52 асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну – 20 гадоў

52 асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну – 20 гадоў

1 сакавіка 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён адзначае юбілейную дату – 20 гадоў з дня фарміравання.

52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён быў сфарміраваны на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1994 г. № 231 «Аб паляпшэнні работы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Рэспубліцы Беларусь».

Асноўнымі задачамі батальёна з'яўляюцца: планаванне, арганізацыя і правядзенне пошукавых работ, звязаных з ушанаваннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, якія загінулі (памерлі), зніклых без вестак у гады войнаў; арганізацыя ўзаемадзеяння з кіраўнікамі і іншымі ўпаўнаважанымі службовымі асобамі мясцовых выканаўчых і распарадчых, праваахоўных органаў, ваенных камісарыятаў у раёнах правядзення пошукавых работ; устанаўленне кантактаў са службовымі асобамі архіўных устаноў і музеяў, грамадскіх аб'яднанняў і грамадзянамі ў інтарэсах выяўлення месцаў няўлічаных воінскіх пахаванняў, устанаўленне імёнаў загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў.

Пошукавы рух з'яўляецца важным складальнікам работы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў.

Вынікам дзейнасці 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна з 1995 года стала абазначэнне межаў 313 025 пахаванняў, выяўленне астанкаў больш за 69 000 чалавек, адпрацоўка каля 2000 аб'ектаў, выяўлена і абясшкоджана больш за 5 000 выбухованебяспечных прадметаў, выяўлена 186 адзінак стралковай зброі, больш за 25 000 патронаў, 560 медальёнаў, 58 узнагарод, а таксама больш за 13 500 іншых прадметаў і рэліквій.

У 2014 годзе дзейнасць 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна (52 аспб) была накіравана на ўстанаўленне лёсаў загінулых і зніклых без вестак абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, увекавечанне іх памяці, забеспячэнне свабоднага доступу грамадзян да інфармацыі аб загінуўшых і месцах іх пахавання, папаўненне дзяржаўнага і рэгіянальных аўтаматызаваных банкаў дадзеных «Кніга Памяці», развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў ваенна-мемарыяльнай сферы.

Асабовы склад рэкагнасцыровачных і пошукавых падраздзяленняў 52 аспб падчас пошукавага перыяду 2014 года правёў палявыя пошукавыя работы на 127 пошукавых аб'ектах на тэрыторыі 40 раёнаў усіх абласцей Рэспублікі Беларусь.

У ходзе правядзення палявых пошукавых работ эксгумаваны і перададзены ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы для наступнага перапахавання астанкі 3 041 загінулага, устаноўлены звесткі аб 53 з іх. Выяўлена восем адзінак стралковай зброі, 4 857 патронаў, 542 выбухованебяспечныя прадметы, дзве ўзнагароды.

Найбольш маштабныя палявыя пошукавыя работы ў 2014 годзе праводзіліся ў мікрараёне Фолюш у Гродне, дзе былі эксгумаваныя астанкі 1 257 загінулых і ўстаноўлены звесткі аб 21 з іх, а таксама на тэрыторыі Паўднёвага Гарадка ў Брэсце – тут спецыялісты эксгумавалі астанкі 784 загінулых і ўсталявалі звесткі аб чатырох з іх.

Астанкі 228 ахвяр Вялікай Айчыннай вайны знойдзены ў ходзе правядзення земляных работ у Мінску па вуліцы Мініна і эксгумаваны ваеннаслужачымі 52 аспб.

Акрамя таго, у розных раёнах Беларусі асабовым складам батальёна праведзены шэраг сумесных ваенна-патрыятычных акцый ва ўзаемадзеянні з пошукавымі грамадскімі аб'яднаннямі Расійскай Федэрацыі: ваенна-патрыятычным клубам «Рассвет» горада Арзамаса Ніжагародскай вобласці – у Чавускім раёне; зводным пошукавым атрадам Пензенскай вобласці – у Рагачоўскім раёне; зводным пошукавым атрадам моладзевай арганізацыі «Объединение «Отечество» Рэспублікі Татарстан – у Слонімскім раёне; ваенна-гістарычным пошукавым атрадам «Уралец» г. Азёрска Чэлябінскай вобласці і зводным пошукавым атрадам Смаленскай вобласці – у Віцебскім раёне.

У пошукавым сезоне 2015 года плануецца правядзенне работ на 98 няўлічаных воінскіх пахаваннях ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь.