Войскам радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – 96 гадоў

Войскам радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – 96 гадоў

13 лістапада ва Узброеных Сілах адзначаецца Дзень войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, гісторыя стварэння якіх непарыўна звязана з гісторыяй Узброеных Сіл.

З моманту ўтварэння ў 1918 годзе, калі існавала пагроза прымянення хімічнай зброі інтэрвентамі супраць войскаў Чырвонай Арміі, войскі РХБ абароны прайшлі няпросты, але слаўны шлях станаўлення і развіцця ў ходзе будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, што дазволіла, з улікам сучаснай ваенна-палітычнай абстаноўкі і ступені магчымых ваенных пагроз, стварыць эфектыўную сістэму РХБ абароны Узброеных Сіл.

На сучасным этапе войскі РХБ абароны займаюцца планавай баявой вучобай, у ходзе якой ажыццяўляюць падрыхтоўку мабілізацыйных рэсурсаў, павышаюць баявое і прафесійнае майстэрства асабовага складу, падтрымліваюць узбраенне і сродкі РХБ абароны ў пастаяннай гатоўнасці да прымянення, а таксама забяспечваюць імі злучэнні і воінскія часці Узброеных Сіл.

У мінулым навучальным годзе паспяхова праведзена работа па аптымізацыі колькасці войскаў РХБ абароны, у выніку якой 8-ы полк РХБ абароны рэарганізаваны ў брыгаду РХБ абароны, а са складу войскаў Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўных камандаванняў выключаны асобныя батальёны РХБ абароны. Такая структура дазволіць павысіць эфектыўнасць кіравання воінскімі часцямі і падраздзяленнямі войскаў РХБ абароны ў ходзе выканання імі задач па прызначэнні, забяспечыць больш якасную падрыхтоўку ваеннаслужачых і дасягнуць патрабаванага ўзроўня зладжанасці падраздзяленняў.

Падрыхтоўка воінскіх часцей і падраздзяленняў войскаў РХБ абароны ажыццяўлялася комплексна і ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі і воінскімі часцямі родаў войскаў і спецыяльных войскаў.

У бягучым годзе прыняты на ўзбраенне комплекс праграмна-апаратных сродкаў: ён прызначаны для вядзення РХБ разведкі з наземных рухомых аб'ектаў, дазваляе перадаваць вынікі разведкі на рухомыя пункты кіравання з адлюстраваннем яе вынікаў на маніторах і лічбавай карце мясцовасці. Завяршаецца работа па стварэнні аўтаматызаванай сістэмы радыяцыйнага кантролю Узброеных Сіл, якая дазваляе выкарыстоўваючы вымяральнікі-сігналізатары СРК-АТ2327, весці радыяцыйны маніторынг на тэрыторыі органаў ваеннага кіравання, злучэнняў і воінскіх часцей. Паспяхова прайшлі лётныя выпрабаванні па праверцы бартавога зменнага модуля радыяцыйнай разведкі БАРК-АТ102 на беспілотным авіяцыйным комплексе «ГРЫФ-100». Праводзяцца даследчыя выпрабаванні прыцэльнага комплексу для рэактыўнага пяхотнага агнямёта РПО-А і электроннага трэнажора для навучання стральбе з агнямётаў, прыняцце іх на ўзбраенне ўжо чакаюць агнямётчыкі, бо гэта дазволіць істотна спрасціць падрыхтоўку і павысіць баявыя магчымасці агнямётных падраздзяленняў.

У рамках двухбаковага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй на чарговым пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі падпісана важнае пагадненне аб узаемадзеянні ў галіне выяўлення і ацэнкі РХБ абстаноўкі, што дасць магчымасць ажыццяўляць узаемны абмен інфармацыяй аб РХБ абстаноўцы ў інтарэсах сумеснага прымянення групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Асноўнай задачай падрыхтоўкі войскаў РХБ абароны ў новым навучальным годзе стане далейшае ўдасканаленне эфектыўнасці іх падрыхтоўкі ў інтарэсах забеспячэння здольнасці да выканання задач па прызначэнні, працяг выканання мерапрыемстваў па развіцці сістэмы РХБ абароны Узброеных Сіл.