Беларусь і Азербайджан абмеркавалі бягучы стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва
У Цэнтральным Доме афіцэраў адбыліся перамовы паміж начальнікам Генеральнага штаба — першым намеснікам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёрам Паўлам Муравейка і першым намеснікам Міністра абароны Азербайджанскай Рэспублікі — начальнікам Генеральнага штаба Азербайджанскай Арміі генерал-палкоўнікам Керымам Веліевым.
Бакі абмеркавалі бягучы стан двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва і вызначылі шляхі яго інтэнсіфікацыі у сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Генерал-маёр Павел Муравейка адзначыў, што беларуска-азербайджанскае супрацоўніцтва ў значнай ступені заснавана на даверных адносінах кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, што стварае аснову для развіцця ўзаемадзеяння, у тым ліку паміж ваеннымі ведамствамі:
«Мы, ваенныя, проста абавязаны, дзейнічаючы ў адзіным рэчышчы з галоўнакамандуючымі, рухацца ў гэтым жа напрамку і развіваць супрацоўніцтва. Упэўнены, што тыя напрамкі, якія ўжо існуюць, — гэта толькі першая прыступка на шляху да больш шырокага і больш актыўнага ўзаемадзеяння. Ужо сёння мерапрыемствы, уключаныя ў сумесны план, рэалізуюцца як ніколі актыўна. Значную ролю ў гэтым адыгрываюць у тым ліку ваш асабісты ўклад, уклад Міністра абароны Азербайджана, а таксама тыя цёплыя адносіны, якія склаліся паміж намі як кіраўнікамі адпаведных ведамстваў».
Генерал-палкоўнік Керым Веліеў падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём і падкрэсліў, што Беларусь і Азербайджан павінны ўмацоўваць супрацоўніцтва, развіваць абмен вопытам і захоўваць агульную гістарычную памяць, якая ляжыць у аснове брацкіх адносін паміж двума народамі.
Пасля перамоў бакі ўшанавалі памяць савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы вянкі і кветкі да манумента Перамогі ў Мінску.
Старшы лейтэнант Яўген Лапушка, «Ваяр», фота Арцёма Берасценя і Паліны Дзегцяровай.