Развіццё Узброеных Сіл у рамках рэалізацыі ваенна-тэхнічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь
Напярэдадні юбілейнай даты – 10-годдзя Дня ўзбраення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя намесніка Міністра абароны па ўзбраенню – начальніка ўзбраення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёра Ігара Лаценкова, які расказаў прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі аб рэалізацыі ваенна-тэхнічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, ён адзначыў, што менавіта ў гэты дзень у 1980 годзе дырэктывай начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР былі зацверджаны пасады намеснікаў камандуючых (камандзіраў) па ўзбраенні, а ў 2004 годзе менавіта гэтая дата загадам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь абвешчана Днём узбраення Узброеных Сіл.
Найноўшая гісторыя ўзбраення Узброеных Сіл нашай краіны бярэ свой пачатак з 2005 года, калі былі сфармаваны асноўныя органы ваеннага кіравання тэхнічным забеспячэннем.
У цяперашні час ва Узброеных Сілах створана даволі эфектыўная сістэма тэхнічнага забеспячэння, якая дазваляе вырашаць задачы па забеспячэнню арміі ўзбраеннем, ваеннай тэхнікай, ракетамі і боепрыпасамі і падтрыманню высокай баявой гатоўнасці войскаў.
Сістэма тэхнічнага забеспячэння мае складаную, шматузроўневую структуру.
Аснову ўзбраення Узброеных Сіл складаюць рамонтна-аднаўленчыя органы і органы забеспячэння: ад аддзяленняў тэхнічнага абслугоўвання батальёнаў і воінскіх складаў ваенна-тэхнічнай маёмасці і боепрыпасаў да арсеналаў і баз цэнтральнага падпарадкавання.
У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь дзейнічае даўгачасная Канцэпцыя ваенна-тэхнічнай палітыкі на 2005-2015 гады, распрацаваны і прайшоў этап узгаднення з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання праект Канцэпцыі ваенна-тэхнічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года.
Мэтай ваенна-тэхнічнай палітыкі з’яўляецца стварэнне і падтрыманне ўзаемаўвязанай і цэласнай сістэмы ўзбраення, якая забяспечвае рашэнне задач абароны і бяспекі краіны на патрэбным узроўні.
Пры гэтым аб’ектамі ваенна-тэхнічнай палітыкі прыняты тры асноўныя кампаненты: непасрэдна сістэма ўзбраення Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў, абаронны сектар эканомікі і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі.
Галоўнай задачай ваенна-тэхнічнай палітыкі з’яўляецца аснашчэнне Узброеных Сіл узорамі і комплексамі прыярытэтных відаў узбраення і ваеннай тэхнікі, якія адказваюць патрабаванням сённяшняга і заўтрашняга дня, умовам сучаснага бою.
Вызначэнне гэтай прыярытэтнасці ажыццяўляецца ў рамках правядзення даследаванняў па вызначэнні перспектыў развіцця сістэмы ўзбраення.
Аналіз формаў і спосабаў узброенай барацьбы, а таксама апошніх узброеных канфліктаў паказвае, што разам з традыцыйнымі спосабамі вядзення баявых дзеянняў у сучасных войнах значна павысілася роля высокадакладнай зброі, касмічных сістэм разведкі і сувязі, зброі на новых фізічных прынцыпах.
У сувязі з гэтым прыярытэтнымі відамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі вызначаны:
сродкі сувязі, а таксама аўтаматызаваныя сістэмы кіравання войскамі, узбраеннем і ваеннай тэхнікай;
сродкі радыёэлектроннай (радыё, радыётэхнічнай, радыёлакацыйнай, оптыка-электроннай) разведкі;
сродкі радыёэлектроннай барацьбы наземнага і паветранага базіравання;
шматфункцыянальныя баявыя авіяцыйныя комплексы;
мабільныя зенітныя ракетныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і ракетныя комплексы аператыўна-тактычнага прызначэння;
сродкі інфармацыйнага, топагеадэзічнага, навігацыйнага забеспячэння.
Пры гэтым прыярытэтныя віды ўзбраення і ваеннай тэхнікі павінны быць паміж сабой структурна і функцыянальна ўзаемазвязаны ў адзіныя сістэмы.
Сёння можна канстатаваць факт, што ў ВПС і войсках СПА завяршаецца стварэнне аўтаматызаванай сістэмы кіравання, інтэграванай ў агульную сістэму кіравання Узброенымі Сіламі, якая дазваляе забяспечыць аўтаматызаванае кіраванне ад Цэнтральнага каманднага пункта ВПС і войскамі СПА да асобнай радыёлакацыйнай роты, зенітнага ракетнага дывізіёна, лятальнага апарата.
Створаная сістэма дазваляе забяспечыць аналіз паветранай абстаноўкі над усёй тэрыторыяй рэспублікі і раёнаў сумежных дзяржаў, пастаноўку баявых задач у аўтаматызаваным рэжыме агнявым сродкам у рэальным маштабе часу.
Новымі комплексамі сродкаў аўтаматызацыі аснашчаны камандныя пункты розных узроўняў .
Усяго ў Ваенна-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны эксплуатуецца больш за 20 розных тыпаў комплексаў сродкаў аўтаматызацыі.
Аналіз эксплуатацыі новых комплексаў сродкаў аўтаматызацыі, створаных прадпрыемствамі ДВПК, паказаў, што выкарыстанне дадзеных сродкаў дазволіла ўжо сёння павысіць эфектыўнасць кіравання сіламі і сродкамі ВПС і войскаў СПА на 40%. Створаныя комплексы высокамабільны, што істотна павялічыла іх жывучасць у баявой абстаноўцы.
Далейшае і даволі дынамічнае развіццё атрымала сістэма комплекснага супрацьдзеяння высокадакладнай зброі.
Правядзенне айчыннымі прадпрыемствамі мадэрнізацыі станцый 19Ж6 і П-18, радыёвышынямера ПРВ-16 з выкарыстаннем сучаснай элементнай базы, прымяненнем новых тэхналогій і канструктыўна-тэхнічных рашэнняў дазволіла забяспечыць неабходную далёкасць выяўлення малапамерных і малавышынных цэляў.
Акрамя таго, выяўленне цэляў і захоп іх на суправаджэнне ажыццяўляецца аўтаматычна, што значна скараціла час перадачы радыёлакацыйнай інфармацыі на вышэйшыя камандныя пункты, якія забяспечваюцца, для своечасовага прыняцця рашэння на дзеянні па цэлі.
Усё гэта ў комплексе значна павялічыла інфармацыйныя магчымасці групоўкі радыётэхнічных войскаў.
У канцы 2012 года на ўзбраенне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прыняты прынцыпова новы ўзор – малавышынны радыёлакацыйны комплекс «Раса-РБ», распрацаваны рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «КБ Радар».
Дадзены комплекс прызначаны для выяўлення нізкалятаючых малахуткасных цэляў з нізкай эфектыўнай адбівальнай паверхняй і забяспечвае аўтаматычнае выяўленне, распазнаванне, вымярэнне азімута, далёкасці і хуткасці паветраных аб’ектаў пры ўздзеянні актыўных і пасіўных перашкод.
У 2012 годзе на ўзбраенне зенітных ракетных войскаў прыняты найноўшы зенітны ракетны комплекс «Тор-М2».
На сённяшні дзень гэта найбольш перспектыўны зенітны ракетны комплекс малой далёкасці, які з’яўляецца эфектыўным сродкам барацьбы з хуткаснымі, малапамернымі паветранымі цэлямі і высокадакладнымі сродкамі паражэння. Ён валодае высокай мабільнасцю, абароненасцю ад перашкод, здольнасцю адначасова суправаджаць і абстрэльваць чатыры цэлі ў любых умовах надвор’я.
У цяперашні час ва Узброеныя Сілы пастаўлена тры зенітныя ракетныя батарэі «Тор-М2».
Дзякуючы айчынным прадпрыемствам абароннага сектара эканомікі арганізавана перааснашчэнне войскаў на сучасныя сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
Распрацаваны і пастаўлены ва Узброеныя Сілы аўтаматызаваныя станцыі радыёперашкод УКХ і КХ радыёсувязі, а таксама комплексы радыёперашкод, якія падаўляюць работу навігацыйных GPS-прыёмнікаў.
Для прыкрыцця войскаў і аб’ектаў Узброеных Сіл ад паражэння боепрыпасамі з радыёўзрывальнікамі распрацавана новая станцыя падрыву артылерыйскіх боепрыпасаў з радыёўзрывальнікамі СПР-3.
Распрацаваны комплекс перашкод лазерным сістэмам навядзення, які дазваляе эфектыўна прыкрываць стацыянарныя аб’екты ад удараў высокадакладнай зброяй, якая выкарыстоўвае лазерную паўактыўную сістэму навядзення.
Далейшае развіццё атрымалі комплексы сродкаў радыёразведкі.
Выкарыстанне комплекса радыётэхнічнага кантролю забяспечыла здабыванне інфармацыі аб паветранай абстаноўцы на новых тэхнічных прынцыпах.
З прыняццем на ўзбраенне стацыянарнага і мабільнага комплексаў маніторынгу сістэм спадарожнікавай сувязі «Пелена» і «Каларыт» пакладзены пачатак стварэнню сістэмы маніторынгу сістэм спадарожнікавай сувязі. У цяперашні час з іх дапамогай здабываецца найбольшы аб’ём разведвальнай інфармацыі.
Даволі шырока разгорнута работа па стварэнню і аснашчэнню Узброеных Сіл беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі.
У асноўным, мерапрыемствы па стварэнні БАК спланаваны і рэалізуюцца ў рамках Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Шматфункцыянальныя БАК і тэхналогіі іх вытворчасці», асновай якой з’яўляюцца ініцыятыўныя распрацоўкі прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь.
У цяперашні час на прадпрыемствах абароннага сектара эканомікі вырабляецца ўвесь мадэльны шэраг БАК рознага прызначэння (разведвальныя, блізкага дзеяння, малой далёкасці, разведкі і РЭБ, а таксама навучальныя мішэні для сродкаў СПА). Вядуцца работы па стварэнню БЛА сярэдняга і вялікага класа. Дадзеныя робаты, якія лятаюць, здольны несці карысную нагрузку рознага прызначэння і масагабарытных паказчыкаў.
Ажыццяўляецца паэтапная мадэрнізацыя парку лятальных апаратаў Узброеных Сіл. Прынята рашэнне аб правядзенні, пачынаючы з 2014 года, капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй самалётаў МіГ-29 і Су-25 у ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод».
У мінулым годзе Міністэрствам абароны заключаны кантракты на пастаўку з Расійскай Федэрацыі вучэбна-баявых самалётаў Як-130.
Яшчэ адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця сістэмы ўзбраення Узброеных Сіл з’яўляецца стварэнне баявых сістэм Сухапутных войскаў і сіл спецыяльных аперацый, тыпу інфармацыйна-тэхнічнага комплексу «Салдат – баявыя сістэмы». Гэта будзе паўнавартасны баявы комплекс са сродкамі індывідуальнай бронеаховы, сувязі, экіпіроўкі, выратавання і іншага рыштунку.
У рамках праграмы па рабатызацыі ўзбраення ў канструктарскім бюро «Дысплей» распрацаваны аўтаматызаваны дыстанцыйна кіраваны назіральна-агнявы комплекс «АДУНОК», прызначаны для назірання і дыстанцыйнага кіравання сродкамі агнявога паражэння. Падчас вучэння КСАР АДКБ «Узаемадзеянне -2013» «АДУНОК» быў прадстаўлены ў двух варыянтах: на рабатызаванай дыстанцыйна кіраванай платформе і на базе мнагамэтавага аўтамабіля «Волат».
Адным з найважнейшых напрамкаў развіцця сістэмы ўзбраення Узброеных Сіл з’яўляецца стварэнне баявых геаінфармацыйных сістэм.
Дзякуючы магчымасцям абароннага сектара эканомікі Рэспублікі Беларусь шырокае развіццё атрымалі сродкі навігацыі і топагеадэзічнага забеспячэння. За апошнія гады на ўзбраенне Узброеных Сіл прыняты цэлы шэраг аўтаматызаваных працоўных месцаў рознага прызначэння, геадэзічных спадарожнікавых прыёмнікаў, праграмна-апаратных комплексаў, спадарожнікавых навігацыйных прыёмнікаў, электронных тахеометраў і іншага абсталявання, якое дазволіла вывесці рашэнне задач топагеадэзічнага забеспячэння на якасна новы ўзровень.
Акрамя распрацоўкі і стварэння новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, вызначаны напрамкі мадэрнізацыі наяўных узораў, якія адказваюць патрабаванням сучаснага бою і якія маюць дастатковы мадэрнізацыйны патэнцыял. Сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і айчыннымі прадпрыемствамі арганізавана работа па стварэнню адзінага універсальнага сродка рухомасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі.
Найважнейшай задачай, якая вырашаецца ўзбраеннем Узброеных Сіл, з’яўляецца выкананне Дзяржаўнага абароннага заказу, у аснове фарміравання якога ляжыць Дзяржаўная праграма ўзбраення.
У сярэднім штогод прымаецца на ўзбраенне Узброеных Сіл ад 15 да 20 найноўшых узораў УВТ. Так, у 2013 годзе закуплена больш за 30 новых камплектаў і ўзораў узбраення і тэхнікі, на забеспячэнне Узброеных Сіл прынята 24 новыя ўзоры ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку па выніках правядзення ВКР – чатыры ўзору.
Да адной з асноўных задач развіцця сістэмы ўзбраення адносіцца ўдасканаленне сістэмы эксплуатацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, зніжэнне эксплуатацыйных выдаткаў.
У цяперашні час ва Узброеных Сілах знаходіцца на ўзбраенні і эксплуатуецца больш за шэсцьдзесят тысяч найменняў розных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі.
Гэта патрабуе значных намаганняў па падтрымцы гэтага парку УВТ у боегатовым стане.
Воінскія рамонтна-аднаўленчыя органы паэтапна аснашчаюцца новым сучасным дыягнастычным абсталяваннем. Усе групы рэгламенту і рамонту зенітных ракетных і радыётэхнічных злучэнняў і воінскіх часцей, рамонтныя арсеналы і базы ўзбраення аснашчаны мабільнымі вымяральнымі і аўтаматызаванымі тэставымі комплексамі. Падраздзяленні па рамонце сродкаў рухомасці ўзбраення аснашчаюцца кантрольнай апаратурай, страбаскопамі-мультыметрамі, рознымі сучаснымі дыягнастычнымі стэндамі.
Арсеналы і базы цэнтральнага падпарадкавання праводзяць пастаянную работу па пашырэнню наменклатуры УВТ, якія рамантуюцца.
У цяперашні час асвоены рамонт такіх узораў, як рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Ураган» і «Смерч», самаходнай гаўбіцы «Мста-С», самаходнай гарматы «Гіяцынт», радыёлакацыйныя станцыі П-18 , П-19, пункты кіравання ПУ-12, станцыі перашкод СПН-30 , разведвальныя пункты ПРП-4.
Працягваецца асваенне сярэдняга рамонту новых наменклатур узбраення, у тым ліку: зенітнага гарматна-ракетнага комплексу «Тунгуска», зенітнага ракетнага комплексу «Аса-АКМ», машыны начальніка штаба дывізіёна 1В16М, артылерыйскага разведвальнага комплексу АРК-1М. Пры гэтым рамонт ажыццяўляецца комплексна, як спецыяльнай часткі, так і сродкам рухомасці
Для павышэння якасці рамонту ўзбраення і тэхнікі арганізавана работа па аснашчэнні пунктаў тэхнічнага абслугоўвання і рамонту злучэнняў і воінскіх часцей новым вытворчым і дыягнастычным абсталяваннем.
Усё гэта, у спалучэнні з аснашчэннем рамонтных падраздзяленняў сучасным вытворчым і тэхналагічным абсталяваннем, дало магчымасць значна знізіць выдаткі на эксплуатацыю ўзбраення і ваеннай тэхнікі.
У цэлым, сістэма ўзбраення Узброеных Сіл паступальна развіваецца ў адпаведнасці з сучаснымі сусветнымі тэндэнцыямі, выкарыстоўваючы як самыя найноўшыя тэхналогіі, так і рэсурс, і патэнцыял мадэрнізацыі існуючага парку баявых машын.