Урачыстае адкрыццё камандна-штабнога вучэння з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва - 2020» (відэа)

Урачыстае адкрыццё камандна-штабнога вучэння з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва - 2020» (відэа)

На палігоне Ласвіда ў Віцебскай вобласці адбылося ўрачыстае адкрыццё камандна-штабнога вучэння з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва - 2020».

Тэма вучэння - "Падрыхтоўка і вядзенне міратворчай аперацыі Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ».

У цырымоніі прынялі ўдзел начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч, начальнік Аб'яднанага штаба АДКБ генерал-палкоўнік Анатоль Сідараў, намеснік Генеральнага сакратара АДКБ Пётр Ціханоўскі.

У вучэнні пад кіраўніцтвам камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёра Вадзіма Дзенісенка ўдзельнічаюць кантынгенты дзяржаў - членаў АДКБ, аператыўныя групы Аб'яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ, паліцэйскія (міліцэйскія) сілы і выратавальныя падраздзяленні. Агульная колькасць удзельнікаў вучэння складае больш за 900 чалавек і звыш 120 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку верталёты і БПЛА.

Генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч:

- Будуць адпрацаваны пытанні арганізацыі, падрыхтоўкі і правядзення міратворчай аперацыі ў адным з рэгіёнаў калектыўнай бяспекі. Вучэнне стане чарговым мерапрыемствам стратэгічнага стрымлівання ў рамках той няпростай сітуацыі, якая складваецца ў свеце і, у прыватнасці, у постсавецкіх краінах. Гэта тое, што зараз адбываецца ў Азербайджане і Арменіі, дзе гінуць сотні людзей, руйнуюцца аб'екты інфраструктуры. Няпростай застаецца становішча ва Украіне, Кыргызстане ды і ў нас у краіне. Упэўнены, што такія мерапрыемствы дапамагаюць астудзіць гарачыя галовы, якія падліваюць алей у агонь і спрабуюць распаліць на тэрыторыі суверэнных краін бязмежжа, не даюць мірнаму народу спакойна жыць і працаваць.

Рэспубліка Беларусь, з'яўляючыся удзельнікам АДКБ, выступае і заўсёды будзе выступаць за ўмацаванне міжнароднай бяспекі за ўзаемадзеянне паміж краінамі. Упэўнены, што толькі агульнымі намаганнямі саюзнікаў, міжнародных і рэгіянальных арганізацый мы зможам забяспечыць нацыянальную і рэгіянальную бяспеку на тэрыторыі нашых краін. У ходзе вучэння ваеннаслужачыя абмяняюцца вопытам, адпрацуюць пытанні ўзаемадзеяння, павысяць зладжанасць штабоў і палявую вывучку. Самае галоўнае, што толькі разам мы здольныя забяспечыць мір, стабільнасць і парадак на тэрыторыі нашых краін.

Генерал-палкоўнік Анатоль Сідараў:

- Асноўная мэта вучэння заключаецца ў тым, каб удасканальваць веды, навыкі і ўменні ваеннаслужачых, якія ўваходзяць у склад калектыўных міратворчых сіл. Яны прадстаўлены не толькі ваеннымі ведамствамі. Тут таксама прымаюць удзел прадстаўнікі іншых сілавых структур, Нацыянальнай гвардыі, міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях. Важна арганізаваць паміж імі ўзаемадзеянне па адзіных задумах і мэтам з выкарыстаннем усяго патэнцыялу ўдзельнікаў вучэння. Ёсць поўная ўпэўненасць у тым, што і шматнацыянальны калектыў камандавання калектыўнымі міратворчымі сіламі таксама паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі.

Камандна-штабное вучэнне з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва» праводзіцца штогод, пачынаючы з 2012 года, на тэрыторыі адной з краін-удзельніц арганізацыі.

Вучэнне пройдзе ў два этапы. На першым этапе міратворчыя кантынгенты адпрацуюць падрыхтоўку міратворчай аперацыі КМС «Арганізацыі саюзнай дамовы». На другім этапе правядуць аперацыю калектыўнымі міратворчымі сіламі.

Вучэнне завершыцца 16 кастрычніка.

Фота Алега Някала, «Ваяр»