Наведванне Цэнтральнага каманднага пункта ВПС і войск СПА Галоўнакамандуючым

Наведванне Цэнтральнага каманднага пункта ВПС і войск СПА Галоўнакамандуючым

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыехаў на Цэнтральны камандны пункт ВПС і войск CПА.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб бягучай абстаноўцы і ходзе праверкі дзяжурных сіл ВПС і войск CПА.

Прэзідэнт назірае за трэніроўкай дзяжурных сіл па супрацьпаветранай абароне.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даў папярэднюю ацэнку па выніках праверкі дзяжурных сіл ВПС і войск СПА:


«Праверка прайшла. Першае пытанне, якое мяне хвалявала, – каб гэта ўсё было аб’ектыўна і сумленна. Як ваенны чалавек, вам магу сказаць, што калі вы праверку арганізавалі сумленна, як гэта належыць, – гэта годна. Я не служыў у ВПС, СПА. Але я бачу, як ажыццяўлялася гэтая праверка, задума яе. Вы выявілі ўсе цэлі. Вы з усімі цэлямі справіліся, – заявіў Кіраўнік дзяржавы. – Гэта выдатна. Ні адна цэль міма вас не прайшла. Уся Беларусь, гэта бачна ў рэжыме рэальнага часу, вамі кантралюецца. А калі кантралюецца, вы выявілі своечасова ўсе цэлі. Вы з імі справіліся. Дзе трэба – уразілі, дзе трэба – прымусілі да пасадкі і таму падобнае. Вы бачыце ўсё, што робіцца на сумежным баку, разведка працуе добра, інфармацыя перадаецца. Малайцы».

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што такая ацэнка мае права на жыццё, толькі калі праверка сапраўды была раптоўнай: «Адно толькі: калі гэта ўсё нечакана, раптоўна і сумленна. Калі так, дык так. Гэта не проста ўражвае, а гэта прыстойна. Будуць вынікі аб’ектыўнага кантролю – тады мы канчаткова падвядзем вынікі ў Міністэрстве абароны. Таму ў мяне адна толькі насцярожанасць – каб гэта было сумленна. Раптоўная праверка - значыць, ведаюць тыя, каму трэба. А астатнія працуюць, як у ваенны час. Калі гэта так, то малайцы. Гэта нядрэнна».

Прэзідэнт поўнасцю назіраў за ходам праверкі, цікавіўся дэталямі таго, што адбываецца, а потым паразмаўляў з удзельнікамі мерапрыемства.

 

***

Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін аб выніках праверкі дзяжурных сіл ВПС і войск СПА:


– Канцэнтрацыя войск НАТА каля нашых межаў па-ранейшаму застаецца высокай. Мы адзначаем высокі ўзровень правядзення мерапрыемств аператыўнай і баявой падрыхтоўкі.

Напрыклад, на сённяшні дзень на тэрыторыі сумежных з намі краін праходзіць 6 вучэнняў. У рамках вучэння «Абаронца Еўропы» вялікая колькасць тэхнікі і асабовага складу ажыццяўляе перамяшчэнне па тэрыторыі еўрапейскіх краін, у тым ліку гэта і авіяцыйная тэхніка.

Таму рашэннем Галоўнакамандуючага ў рамках раптоўнай праверкі Узброеных Сіл былі правераны дзяжурныя сілы па супрацьпаветранай абароне, як яны выконваюць свае задачы баявога дзяжурства, ахоўваючы нашу паветраную граніцу.

Аб выніках пакуль казаць рана. Канчатковы вынік будзе падведзены па выніках аб’ектыўнага кантролю. Але ўжо відаць, што ў цэлым з, задачай справіліся.

Мы з вамі бачым, наколькі змяніліся формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў, нават па прыкладзе спецыяльнай ваеннай аперацыі, якая ідзе ва Украіне.

Зараз і там гавораць аб вайне беспілотных лятальных апаратаў. Таму сёння вельмі пільную ўвагу мы ўдзяляем сродкам супрацьпаветранай абароны.

Вы выдатна ведаеце, мы заўсёды гэта асвятляем, гаворым адкрыта, што сёння на ўзбраенне нашых Узброеных Сіл паступаюць самыя сучасныя комплексы. Гэта самалёты Су-30СМ, верталёты Мі-35М, зенітна-ракетны комплекс С-400 «Трыумф», якія ажыццяўляюць ахову дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы і забяспечваюць мірнае неба над нашай галавой.

***

Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Андрэй Лук’яновіч расказаў пра асаблівасці праверкі дзяжурных сіл ВПС і войск СПА:


– Асновай абароны любой дзяржавы з’яўляецца супрацьпаветраная абарона. І сёння Прэзідэнт прысутнічаў на праверцы дзяжурных сіл па супрацьпаветранай абароне.

Гэта няпростая праверка насамрэч. Быў значна павялічаны склад дзяжурных сіл. Выведзены дадатковыя сілы і сродкі, пачынаючы ад радыётэхнічных войск. Прызначаны дадатковыя экіпажы авіяцыі, як самалётаў, так і верталётаў. Дадаткова назначаны падраздзяленні зенітна-ракетных войск, прычым не толькі ў пунктах пастаяннай дыслакацыі.

Таксама асаблівасцю стала тое, што было створана складанае паветранае становішча. Дадаткова прызначаны паветраныя цэлі. Усе цэлі, якія былі знойдзены радыётэхнічнымі войскамі, знішчаны зенітна-ракетнымі войскамі на далёкіх межах рэальных зон знішчэння. Авіяцыя адпрацавала таксама вельмі добра.