«Захад-2021» – ужо гісторыя

«Захад-2021» – ужо гісторыя

Урачыстая цырымонія закрыцця сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад-2021» адбылася сёння на 230-м агульнавайсковым палігоне.

Перад удзельнікамі вучэння выступіў Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін:

–Сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2021» было насычана некаторымі асаблівасцямі. Гэта і, упершыню, удзел у ім ваеннаслужачых Рэспублікі Казахстан, якія адпрацавалі шэраг пытанняў у складзе РГВ (С). Нашы штабы ў ходзе вучэння вырашалі некалькі рознапланавых задач – кіраванне войскамі і планаванне контрудару – гэта сапраўды складаны элемент. Гэта і стварэнне і прымяненне розных вайсковых фармаванняў, кіраванне імі, практычная адпрацоўка пытанняў арганізацыі ўзаемадзеяння.

Сур’ёзную ўвагу мы надалі асваенню новых спосабаў дзеянняў войскаў, якія прайшлі апрабацыю ў Сірыі і іншых ваенных канфліктах. Таксама ў ходзе вучэнняў адпрацаваны пытанні прымянення тактычных і аператыўных дэсантаў, вядзення ўзброенай барацьбы на часова акупаванай тэрыторыі сіламі тэрытарыяльных войскаў.

Самае галоўнае, нашы камандзіры, камандуючыя, штабы атрымалі практыку планавання сумесных дзеянняў. Нам удалося прадэманстраваць, што мы можам забяспечыць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Саюзнай дзяржавы. Гэта выразны і ясны сігнал для калектыўнага Захаду пра тое, што размова з пазіцыі сілы з народамі Беларусі, Расіі, Казахстана – бесперспектыўна. Мы нацэлены на дыялог.

Дэталёвы разбор будзе яшчэ праведзены. Будзе дадзена ацэнка ўсім дзеянням. Калі будзем падводзіць вынікі, паглядзім, што атрымалася добра, а дзе ёсць недахопы.

Важна, што ў ходзе гэтага вучэння мы змаглі зверыць арыенціры ў падрыхтоўцы і будаўніцтве нашых узброеных сіл, вызначыць перспектыву, як мы будзем рухацца далей. Ну а ў цэлым, падводзячы вынік, хачу сказаць, што нам удалося з максімальнай эфектыўнасцю адпрацаваць усе пытанні.

Мы ні адну краіну не расцэньваем як праціўніка. Але мы ў чарговы раз пераканаліся, што можам у самыя кароткія тэрміны ажыццявіць перагрупоўку расійскай часткі РГВ (С) на тэрыторыю Беларусі і ў складзе РГВ падрыхтаваць і адлюстраваць наступ любога суперніка, які захоча замахнуцца на нашу незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт».

Кіраўнік ваеннага ведамства павіншаваў прысутных з Днём народнага адзінства і адзначыў, што заканчэнне вучэння сімвалічна супала з гэтым святам.

Таксама на мерапрыемстве выступілі намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі генерал-палкоўнік Сяргей Істракоў, намеснік камандуючага дэсантна-штурмавымі войскамі Узброеных Сіл Рэспублікі Казахстан палкоўнік Віктар Жытнік.

Пасля звароту прадстаўнікоў Узброеных Сіл краін-удзельніц ССВ адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў, якія найбольш вызначыліся ў ім.

Самым відовішчным эпізодам цырымоніі закрыцця стала праходжанне калон тэхнікі падраздзяленняў, якія прымалі ўдзел у ССВ «Захад-2021». Перад трыбунай прайшлі асноўныя ўзоры бранятэхнікі сухапутных войскаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі: танкі Т-72Б і Т-80, баявыя машыны пяхоты БМП-2, баявыя машыны дэсанту БМД-4, артылерыйскія сістэмы 2С5 і 2С19, рэактыўныя сістэмы залпавага агню БМ-21 і «Тарнада».

Вянком ўрачыстай цырымоніі закрыцця вучэнні стаў святочны канцэрт.

Капітаны Максім Гарлуковіч і Артур Грыгаран, «Ваяр», фота аўтараў.