«Захад-2017» – вучэнне абарончага характару

«Захад-2017» – вучэнне абарончага характару

29 жніўня ў малой зале дзяржаўнай установы «Палац Рэспублікі» адбыўся брыфінг начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл першага намесніка Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёра Алега Белаконева па тэме: «Сумеснае стратэгічнае вучэнне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2017».

У брыфінгу прынялі ўдзел больш за 50 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і 14 прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь.

Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2017» з’яўляецца галоўным і завяршальным этапам у сістэме сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.

Рашэнне аб правядзенні сумесных буйнамаштабных вучэнняў узброеных сіл дзвюх краін адзін раз у два гады было прынята кіраўнікамі Беларусі і Расіі па выніках сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння «Захад-2009».

Падрыхтоўка вучэння праходзіць на фоне няпростага ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне. У заходніх граніцах Саюзнай дзяржавы ў краінах Балтыі і Польшчы створаны перадавыя камандныя цэнтры НАТА, з 25 да 40 тысяч чалавек павялічана колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА, чатыры шматнацыянальныя батальённыя тактычныя групы блока прыведзены ў поўную аператыўную гатоўнасць. У Польшчы разгорнута танкавая брыгада ЗША.

Агульная колькасць толькі замежных воінскіх кантынгентаў, размешчаных у Польшчы і краінах Балтыі, складае каля 8 тыс. ваеннаслужачых, 72 танка, каля 250 баявых браніраваных машын, 16 самаходных і буксаваных гаўбіц, а таксама 17 верталётаў.

Актыўна, практычна змяняючы адно іншым, праводзяцца вучэнні НАТА, падчас якіх, у тым ліку, адпрацоўваюцца пытанні прымянення войскаў у непасрэднай блізкасці ад Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. Фактычна адбываецца засваенне магчымага «тэатра ваенных дзеянняў».

Колькасць вучэнняў у рэгіёне за апошнія восем гадоў павялічылася ўдвая, а колькасць войскаў, якія прыцягваюцца да вучэнняў, за гэты ж перыяд павялічылася больш чым у тры разы.

З 2009 па 2014 гады штогод у сярэднім праводзілася 41 вучэнне, у 2015 годзе – 76, у 2016 годзе – 83, а на 2017 год заяўлена правядзенне 85 вучэнняў.

Удзельнічала ў вучэннях з 2009 па 2013 гады – у сярэднім каля 38 000 чалавек, у 2014 годзе – 52 200, у 2015 годзе – 89 410, а ў 2016 годзе ўжо 121 700 ваеннаслужачых. У 2017 годзе прагназуецца ўдзел каля 120 000 чал.

У сувязі з гэтым незразумелы ажыятаж адносна вучэння «Захад-2017». Да прыкладу, шматнацыянальнае вучэнне краін НАТА «Anakonda-2016» было найбуйнейшым у Еўропе з часоў завяршэння «халоднай вайны». У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 24 дзяржаў. Усе асноўныя параметры леташняга вучэння на тэрыторыі Польшчы перавышаюць паказчыкі вучэння «Захад-2017» у некалькі разоў: па колькасці ваеннаслужачых – больш чым у 2 разы, па колькасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі – амаль у 4,5 разы, па колькасці самалётаў і верталётаў – у 1,5 разы.

Што ж тычыцца зместу пытанняў, якія адпрацоўваліся, то яны мелі ярка выразны недружалюбны характар і ўключалі разгортванне сістэмы разведкі, перакідку войскаў да граніцы Рэспублікі Беларусі, адпрацоўку задач наступальнай тэматыкі.

Разам з тым такога ажыятажу ў Беларусі ніхто не ўзнімаў і не ўзнімае.

У канцы верасня бягучага года на тэрыторыі Польшчы таксама пройдзе буйное шматнацыянальнае аператыўна-тактычнае вучэнне ўзброеных сіл дзяржаў-членаў НАТА і краін-партнёраў «Драгун-2017» («Dragon-2017») з агульнай колькасцю ўдзельнікаў каля 17 тысяч чалавек ад 12 дзяржаў (ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Грузія, Італія, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Балгарыя, Славакія, Украіна). Будзе задзейнічана 53 танка, 192 баявыя браніраваныя машыны, 90 адзінак артылерыйскіх гармат і рэактыўных сістэм залпавага агню, звыш 30 баявых верталётаў, а колькасць самалёта-вылетаў складзе 44.

Пры гэтым Рэспубліка Беларусь ніякіх абвінавачванняў і папрокаў у агрэсіўнасці дадзеных вучэнняў не выказвае, а ставіцца да іх як да элемента падрыхтоўкі войскаў. Таму неадэкватна рэагаваць на падрыхтоўку нашых войскаў, па меншай меры, не зусім карэктна.

Тым больш што на тэрыторыі Украіны з 29 ліпеня па 2 жніўня паблізу Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь у Валынскай вобласці прайшло сумеснае вучэнне сілавых ведамстваў краіны. У перыяд правядзення нашага вучэння з 8 па 23 верасня адбудзецца шматнацыянальнае вучэнне АУС НАТА «Хуткі трызубец-2017» («Rapid Trident -2017»).

У дадатак да гэтага з 11 па 20 верасня ў паўночнай частцы Ровенскай вобласці арганізацыя «Правы сектар» плануе размясціць узброеныя атрады агульнай колькасцю да 200 чалавек. Заяўленая мэта – «недапушчэнне ўварвання падраздзяленняў узброеных сіл Расіі з боку Беларусі» у перыяд падрыхтоўкі і правядзення вучэння «Захад-2017».

І на гэтыя факты, больш за тое, на неадпаведныя рэчаіснасці домыслы, беларускі бок таксама рэагуе спакойна.

Вучэнне «Захад-2017» – гэта вучэнне абарончага характару, якое пацвярджае курс Рэспублікі Беларусь на ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і прыхільнасць саюзніцкім абавязальніцтвам з Расійскай Федэрацыяй.

Рэгіянальная групоўка войскаў (сіл), якой і трэба будзе адпрацоўваць вучэбна-баявыя задачы ў ходзе вучэння, прызначана для забеспячэння бяспекі ў Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі. Таму навучанне войскаў дадзенай групоўкі ёсць фактар забеспячэння міру і спакою ў цэлым Еўрапейскім рэгіёне.

Нягледзячы на тэндэнцыйны ажыятаж, які створаны вакол дадзенага вучэння, Рэспубліка Беларусь няўхільна выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў рамках міжнародных і рэгіянальных дагавораў па раззбраенні, верыфікацыйнай дзейнасці, умацаванні мер даверу і бяспекі ў рамках ААН і АБСЕ. Кіруючыся імі, наша дзяржава яшчэ ў канцы 2016 года афіцыйна інфармавала дзяржавы-ўдзельніцы Венскага дакумента 2011 года аб маючым адбыцца сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017».

Яркімі прыкладам адкрытасці і празрыстасці дадзенага вучэння з’яўляецца праведзены брыфінг 12 ліпеня 2017 года ў г. Вене на форуме Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Акрамя таго, дэманструючы транспарэнтнасць, імкненне да ўмацавання рэгіянальнай бяспекі і пояса добрасуседства, накіраваны запрашэнні для назірання за маючым адбыцца вучэннем прадстаўнікам міжнародных арганізацый (ААН, АБСЕ, НАТА, СНД, АДКБ, МКЧК), а таксама ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры пасольствах сваіх краін у Рэспубліцы Беларусь.

Дадаткова мы чакаем прыбыццё ваенных назіральнікаў ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі. Усяго запрошаныя больш за 80 чалавек. У дадатак да іх для назірання і асвятлення актыўнай фазы вучэння акрэдытавана каля 150 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Пасля давядзення інфармацыі аб маючым адбыцца вучэнні на форуме АБСЕ па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі (Вена) у прэсе асобныя «ваенныя» аналітыкі і эксперты паспрабавалі інтэрпрэтаваць дадзенае мерапрыемства такім чынам, што мы нібыта збіраемся развязаць ледзь не буйнамаштабную вайну з усімі, хто нас акружае, а Расія для гэтага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь стварае шматтысячную наступальную групоўку. У якасці аргументу для падмацавання такога вываду выступае адкрыта апублікаваны дзяржаўны заказ Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі на 2017 год па аб’ёме воінскіх перавозак на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і назад у колькасці 4162 вагона.

Але 4 тыс. вагонаў – гэта прыкладна паўтары мотастралковыя дывізіі. Адпаведна, любы «ваенны дзеяч», які адважыўся б здзяйсняць агрэсіі і акупацыі такімі сіламі, абавязкова ўвайшоў бы ў кнігу рэкордаў Гінэса, праўда, не як ваенны, а як авантурыст.

ЗАДУМА, ТЭМА ВУЧЭННЯ І ЯГО МЭТЫ, КОЛЬКАСЦЬ ВОЙСКАЎ

Вучэнне «Захад-2017» пройдзе ў перыяд з 14 па 20 верасня пад кіраўніцтвам начальнікаў Генеральных штабоў Узброеных Сіл – першых намеснікаў Міністраў абароны дзвюх дзяржаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і трох палігонах Расійскай Федэрацыі «Лужскі», «Стругі Чырвоныя», «Праўдзінскі».

Ніякіх іншых вучэнняў у гэты перыяд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца не будзе.

Задума вучэння, якое праводзіцца ў гэтым годзе на тэрыторыі Беларусі, 20 сакавіка зацверджана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Пры вызначэнні задумы гэтага вучэння ўлічваліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў.

Зыходзячы з падзей, якія адбываюцца ў краінах Блізкага Усходу і Еўропе, у аснову задумы пакладзены адзін з падобных варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаных з узрастаннем актыўнасці дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку.

Пры гэтым супрацьстаялыя бакі ўмоўна размешчаны ў межах рэальных граніц Рэспублікі Беларусь.

З аднаго боку «Паўночныя», якія ўключаюць Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, з другога боку – «Заходнія» – кааліцыя зацікаўленых дзяржаў (Вейшнорыя, Весбарыя, Лубенія).

Умоўная дзяржава Вейшнорыя размешчана ў паўночна-заходняй частцы рэальнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Галоўнай прычынай абвастрэння становішча з’яўляецца імкненне дэстабілізаваць абстаноўку на тэрыторыі рэспублікі і дамагчыся пагаршэння адносін паміж суб’ектамі Саюзнай дзяржавы.

Па падобным сцэнарыі пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты ў апошні час. У сваю чаргу Рэспубліка Беларусь імкнецца не дапусціць развязвання ўзброенага канфлікту, дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне, а Расійская Федэрацыя, у адпаведнасці з дзеючай нарматыўна-прававой базай, аказвае ёй палітычную падтрымку, фінансавую, ваенна-тэхнічную і ваенную дапамогу.

Зыходзячы з задумы, вызначаная і тэма вучэння – «Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Асноўнымі мэтамі вучэння з’яўляюцца:

удасканаленне аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй;

апрабацыя палажэнняў новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь;

атрыманне практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі па планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі становішча і кіраванні войскамі (сіламі) у ходзе іх правядзення.

Абстаноўка на вучэнні будзе створана такім чынам, каб практычна задзейнічаць максімальную колькасць органаў ваеннага кіравання.

У аснову розыгрышаў практычных эпізодаў пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад РГВ(С), пры ўдзеле ў прыкрыцці ўчасткаў Дзяржаўнай граніцы, ахове і абароне ваенных аб’ектаў, блакіраванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзенні абарончага бою.

Для адпрацоўкі практычных дзеянняў войскаў (сіл) выкарыстоўваюцца: 227 агульнавайсковы палігон «Барысаўскі», 174 вучэбны палігон ВПС і войскаў СПА «Даманаўскі», 210 авіяцыйны палігон «Ружанскі», палігоны «Лепельскі», «Лосвіда», «Асіповіцкі», а таксама два ўчасткі мясцовасці ў Віцебскай вобласці «Дрэтунь» і «Глыбокае».

Пры вызначэнні раёнаў практычных дзеянняў войскаў (сіл), для выключэння напружанасці ў адносінах з суседнімі краінамі, намі свядома была аддадзена перавага палігонам, размешчаным на значным аддаленні ад Дзяржаўнай граніцы.

Правядзенне вучэння спланавана ў два этапы.

На першым этапе Аб’яднаным камандаваннем РГВ(С) мяркуецца ажыццявіць завяршэнне падрыхтоўкі войскаў (сіл) да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка, нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў, падрыхтоўку да адбіцця магчымай агрэсіі, а таксама адпрацоўку пытанняў арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння.

На другім этапе плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі (сіламі) у ходзе вядзення ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ва ўмовах становішча, якое хутка змяняецца, арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ў інтарэсах вырашэння пастаўленых задач.

У інтарэсах падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання беларускай і расійскай часткі РГВ(С) яшчэ да пачатку вучэння прайшоў шэраг сумесных штабных трэніровак.

Акрамя таго, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у інтарэсах сумеснага выканання задач па відах ўсебаковага забеспячэння маючых адбыцца дзеянняў прайшоў комплекс сумесных спецыяльных вучэнняў.

У адпаведнасці з задумай маючага адбыцца вучэння, колькасць войскаў, якія ўдзельнічаюць у ім, колькасць танкаў, баявых браніраваных машын, самаходнай і буксаванай артылерыі, якія прыцягваюцца, колькасць запланаваных самалёта-вылетаў не перавышае ўзровень, які падлягае абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці, які ўстанаўліваецца рознымі дагаворамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннямі.

Агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэнні «Захад-2017», складзе каля 12 700 ваеннаслужачых. Пры гэтым на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь будзе задзейнічана каля 10 200 чалавек (ад Рэспублікі Беларусь – крыху больш за 7 тыс., ад Расійскай Федэрацыі – каля 3 тыс.); 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў; да 150 адзінак артылерыі і РСЗА; больш за 40 самалётаў і верталётаў, аб чым 2 жніўня 2017 года былі праінфармаваны дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ па Венскім дакуменце 2011 года.

Такім чынам, маючае адбыцца сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2017» мае абарончы характар, і яго правядзенне не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці.

Вучэнне дасць магчымасць на практыцы ўдасканальваць механізм сумеснага выкарыстання абароннай інфраструктуры ў інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы і стварыць умовы для больш эфектыўнага забеспячэння нацыянальнай бяспекі, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь.

Пасля яго заканчэння ў тэрмін да 30 верасня асабовы склад, узбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі, а воінскія часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Намеснік Міністра абароны РФ генерал-лейтэнант Аляксандр Фамін правёў брыфінг па падрыхтоўцы да расійска-беларускага вучэння «Захад-2017»