне і яе выпрабаваннях у войсках:

«Мы адзначалі, што чатыры тыпы стралковай зброі ўжо прыняты на ўзбраенне. Цяпер у войсках ужо праводзяцца адпаведныя выпрабаванні — папярэднія, далей ідуць дзяржаўныя. Работа напружаная, і мы нацэлены менавіта на гэта цеснае ўзаемадзеянне з нашымі Узброенымі Сіламі».

Фота БЕЛТА, Арцёма Берасценя