Ваенным камiсарыятам - 95 гадоў!

8 красавіка 2013 года Ваенныя камісарыяты Рэспублікі Беларусь адзначаць 95-ю гадавіну з дня свайго ўтварэння.

Дэкрэтам Савета Народных Камісараў ад 8 красавіка 1918 года былі заснаваны валасныя, павятовыя, губернскія і акруговыя камісарыяты па ваенных справах. 22 красавіка гэтага ж года ў адпаведнасці з Дэкрэтам УЦВК з'явілася Усерасійскае бюро ваенных камісараў. Усе ваенкаматы былі падпарадкаваны Усерасійскаму Галоўнаму штабу.

Ужо да канца 1918 года была створана стройная сістэма мясцовых органаў ваеннага кіравання, якая ўключала ў сябе 7 акруговых, 39 губернскіх, 395 павятовых і каля 7 тыс. валасных камісарыятаў па ваенных справах.

Гэта дазволіла ў кароткія тэрміны ажыццявіць мабілізацыю ўнутраных сіл і рэзерваў для будаўніцтва рэгулярнай Чырвонай Арміі.

У наступныя дзесяцігоддзі сістэма мясцовых органаў ваеннага кіравання бесперапынна ўдасканальвалася.

З утварэннем Савецкага Саюза пачалося стварэнне ваенных камісарыятаў па адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму прынцыпу ў саюзных рэспубліках, краях, абласцях і нацыянальных акругах.

У адпаведнасці з праведзенай напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны рэарганізацыяй у кожным раёне (горадзе) краіны былі створаны ваенныя камісарыяты. У 1938 годзе былі сфарміраваны Мінскі, Віцебскі, Гомельскі і Магілёўскі абласныя камісарыяты, а таксама райваенкаматы гэтых абласцей. У 1940 годзе ваенныя камісарыяты былі створаны на Брэстчыне і Гродзеншчыне.

Вялікая Айчынная вайна з'явілася суровай практычнай праверкай распрацаванай у мірны час мабілізацыйнай сістэмы мерапрыемстваў.

У пачатковы перыяд вайны ў выключна цяжкай абстаноўцы ваенныя камісарыяты прызывалi па мабілізацыі каля 5,5 млн. чалавек, паставілі больш за 200 тыс. аўтамабіляў, каля 31 тыс. трактароў, арганізавалі і правялі эвакуацыю з заходніх рэгіёнаў краіны больш за 4 млн. мірных грамадзян.

На працягу вайны ваеннымі камісарыятамі было праведзена 5 перарэгістрацый ваеннаабавязаных і прызыўнікоў, якімі было ахоплена каля 40 млн. чалавек.

Сотні тысяч стралкоў, кулямётчыкаў, бранябойшчыкаў, мінамётчыкаў, сувязістаў і іншых спецыялістаў былі падрыхтаваны супрацоўнікамі ваенкаматаў у сістэме Усевобуча.

А, пачынаючы з 1943 года, на ўжо вызваленай ад ворага тэрыторыі, работнікі ваенных камісарыятаў праводзілі прызыў у дзеючую армію грамадзян, вызваленых ад нямецка-фашысцкай акупацыі.

У пасляваенны перыяд на плечы ваенных камісарыятаў лягла велізарная праца па своечасоваму прыёму на воінскі ўлік грамадзян, дэмабілізаваных з армii і флота.

Акрамя таго, ваенкаматы выконвалі задачы па ўдасканаленню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў; расчышчалі тэрыторыі, ад мін, снарадаў і авіябомбаў, якiя не разарвалiся, дапамагалі воінам-пераможцам знайсці сябе ў мірным жыцці.

Са стварэннем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пачаўся новы этап у гісторыі ваенных камісарыятаў.

У цяперашні час у складзе Узброеных Сіл функцыянуюць 135 ваенных камісарыятаў, з іх 6 ваенных камісарыятаў абласцей, ваенны камісарыят г. Мінска і 128 раённых і гарадскіх ваенных камісарыятаў. Кіруе іх дзейнасцю начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь праз галоўнае арганізацыйна-мабілізацыйнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

Ваенныя камісарыяты з'яўляюцца мясцовымі органамі ваеннага кіравання, якія сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі забяспечваюць выкананне заканадаўчых і нарматыўных актаў у галіне абароны і бяспекі дзяржавы. Па зместу і характару выконваемых задач – гэта сувязнае звяно паміж воінскімі часцямі, мясцовай адміністрацыяй і насельніцтвам краіны.

На ваенныя камісарыяты ўскладзены дзве асноўныя функцыі: ваенна-мабілізацыйная і ўлікова-прызыўная праца.

Іх асноўнымі задачамі, перш за ўсё, з'яўляюцца выкананне мерапрыемстваў вайсковай мабiлiзацыi, а ў мірны час – прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве i на ваенныя зборы.

Пры гэтым, сваю працу ваенныя камісарыяты выконваюць не толькі ў інтарэсах Міністэрства абароны, але і ўсіх міністэрстваў і ведамстваў, якія маюць у сваім складзе войскі і воінскія фарміраванні.

Акрамя таго, ваенныя камісарыяты прымаюць непасрэдны ўдзел у арганізацыі і ўсебаковым забеспячэнні тэрытарыяльнай абароны, аказваюць садзейнічанне ўстановам адукацыі ў правядзенні абавязковай і добраахвотнай падрыхтоўкі грамадзян да ваеннай службы, праводзяць работу па адбору кандыдатаў для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы і на ваенную службу па кантракце.

У цяперашні час ва Узброеных Сілах актыўна практыкуецца правядзенне мабілізацыйных трэніровак з прызывам людскіх мабілізацыйных рэсурсаў і пастаўкай транспартных сродкаў у воінскія часці. Усе буйныя вучэнні Узброеных Сіл, пачынаючы з 2001 года, праводзяцца з практычнай адпрацоўкай пытанняў даўкамплектавання воінскіх часцей або асобных падраздзяленняў. Сёння гэтыя задачы выконваюцца ўсімі ваеннымі камісарыятамі ў планавым рэжыме.

Важнейшай задачай, якая выконваецца ваенкаматамі, з'яўляецца планаванне адпаведных мерапрыемстваў на адміністрацыйных тэрыторыях і пастаўка мабілізацыйных рэсурсаў у воінскія часці і падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў.

Ваеннымі камісарыятамі надаецца пільная ўвага пенсійнаму забеспячэнню ваеннаслужачых, звольненых у запас, працы з членамі іх сем'яў і сацыяльнаму абслугоўванню ваенных пенсіянераў, сумеснай працы з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі арганізацыямі, а таксама інфармiраванню грамадзян па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю камісарыятаў. Пры гэтым актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці сеткі Інтэрнэт.

Так, на рэсурсах сайта Міністэрства абароны (www.mod.mil.by) увесь час дзейнічае рубрыка «Віртуальны ваенкамат», у якой размешчаны раздзелы: «Заканадаўчая база», «Умовы прызыву», «Праходжанне службы», «Ваенная кар'ера», «Калі Вашы правы парушаныя», «З законам не жартуй», «Пытанні і адказы», «Адраснае бюро», «Калі Вы не знайшлі адказ на сваё пытанне...», што дазваляе своечасова атрымліваць любую інфармацыю па пытаннях прызыву, праходжання службы і ўстаноўленых заканадаўствам ільготах для ваеннаслужачых.