Адбыўся брыфінг начальніка Аб’яднанага штаба Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы
Адбыўся брыфінг начальніка Аб’яднанага штаба Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы генерал-палкоўніка Андрэя Сердзюкова на тэму «Аб гатоўнасці органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ да правядзення сумесных вучэнняў».
У рэжыме відэаканферэнцсувязі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі прэс-служб абаронных ведамстваў і сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Таджыкістан.
У ходзе брыфінгу начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ праінфармаваў аб мэтах і задачах сумесных вучэнняў, іх асаблівасцях, прыцягваемых сілах і сродках, а таксама заявіў аб гатоўнасці органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў да правядзення вучэнняў.
Генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў адзначыў, што ваенна-палітычная абстаноўка ў свеце захоўвае напружаны характар. Гэта абумоўлена глыбокай трансфармацыяй сістэмы міжнародных адносін, разбурэннем ранейшых дамоўленасцей у галіне кантролю над узбраеннямі і пераходам да жорсткай канфрантацыі паміж ключавымі «цэнтрамі сілы»:
— Працэсы, якія адбываюцца на глабальным і рэгіянальным узроўнях, аказваюць істотны негатыўны ўплыў на стан ваенна-палітычнай абстаноўкі і спрыяюць набліжэнню «зон нестабільнасці» непасрэдна да зоны адказнасці дзяржаў — членаў АДКБ.
З улікам абстаноўкі, якая складваецца, асноўны акцэнт у бягучым годзе зроблены на Усходнееўрапейскім і Цэнтральнаазіяцкім рэгіёнах калектыўнай бяспекі.
Пры гэтым асноўныя намаганні засяроджаны на рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў дзейнасці АДКБ на перыяд старшынства Расійскай Федэрацыі, увязаных з арганізацыяй сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ў адпаведнасці з характарам бягучых і перспектыўных пагроз і выклікаў у зоне адказнасці Арганізацыі з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў у інтарэсах забеспячэння гатоўнасці Калектыўных сіл да выканання задач па прызначэнні.
Генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў адзначыў, што на сённяшні дзень Аб’яднаным штабам сумесна з Сакратарыятам і абароннымі ведамствамі дзяржаў — членаў Арганізацыі праведзена маштабная падрыхтоўчая работа да маючых адбыцца вучэнняў, у тым ліку кансультацыі, штабныя перамовы, асобныя і сумесныя штабныя трэніроўкі, рабочыя сустрэчы па распрацоўцы і ўзгадненні задум вучэнняў, рэкагнасцыроўка раёнаў іх правядзення.
У верасні — кастрычніку на палігонах Расіі, Казахстана і Беларусі пройдзе шэраг вучэнняў. Ключавое мерапрыемства — камандна-штабное вучэнне з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання «Узаемадзеянне-2026» на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ў канцы верасня.
У рамках завяршэння падрыхтоўкі да яго напярэдадні будуць праведзены спецыяльныя вучэнні з сіламі і сродкамі разведкі «Пошук-2026» і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння «Эшалон-2026». У іх фокусе — кіраванне кантынгентамі КСАР з улікам вопыту сучасных канфліктаў і вопыту Узброеных Сіл Расіі, запрошаны прадстаўнікі іншых дзяржаў і арганізацый.
У другой дэкадзе верасня ў Казахстане пройдзе «Мяжа-2026» з Калектыўнымі сіламі хуткага разгортвання Цэнтральнаазіяцкага рэгіёна, увязанае са стратэгічным вучэннем «Рашучы адпор-2026», з акцэнтам на дзеянні ў горна-пустыннай мясцовасці сумесна з пагранічнымі войскамі і Нацыянальнай гвардыяй Казахстана.
У сярэдзіне кастрычніка ў Беларусі пройдзе вучэнне Міратворчых сіл АДКБ «Непарушнае братэрства-2026» з удзелам авіяцыі, інжынерных войск, беспілотнікаў, медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння, атрада «Віцязь» МНС і сілавых структур Беларусі. Паралельна адбудзецца вучэнне па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне і медыцынскім забеспячэнні «Бар’ер-2026» — адпрацоўка ліквідацыі біялагічных пагроз і рэагавання на інфекцыі з правядзеннем першай відэаканферэнцсувязі з Ваенна-медыцынскай акадэміяй імя Кірава. На вучэннях прадэманструюць узбраенне, у тым ліку беспілотныя сістэмы, сродкі РЭБ і ППА, якія прымяняліся ў ходзе СВА, а да «Узаемадзеяння» прыцягнуць Пагранічную акадэмію і Пагранічна-даследчы цэнтр ФСБ для вывучэння ўзаемадзеяння КСАР з пагранічнымі органамі.
Усяго ў ходзе сумесных вучэнняў АДКБ у 2026 годзе будзе прыцягнута: асабовага складу — больш за пяць тысяч чалавек і больш за тысячу адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.
— Сёння мы заяўляем аб гатоўнасці органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі да правядзення сумесных вучэнняў, — дадаў генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў.
Ён падкрэсліў, што мерапрыемствы, якія праводзяцца Арганізацыяй, з’яўляюцца асновай умацавання міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абароны на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту нашых дзяржаў, пры гэтым прыярытэт у дасягненні гэтых мэт дзяржавы-члены аддаюць палітычным сродкам. А таксама адзначыў, што ўсе мерапрыемствы і вучэнні, якія праводзяцца, з’яўляюцца планавымі, не накіраваны супраць трэціх краін і маюць на мэце ўдасканаленне зладжанасці органаў кіравання і войск, а таксама падтрыманне гатоўнасці фарміраванняў сіл і сродкаў да выканання задач па прызначэнні ў інтарэсах забеспячэння калектыўнай бяспекі.
Генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў выказаў упэўненасць, што сумесныя вучэнні будуць праведзены арганізавана і якасна, навучальныя і даследчыя мэты — дасягнуты, а Калектыўныя сілы — прадэманструюць высокую палявую вывучку і зладжанасць дзеянняў.
Вікторыя Вайцешонак, «Ваяр», фота Уладзіміра Блінава