Сумеснае стратэгічнае вучэнне узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі “Захад -2013”

Сумеснае стратэгічнае вучэнне узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі “Захад -2013”

26 верасня прэзідэнты Беларусі і Расіі А.Р. Лукашэнка і У.У. Пуцін прынялі ўдзел у вучэнні “Захад -2013” на яго завяршальным этапе.

Розыгрыш баявых дзеянняў праводзіўся на палігоне 6-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – “Гожскі”.

Практычна адпрацоўваліся пытанні ўзаемадзеяння мотастралковых і мабільных падраздзяленняў узброеных сіл Беларусі і Расіі, тэрытарыяльных войскаў, унутраных войскаў МУС і МНС Рэспублікі Беларусь у ходзе выканання задач па прыкрыццю Дзяржаўнай мяжы, ажыццяўленню пошуку, блакіравання і знішчэння выяўленых дыверсійных разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў.

Сярод найважнейшых тактычных эпізодаў варта вылучыць вядзенне паветранай разведкі беспілотным авіяцыйным комплексам, нанясенне авіяцыйнага ўдару па калоне баевікоў, знішчэнне бандфарміравання з выкарыстаннем агнявой засады, прымяненне аэрамабільных рэзерваў на верагодным накірунку руху бандфарміравання, блакіраванне раёна і іншыя.

Сумеснае стратэгічнае вучэнне узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі “Захад-2013” праводзілася на тэрыторыі дзвюх краін у перыяд з 20 па 26 верасня пад кіраўніцтвам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь і начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі – першага намесніка міністра абароны Расійскай Федэрацыі.

Сумесныя маштабныя вучэнні ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі праводзяцца ў адпаведнасці з рашэннем кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, прынятым па выніках сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння “Захад - 2009”, адзін раз у два гады (у 2011 годзе падобнае вучэнне пад назвай “Шчыт Саюза – 2011” адбылося на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі).

“Захад-2013” – вучэнне абарончага характару, якое пацвярджае курс Рэспублікі Беларусь на ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і прыхільнасць саюзніцкім абавязальніцтвам з Расійскай Федэрацыяй.

Тэма вучэння – “Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”.

Мэты вучэння:

1. Удасканаліць аператыўную сумяшчальнасць штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй, апрабаваць палажэнні новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі,

2. Даць практыку камандуючым, камандзірам і штабам ў планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі сітуацыі, а таксама ў кіраванні войскамі (сіламі) у ходзе іх правядзення.

3. Павысіць зладжанасць органаў ваеннага кіравання, палявую і паветраную вывучку злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, даць беларускаму і расійскаму ваенным ведамствам рэальную магчымасць зверыць выбраныя напрамкі ваеннага будаўніцтва, вызначыць далейшыя шляхі супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця ўзброеных сіл і ўмацавання абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы.

Такім чынам, вучэнне накіравана, перш за ўсё, на праверку функцыянавання сістэмы сумеснай абароны Саюзнай дзяржавы, яе здольнасці вырашаць задачы забеспячэння нацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі. Тэматыка вучэння прадугледжвае адпрацоўку пытанняў падрыхтоўкі і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Прыярытэтнымі напрамкамі пры вызначэнні задумы гэтага вучэння з’яўляліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту узброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў.

Быў выкарыстаны адзін з магчымых варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, а бакі, якія супрацьборствуюць, былі ўмоўна размешчаны ў межах рэальных межаў Рэспублікі Беларусь і трох прылеглых абласцей Расійскай Федэрацыі.

Вучэнне праходзіла ў два этапы.

На першым этапе (20-22 верасня) Аб’яднаным камандаваннем РГВ (С) ажыццяўлялася планаванне яе прымянення, кіраванне войскамі (сіламі) у ходзе завяршэння разгортвання войскаў, ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў, нарошчвання групоўкі ВПС і СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў.

На другім этапе (23-26 верасня) адпрацаваны пытанні кіравання войскамі (сіламі) у ходзе правядзення мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі сітуацыі ў інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Сітуація на вучэнні была створана такім чынам, каб практычна задзейнічаць максімальную колькасць органаў ваеннага кіравання.

Практычныя дзеянні органаў ваеннага кіравання і войскаў ажыццяўляліся на 6 палігонах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (Брэсцкім, Гожскім, Асіповіцкім, Абуз-Лясноўскім, Барысаўскім, Даманаўскім) і ў Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

У рамках вучэння праведзены даследаванні эфектыўнасці спосабаў прымянення аб’яднанняў, злучэнняў і воінскіх часцей са складу РГВ (С). Правераны магчымасці новых і мадэрнізаваных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі як айчыннай, так і беларуска-расійскай вытворчасці, іх адпаведнасць заяўленым тактыка-тэхнічных характарыстыках і перспектыўнаму абліччу узброеных сіл.

Асаблівасцю вучэння з’явіўся ўдзел у ім не толькі ваеннаслужачых узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, але і Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана ў рамках вучэння калектыўных сіл аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы “Узаемадзеянне-2013”, якое праводзілася на адзіным аператыўна-стратэгічным фоне з ССВ “Захад -2013”.

Агульная колькасць асабовага складу, які прымаў удзел у вучэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, склала каля 12900 ваеннаслужачых (ад Рэспублікі Беларусь – крыху больш за 10 тыс., ад Расійскай Федэрацыі – каля 2,5 тыс., ад іншых краін-удзельніц АДКБ – каля 300 чалавек). Былі задзейнічаны каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, больш за 50 самалётаў і верталётаў.

На расійскай тэрыторыі ў вучэнні ад Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь былі задзейнічаны каля 200 ваеннаслужачых 103-й асобнай мабільнай брыгады.

У ходзе вучэння ўжываліся новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі беларускай вытворчасці, у тым ліку аўтаматызаваны дыстанцыйна кіраваны наглядальна-агнявой комплекс “АДУНОК”, а таксама аўтаматызаваная сістэма кіравання тактычнага звяна “Салдат – баявая сістэма”.

Аўтаматызаваны дыстанцыйна кіраваны наглядальна-агнявой комплекс “АДУНОК” .

“АДУНОК” прызначаны для патрулявання мясцовасці і дыстанцыйнага выканання розных задач, у тым ліку разведвальных, засадных дзеянняў, а таксама ў ходзе прачэсвання населеных пунктаў.

Комплекс, скрытна вылучаны на зыходную пазіцыю, дазваляе перадаваць відэамалюнак і карэктаваць цэлеўказанне, а таксама, у патрэбны момант, ажыццяўляць паражэнне аб’ектаў.

Комплекс можа працаваць без прысутнасці чалавека, на пазіцыі ім кіруе аператар з блока кіравання. Пры гэтым агонь можа весціся як у рэальным часе, так і па загадзя ўведзенай праграме.

“АДУНОК” абсталяваны цеплавізарам, далямерам, сістэмай гірастабілізацыі зброі, сістэмай аўтаматычнага захопу і суправаджэння цэляў. Далёкасць выяўлення цэляў да – 2000 м. Хуткасць перамяшчэння – да 30 км/гадзіну. Упраўленне па радыёканале. Можа быць узброены: танкавым кулямётам Калашнікава ПКТ, 7,62 мм, альбо аўтаматычным гранатамётам АГС- 17а, 30 мм. Магчыма адаптацыя пад іншыя тыпы ўзбраення.

Аўтаматызаваная сістэма кіравання тактычнага звяна “Салдат – баявая сістэма”.

Аснашчэнне ваеннаслужачых у дадзенай сістэме ўключае ў сябе, у тым ліку і персанальны электронна-аптычны комплекс, у склад якога ўваходзіць нашлемная сістэма індыкацыі і планшэтная ЭВМ.

Сістэма індыкацыі на базе мікрадысплея замацоўваецца непасрэдна перад вокам ваеннаслужачага на ахоўным шлеме.

Дадзеная экіпіроўка максімальна адпавядае сучасным тэндэнцыям у галіне аснашчэння ваеннаслужачых перспектыўнымі ўзорамі тэхнікі, што ў сваю чаргу, абумоўлена зменай зместу ўзброенай барацьбы, калі на поле бою лепшая сітуацыйная дасведчанасць дасягаецца за кошт выкарыстання сістэм відэаназірання, прымянення электронна-аптычных комплексаў сумесна з ЭВМ.