Задачы вучэбнага цэнтра

З набыццём Рэспублікай Беларусь статусу суверэннай, незалежнай дзяржавы ў 1992 годзе на базе 72-га акруговага вучэбнага цэнтра і вучэбных часцей былой ЧБВА пачалося рэфармаванне 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў.

У 2001 годзе ў вучэбным злучэнні была сфарміравана 114-я гвардзейская школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў. Вучэбны цэнтр поруч з малодшымі спецыялістамі стаў рыхтаваць прапаршчыкаў і з 1 чэрвеня 2001 года называецца 72-гі гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў.

У рамках рэфармавання Узброеных Сіл быў здзейснены пераход да цэнтралізаванай сістэмы падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў у новай арганізацыйна-штатнай структуры. Практычна ўсе вучэбныя часці Узброеных Сіл у сціснутыя тэрміны былі перадыслацыраваны ў 72-гі гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр, і ў цяперашні час рыхтуе спецыялістаў для Узброеных Сіл усіх відаў і родаў войскаў.

У сакавіку 2005 года вучэбныя воінскія часці вучэбнага цэнтра прыступілі да падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і спецыялістаў па праграмах, якія прадугледжваюць трохмесячны тэрмін навучання па спецыяльнасці.

З 1 ліпеня 2005 года 72-гі гвардзейскі АВЦ ПП і МС пераведзены на новую арганізацыйна-штатную структуру арганізацыі вучэбнага працэсу з курсантамі па прынцыпе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. У вучэбных воінскіх часцях створаны вучэбныя аддзялення, якія складаюцца з цыклаў. Увядзенне пасад выкладчыцкага складу дазволіла замяніць афіцэраў-камандзіраў узводаў прапаршчыкамі, вызваліўшы іх ад правядзення заняткаў па асноўных прадметах навучання. У камандзіраў падраздзяленняў з’явілася больш часу для індывідуальнай работы з падначаленымі і ўмацавання воінскай дысцыпліны ў калектыве.

72-гі гвардзейскі АВЦ ПП і МС з’яўляецца вучэбным злучэннем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і прызначаны для падрыхтоўкі прапаршчыкаў, малодшых камандзіраў і спецыялістаў, ідэалагічнага актыву падраздзяленняў, а таксама ваеннаабучанага рэзерву для воінскіх часцей Рэспублікі Беларусь.

Сёння 72-гі гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў з’яўляецца адным са складальнікаў падрыхтоўкі ваенных кадраў, на які ўскладзены такія задачы, як:

падтрыманне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці на ўзроўні, які забяспечвае своечасовае і якаснае выкананне мерапрыемстваў пераводу вучэбнага працэсу на паскоранае навучанне спецыялістаў, фарміраванне ўскладзеных на 72-гі гвардзейскі АВЦ ПП і МС воінскіх часцей, падрыхтоўку іх сіл і сродкаў да выканання задач па прызначэнні;

падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл; фарміраванне ў спецыялістаў высокіх прафесійных і маральна-псіхалагічных якасцей;

падтрыманне ўзбраення і ваеннай тэхнікі ва ўскладзеных на 72-гі гвардзейскі АВЦ ПП і МС фарміраваннях, воінскіх часцях забеспячэння і абслугоўвання ў боегатовым стане, своечасовае іх тэхнічнае абслугоўванне пры забеспячэнні вучэбнага працэсу;

удасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу і развіццё вучэбнай матэрыяльнай базы;

арганізацыя абароны дзяржаўных сакрэтаў, яе забеспячэнне і кантроль ва ўласнай дзейнасці, удзел у арганізацыйна-метадычным кіраўніцтве па пытаннях абароны дзяржаўных сакрэтаў і кантролі за яе станам у 72-ім гвардзейскім АВЦ ПП і МС.