У Мінску адбыўся прэс-паказ нацыянальнага мастацкага фільма «Адно на дваіх».
У сталічным кінатэатры «Масква» прайшлі прэс-канферэнцыя і прэс-паказ нацыянальнага мастацкага фільма «Адно на дваіх», знятага на кінастудыі «Беларусьфільм» пры ўдзеле Міністэрства абароны. Стужка раскажа гледачу пра лёс і подзвіг Герояў Беларусі Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, якія 19 мая 2021 года цаной свайго жыцця адвялі няспраўны самалёт ад падзення на жылую забудову ў Баранавічах.
Прэс-паказ сабраў шырокае кола прадстаўнікоў СМІ.
Адным з яркіх момантаў мерапрыемства стала прэм’ера кліпа саўндтрэка да фільма — песні «Трымайся вышыні», напісанай кампазітарам Леанідам Шырыным.
Падчас прэс-канферэнцыі стваральнікі фільма падрабязна расказалі пра працу над карцінай, прысвечанай подзвігу Герояў Беларусі. Перад медыя выступілі рэжысёр-пастаноўшчык Іван Паўлаў, кансультант праекта намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Эдуард Жмакін, выканаўцы галоўных роляў Аляксей Качан і Ягор Чубакоў, а таксама акцёр Віктар Рыбчынскі. У абмеркаванні прыняў удзел генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый Сямёнаў.
Пасля размовы са СМІ адбыўся паказ фільма «Адно на дваіх», які выклікаў шчырую цікавасць аўдыторыі. Журналісты адзначылі эмацыянальную сілу карціны, яе дакументальную дакладнасць і паважлівае стаўленне да памяці герояў.
Мерапрыемства стала важным этапам у прасоўванні фільма, прэм’ера якога для шырокай публікі запланавана на канец красавіка.
Алег Шышлоўскі, «Ваяр», фота аўтара