У Брэсце прайшла акцыя «Адзінства ў памяці. Сіла ў подзвігу!»

У Брэсце прайшла акцыя «Адзінства ў памяці. Сіла ў подзвігу!»

Сёння Брэсцкая крэпасць-герой, як сімвал нязломнасці духу і мужнасці, стала цэнтрам маштабнай акцыі «Адзінства ў памяці. Сіла ў подзвігу!». У гэтым годзе гэтая ўнікальная акцыя праводзіцца ў гарадах Беларусі і Расіі.

Часціца Вечнага агню, які нязгасна гарыць каля сцен легендарнай Цытадэлі, накіравалася ў гарады Расійскай Федэрацыі, несучы з сабой пасланне міру і брацтва, закладзенае ў аснову агульнай Вялікай Перамогі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, кіраўніцтва Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама ганаровыя госці — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і лакальных канфліктаў.

Асаблівае месца ў мерапрыемстве заняў абмен капсуламі з пасланнямі ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Беларускія ветэраны перадалі расійскаму боку свае наказы, якія будуць захоўвацца ва ўнікальным музейным комплексе «Дарога памяці».

У адказ Расійская Федэрацыя накіравала свае лісты нашчадкам у ключавыя мемарыяльныя комплексы нашай краіны.

Першая капсула з пасланнем сёння была перададзена Мемарыяльнаму комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Такая сімвалічная эстафета памяці — гэта перш за ўсё клятва вернасці агульнай гісторыі, залог трывалай будучыні, пабудаванай на фундаменту гераічнага мінулага народаў Беларусі і Расіі.

Намеснік начальніка галоўнага ваенна-палітычнага ўпраўлення Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі генерал-лейтэнант Алег Масееў адзначыў:

— 22 чэрвеня традыцыйна ў Расійскай Федэрацыі адзначаецца як дзень памяці і смутку. У 4 гадзіны раніцы запальваюцца свечкі ў памятных месцах і каля мемарыялаў. Традыцыйна мы праводзім гэтыя мерапрыемствы на тэрыторыі Парка культуры і адпачынку Узброеных Сіл. Кожны год да нас дастаўляюць часцінку агню з розных памятных месцаў. Гэта і Санкт-Пецярбург, з Піскароўскіх могілак. У апошні раз агонь быў прывезены ад мемарыяла Курскай бітвы. У гэтым годзе адзначаецца знамянальная дата — 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Таму часцінка агню бярэцца менавіта тут, ад Вечнага агню Брэсцкай крэпасці-героя. Гэта не проста агонь, гэта памяць пра нашых абаронцаў, пра тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля Перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Вадзім Лукашэвіч адзначыў:

— Чым далей у гісторыю адыходзіць пераможны 1945 год, тым больш мы назіраем спроб фальсіфікацыі і скажэння гістарычнай праўды пра вынікі Другой сусветнай вайны, прымяншэння ролі савецкага народа ў дасягненні перамогі над фашызмам, а таксама спробы аддаць забыццю подзвіг савецкага воіна-вызваліцеля.

Мы бачым, што шэраг дзяржаў, найперш Заходняй Еўропы, зносяць помнікі савецкім воінам, учыняюць акты вандалізму, апаганьваюцца брацкія магілы савецкіх салдат. Безумоўна, мы павінны супрацьстаяць гэтым скажэнням і фальсіфікацыям. Мы павінны памятаць, што ад поўнага заняволення свет выратаваў савецкі салдат. І правядзенне такіх акцый, як сённяшняя, у першую чаргу спрыяе захаванню гістарычнай памяці пра подзвіг савецкіх воінаў.

Мы павінны памятаць, што свет ад поўнага прыгнёту выратаваў савецкі салдат. І правядзенне акцый, якія сёння мы з вамі правялі, у тым ліку, спрыяюць у першую чаргу таму, што мы павінны памятаць і захаваць вось гэтую гістарычную памяць пра подзвіг савецкіх салдат. Памятаць пра тое, што нашы продкі сапраўдныя героі, што яны забяспечылі мірнае неба, наша выжыванне, існаванне, прадухілілі поўны прыгнёт нашых народаў.

Гледзячы на ўдзельнікаў сённяшняй акцыі, мы бачым, што яны з глыбокай павагай адносяцца да тых падзей і да гераізму сваіх продкаў. І, безумоўна, мы не павінны забываць пра тую трагічную старонку нашай гісторыі, пра тое, што нашы братэрскія народы выстаялі ў той цяжкі час, перамаглі, што ў нашай крыві цячэ ген пераможцаў. Мы павінны перадаваць гэтую гістарычную праўду нашым дзецям, дзеці — унукам, унукі — праўнукам, і тады яна будзе жыць.

Падпалкоўнік Алег Некала, «Ваяр», фота аўтара.