- Навіны
- Узброеныя Сілы
- Ваенная адукацыя
На ўчастку мясцовасці былога авіяцыйнага палігона Палескі ў Гомельскай вобласці разлікі 465-й ракетнай брыгады выканалі баявыя пускі з тактычнага ракетнага комплексу «Точка-УУ».
У рамках беларуска-расійскага сумеснага аператыўнага вучэння «Саюзная рашучасць – 2022» нашы ракетчыкі нанеслі групавы ракетны ўдар па цэлі, якая знаходзіцца на выдаленні звыш 60 кіламетраў.
За дзеяннямі ваеннаслужачых назіраў Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін. Ён павіншаваў ракетчыкаў з паспяховымі баявымі пускамі і ўзнагародзіў ваеннаслужачых, якія найбольш вызначыліся, памятнымі падарункамі.
Падпалкоўнік Георгій Патапаў, «Ваяр», фота аўтара
***
Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін паразмаўляў з журналістамі пасля ажыццяўлення пускаў тактычным ракетным комплексам «Точка-У».
Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік ваеннага ведамства адзначыў:
«У нашай краіне працягваецца сумеснае вучэнне «Саюзная рашучасць - 2022». Хачу нагадаць, што мэты вучэння - недапушчэнне і адбіццё знешняй агрэсіі ў ходзе вядзення абарончай аперацыі, процідзеянне тэрарыстычным выклікам і пагрозам, гарантаванне бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Мы нікому не пагражаем, ні адну з дзяржаў не разглядаем патэнцыйным праціўнікам.
У снежні мінуўшага года Прэзідэнтамі нашай краіны і Расійскай Федэрацыі было прынята рашэнне аб правядзенні праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы. Генеральнымі штабамі была праведзена сур'ёзная работа, была выпрацавана задума, вызначаны этапы і тэрміны правядзення, вызначаны сілы і сродкі, задзейнічаныя ў ходзе праверкі.
Цяпер мы бачым практычную рэалізацыю.
Сёння на ўчастку мясцовасці «Палескі» ў рамках вядзення сістэматычных агнявых дзеянняў ракетнымі войскамі зроблены практычныя баявыя пускі тактычным ракетным комплексам «Точка-У».
Гэта задача выканана ракетчыкамі на адзнаку выдатна.
Вучэнне працягваецца. Падчас першага этапа праверкі праверана лагістыка, ваенная інфраструктура па прыёме груповак, размяшчэнні войск і розных матэрыяльных сродкаў. Гэты іспыт вытрыманы. Мы можам бачыць, што нашы сістэмы кіравання вельмі выразна спалучаюцца, бачым высокі ўзровень вывучкі войск і моцны маральны дух. Мы гатовы забяспечыць бяспеку нашай Саюзнай дзяржавы».