Аб факультэце

Ваенны факультэт БДУІР

Ваенны факультэт ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі»


У нацыянальнай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі» займае вядучае месца ў падрыхтоўцы інжынерных і навуковых кадраў.

З 2004 года ваенны факультэт ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі» ажыццяўляе падрыхтоўку кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці: «Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацый», спецыялізацыя «Спецыяльныя сістэмы тэлекамунікацый», кваліфікацыя «Інжынер па тэлекамунікацыях». З 2009 года факультэт ажыццяўляе падрыхтоўку кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл па спецыяльнасці: «Радыёэлектронныя сістэмы», спецыялізацыя «Радыёэлектронныя сістэмы лакацыі і навігацыі», кваліфікацыя «Інжынер па радыёэлектроніцы». Тэрмін навучання курсантаў на ваенным факультэце складае 5 гадоў. Акрамя таго, пасля заканчэння факультэта загадам Міністра Абароны Рэспублікі Беларусь прысвойваецца воінскае званне «лейтэнант».

На ваенным факультэце курсанты вучацца толькі на бюджэтнай аснове, знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне, выплата грашовага забеспячэння).

Тэрмін службы ва Узброеных Сілах, а таксама ў іншых сілавых структурах і ведамствах Рэспублікі Беларусь лічыцца з моманту залічэння курсанта ва ўніверсітэт.

Пасля праходжання агульнавайсковай практыкі ў жніўні курсанты прымаюць Ваенную прысягу, становячыся паўнапраўнымі абаронцамі Айчыны.

Курсанты 1-га і 2-га курса пражываюць у казарме, а 3-га, 4-га і 5-га курсаў — у інтэрнаце. Два разы на год (зімой, летам) курсантам прадастаўляецца канікулярны адпачынак працягласцю 14 і 30 сутак адпаведна.

Прызначэннем выпускнікоў ваеннага факультэта з’яўляецца служба па кантракце ва Узброеных Сілах, а таксама ў іншых сілавых структурах і ведамствах Рэспублікі Беларусь на афіцэрскіх пасадах.

За гады навучання курсанты набываюць веды і навыкі, якія дазваляюць ім пасля рэалізаваць сябе ў галіне распрацоўкі, праектавання і эксплуатацыі апаратуры сувязі рознага прызначэння, у тым ліку і ваеннага. Яны будуць запатрабаваны ў падраздзяленнях войскаў сувязі, на прадпрыемствах сувязі, у праектных і навукова-даследчых інстытутах, вылічальных цэнтрах — усюды, дзе распрацоўваецца, вырабляецца і эксплуатуецца тэлекамунікацыйнае абсталяванне.

Спецыялізаваныя аўдыторыі ваеннага факультэта абсталяваны ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай сувязі, якія павінны ведаць будучыя афіцэры-сувязісты. Акрамя таго, на факультэце маюцца камп’ютэрны клас, бібліятэка з кніжным і электронным фондам тэхнічнай і спецыяльнай літаратуры. Электронны фонд дазваляе тым, хто навучаецца у камп’ютарным класе, самастойна вывучаць пройдзены вучэбны матэрыял, правяраць ступень яго засваення з дапамогай электронных праверачных праграм па розных дысцыплінах.

Акрамя заняткаў ва ўніверсітэце, курсанты займаюцца ў воінскіх часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл, дзе навучаюцца асновам арганізацыі і вядзення агульнавайсковага бою, баявому прымяненню сродкаў сувязі, узбраення і ваеннай тэхнікі радыётэхнічных войскаў.

Ва ўніверсітэце створана карпаратыўная камп’ютэрная сетка, функцыянуюць інфармацыйна-адукацыйны WEB-партал, электронная бібліятэка, а таксама забяспечаны выхад у сетку Інтэрнэт.

Значнае месца ў навучанні будучых афіцэраў займае фізічная падрыхтоўка. Універсітэт валодае добрай спартыўнай базай. Працуюць спартыўныя секцыі, плавальны басейн. У выхадныя дні курсанты маюць магчымасць пагуляць у футбол, валейбол, баскетбол і настольны тэніс.

У нашы дні курсанты факультэта накіроўваюць усе свае намаганні на паспяховае асваенне вучэбнай праграмы, складанай сучаснай тэхнікі і ўзбраення, фарміраванне свайго светапогляду, строгае захаванне воінскай дысцыпліны, каб выйсці з сцен універсітэта не толькі высокапрафесійнымі афіцэрамі, але і патрыётамі, людзьмі з перакананнямі і цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, з глыбокім разуменнем свайго высокага прызначэння ў лёсе нашай дзяржавы.

Высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, добрыя веды і ўменні, інтэлектуальнае развіццё выпускнікоў ваеннага факультэта ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі» — гэта вынік працы ўсяго калектыву ваеннага факультэта і ўніверсітэта ў цэлым.

Сёння афіцэрская служба гэта магчымасць знайсці для сябе годную прафесію.

Для гэтага мы зможам даць вам:

  • Якасную бясплатную адукацыю
  • Поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на час вучобы
  • Гарантаванае працаўладкаванне пасля заканчэння вучобы
  • Годную аплату вашай працы
  • Сацыяльныя гарантыі ваеннаслужачых
  • Прафесійны кар’ерны рост

Ад вас запатрабуецца мэтанакіраванасць, старанне і ініцыятыва.