Пра вучылішча

Установа адукацыі «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча» (далей – Вучылішча) створана ў 1953 г.

Днем Вучылішча лічыцца 6 лістапада, калі ў 1953 годзе быў уручаны Баявы Чырвоны Сцяг.

На працягу ўсіх гадоў яно з'яўляецца апорай патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў нашай краіне і заўсёды знаходзілася ў ліку перадавых устаноў адукацыі нашай краіны.

У сценах вучылішча заўсёды працавалі лепшыя афіцэры і педагогі, укараняліся навейшыя сістэмы, формы і метады навучання, якія дазваляюць сувораўцам паспяхова авалодваць ведамі і ваеннымі навыкамі, дэманстраваць свае поспехі на самых прэстыжных конкурсах і спаборніцтвах.

За 64 гады вучылішча падрыхтавала больш за 13 000 выпускнікоў. Больш за 60 выпускнікоў вучылішча сталі генераламі, больш за 150 выпускнікоў маюць вучоныя ступені і званні, больш 338 закончылі вучылішча з залатым медалём.

Асноўнымі задачамі Вучылішча з’яўляюцца:

Інтэлектуальнае, культурнае, фізічнае і маральнае развіццё сувораўцаў, якія навучаюцца ў Вучылішчы, іх адаптацыя да далейшага жыцця ў грамадстве;

забеспячэнне якасці адукацыі, а таксама першасных ведаў і навыкаў у ваеннай справе, неабходных для выбару прафесіі, службы ва Узброеных Сілах, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях;

падрыхтоўка сувораўцаў да паступлення ва ўстановы адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў ваеннага і спартыўнага профіляў для Узброеных Сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў, і іншыя ўстановы адукацыі;

патрыятычнае выхаванне, фарміраванне ў сувораўцаў пачуцця вернасці канстытуцыйнаму абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь, дысцыплінаванасці і адказнасці, імкнення да авалодання прафесіяй для праходжання ваеннай службы, службы ў іншых войсках і воінскіх фарміраваннях;

падрыхтоўка спартыўнага рэзерву для нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь па відах спорту і зборных каманд Узброеных Сіл па відах спорту.

Тэрмін навучання ў вучылішчы складае 5 гадоў.             



ГІСТОРЫЯ

Першыя сувораўскія ваенныя вучылішча (СВВ) створаны ў СССР пастановай СНК ад 21 жнiўня 1943 года для дзяцей воінаў РККА і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Арганізаваны яны па тыпу старых кадэцкіх карпусоў. У аснову выхавання, нароўні з набытым вопытам, сувораўскай «Навукай перамагаць», былі пакладзены лепшыя педагагічныя традыцыі гэтых старэйшых, якія існавалі больш за 200 гадоў, ваенна-навучальных устаноў.

У 1951 годзе ўрад БССР, камандаванне Беларускай ваеннай акругі па шматлікіх просьбах ваеннаслужачых, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, рабочых рэспублікі накіравалі хадайніцтва ў Савет Міністраў СССР аб неабходнасці стварэння сувораўскага ваеннага вучылішча на тэрыторыі шматпакутнай Беларусі.

У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Саюза ССР № 18461 ад 21 ліпеня 1952 года сфарміравана вучылішча, пачаліся будаўніцтва і рэканструкцыя будынка.

У 1953 годзе ажыццявіўся адначасовы набор ва ўсе класы Мінскага СВВ.

1 верасня 1953 года празвінеў першы званок, які апавясціў пачатак навучальнага года для дзяцей, апаленых вайной.

У 1956 годзе адбыўся першы выпуск у колькасці 80 чалавек.

Дваццаць педагогаў і афіцэраў-выхавальнікаў прыйшлі працаваць з многіх СВВ СССР. Дзякуючы іх вопыту, самаахвярнасці і высокаму прафесіяналізму, майстэрству кадравых ваенных была закладзена выдатная навучальная база Мінскага СВУ, сфарміраваны моцныя сувораўскія традыцыі.

З павагай і гонарам у вучылішчы ўспамінаюць ветэранаў-франтавікоў, якія стаялі ля вытокаў адукацыі СВВ і якія аддалі многія годы справе навучання і выхавання сувораўцаў. Гэта К.К. Белавусаў, Л.В. Гаўруковіч, Л.С. Загараднеў, Ф.А. Кульбакаў, А.П. і В.М.Бузаевы, В.Г. Кавалёў, І.К. Карнееў, К.І. Хрусталёў, В.К. Волахаў, І.Я. Купрыенка, М.І. Лівенцаў, П.Я. Паграбны, А.П. Жукаў, Д.А. Зубко, А.Г. Саламатаў, Г.Ф. Нячай, М.П. Галаш, П.П. Міхневіч, Н.А. Слупаў.

Выпускнікі Вучылішча заўсёды складалі яго гонар, з'яўляючыся ўзорам выканання воінскага і грамадзянскага абавязку. За перыяд баявых дзеянняў у Афганістане і іншых гарачых кропках больш за 250 былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, 37 загінулі ў баях, у памяць пра іх у 1993 годзе на тэрыторыі Мінскага СВВ усталяваны абеліск. Чацвёра выхаванцаў вучылішча пасля сталі Героямі Расіі.

У адпаведнасці з Загадам Міністра абароны № 118 ад 30.03.1994 года за вайсковую доблесць, мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага і інтэрнацыянальнага абавязку, 6 выпускнікоў навечна залічаны ў спісы асабовага складу Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Гэта:

• старшы лейтэнант ДУДАРАЎ Васіль Міхайлавіч, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі;

• старшы лейтэнант СУДЗЯНКОЎ Васіль Леанідавіч, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі;

• маёр СІНКЕВІЧ Віктар Аляксеевіч, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі;

• маёр АСТРАУХ Уладзімір Палікарпавіч, узнагароджаны ордэнамі «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 3 - й ступені і Чырвонай Зоркі (пасмяротна);

• старшы лейтэнант ДОЎНАР Пётр Віктаравіч, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі;

• лейтэнант ТЫШКЕВІЧ Ігар Уладзіміравіч, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі.


Найбольш вядомыя выпускнікі Вучылішча: Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, кандыдат ваенных навук генерал-лейтэнант Зась С.В.; Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Раўкоў А.А., намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Патапенка С.У., Міністр абароны Рэспублікі Беларусь (1995-1996 гг.), Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь (2009-2013гг. ), доктар палітычных навук, кандыдат сацыялагічных навук, заслужаны спецыялiст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўнік Мальцаў Л.С., старшыня міжнароднай асацыяцыі «Кадэцкае брацтва», Міністр па справах абароны Рэспублікі Беларусь (1991-1992 гг.) генерал-палкоўнік у адстаўцы Чаус П.Г., памочнік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, былы намеснік Міністра абароны па кадрах і падрыхтоўцы войскаў – начальнік галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства абароны генерал-маёр запасу Меранцоў Ю.І., камандуючы войскамі сіл спецыяльных аперацый генерал-маёр Дзенісенка У.І., камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Жук А.В. і многія іншыя. Больш за 150 выпускнікоў прысвяцілі сваё жыццё навуцы. Шасцёра з іх з'яўляюцца акадэмікамі, больш за 150 дактарамі і кандыдатамі навук, прафесарамі і дацэнтамі. Яны годна прадстаўляюць навуковы патэнцыял нашай Ваеннай акадэміі і іншых вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, Расіі, а таксама краін СНД. У вучылішчы ганарацца імёнамі навукоўцаў: дактароў навук – В. Неўмяржыцкага, Ю. Багатырова, В. Казлоўскага, В. Лучнікава, А. Хапалюка, С. Асьмачко, В. Тымчыка, Н. Бузіна, В. Хавінсона, кандыдатаў навук – А. Курулева, Г. Манькоўскага, В. Кухарава, Ю. Тэгіна, В. Лагуціна, С. Макарэні, С. Паскробкі, С. Папова, П. Сычова, В. Гардзея, Н. Кунца, В. Шацько, В. Чубрыка і многіх іншых.



ВУЧЭБНЫ ПРАЦЭС

У цяперашні час уся вучэбна-выхаваўчая праца з сувораўцамі плануецца і арганізуецца з улікам фарміравання трывалых ведаў па асновах навук, з улікам развіцця інтэлекту юнакоў і фарміравання прафесійных інтарэсаў будучых афіцэраў. У вучылішчы арганізавана шырокая сетка факультатываў, накіраваных на пашырэнне і паглыбленне ведаў сувораўцаў па вучэбных дысцыплінах у адпаведнасці з іх патрэбамі, запытамі, здольнасцямі і схільнасцямі. Акрамя таго, на развіццё творчага пачатку і павышэнне агульнага ўзроўню культуры паводзін станоўча ўплываюць факультатыўныя заняткі музычнага, харэаграфічнага і эстэтычнага напрамкаў, якімі ахоплена 100% сувораўцаў.

Трывалыя і глыбокія веды сувораўцы набываюць дзякуючы ўвядзенню павышанага ўзроўню навучання па вядучых вучэбных прадметах – матэматыцы, фізіцы і замежнай мове.

Як вынік наяўнасці высокатэхналагічнай вучэбнай базы і кваліфікаваных педагогаў – дастаткова высокі ўзровень адукацыі сувораўцаў. Штогод сувораўцы прымаюць актыўны ўдзел і займаюць прызавыя месцы ў рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах. Пяць гадоў запар выпускнікі МСВВ станавіліся лаўрэатамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

З 2006 года згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь створаны спецыялізаваныя па спорце класы (дзюдо, стральба кулявая, гандбол, грэка-рымская барацьба).






ВАЕННАЯ ПАДРЫХТОЎКА

Арганізацыя ваеннай падрыхтоўкі накіравана на фарміраванне ў сувораўцаў ведаў, уменняў, навыкаў, неабходных для далейшага паспяховага навучання ў вышэйшых ваенна-навучальных установах.

Асаблівая ўвага надаецца фізічнаму выхаванню і развіццю навучэнцаў. Гэтаму спрыяе абсталяваная ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі спартыўная база.

У распараджэнні сувораўцаў спартыўная і трэнажорная залы, барцоўская зала і зала дзюдо, стралковы цір, класы агнявой падрыхтоўкі, шматфункцыянальны спартыўны комплекс, які ўключае: паласу перашкод, футбольнае поле і гандбольную пляцоўку, пляцоўку для заняткаў страявой падрыхтоўкай.

Важная ўвага адводзіцца страявой выпраўцы і навучанасці сувораўцаў. Яны пастаянныя ўдзельнікі ваенных парадаў войск сталічнага гарнізона.

ІДЭАЛАГІЧНАЯ РАБОТА

Фарміраванне патрыятычнай свядомасці, любові да Радзімы, свайго народа, асабістай адказнасці за забеспячэнне яе бяспекі – асноўныя задачы ідэалагічнай работы ў вучылішчы.

Сувораўцы – пастаянныя ўдзельнікі ўсіх ўрачыстых мерапрыемстваў у сталіцы, яны наведваюць буйнейшыя выставы горада, тэатры, музеі, мемарыяльныя комплексы, гістарычныя месцы, буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Для выхаванцаў арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі, дзеючымі афіцэрамі розных сілавых структур, вядомымі людзьмі ў розных галінах: навуцы, мастацтве, спорце, арганізоўваюцца экскурсіі па найбольш цікавых мясцінах нашай краіны.

У вучылішчы створана і плённа працуе мастацкая самадзейнасць, праводзяцца канцэрты і конкурсы.

Наладжана супрацоўніцтва паміж вучылішчам і Беларускай праваслаўнай царквой, а таксама сістэма работы па духоўна-маральным выхаванні сувораўцаў. У вучылішчы на працягу 11-ці гадоў дзейнічае праваслаўны воінскі храм у гонар Святога Апостала і Евангеліста Іоана Багаслова.


 




МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ

Арганізацыя матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў вучылішча ўключае правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на ўсебакова тылавое забеспячэнне навучальнага працэсу і паўсядзённай жыццядзейнасці.

У вучылішчы абсталявана сталовая на 550 пасадачных месцаў. Сувораўцы забяспечаны чатырохразовым сутачным харчаваннем. Меню ў сувораўскай сталовай самае разнастайнае і адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад'яўляюцца да харчавання маладога растучага арганізма.

Сувораўцы поўнасцю забяспечаны ваенным адзеннем у адпаведнасці з існуючымі нормамі.

Медыцынскі пункт мае неабходнае абсталяванне і медпрэпараты для аказання неабходнай медыцынскай дапамогі.

Да паслуг хворых фізіятэрапеўтычны, стаматалагічны кабінеты, амбулаторыя, аптэка, лазарэт на 25 ложкаў.

Матэрыяльна-тэхнічная база вучылішча мае швейную і абутковую майстэрні, цырульню, лазню, якія бясплатна прадастаўляюць свае паслугі сувораўцам.